27 красавiка 2024, Субота, 0:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: На «нармандскім саміце» могуць падпісаць дакумент што да Данбасу

СМІ: На «нармандскім саміце» могуць падпісаць дакумент што да Данбасу

Ён будзе грунтавацца на Менскіх пагадненнях.

Лідары краін "нармандскай чацвёркі" (Нямеччына, Расея, Украіна, Францыя) на саміце ў Парыжы 9 снежня могуць падпісаць рамачны дакумент пра перспектывы палітычнага ўрэгулявання на Данбасе.

Як інфармуе "Інтэрфакс-Украіна", пра гэта паведаміла інфармаваная крыніца.

"Падрыхтаваны і ўзгоднены праект дакумента, які можа быць прапанаваны кіраўнікам дзяржаў для падпісання пасля саміту. Ён носіць рамачны характар і змяшчае пералік наступных крокаў урэгулявання пад эгідай "нармандскага фармату" ў рэчышчы менскага комплексу захадаў як асновы мірнага працэсу", - сказала крыніца.

Паводле яе слоў, лідары выкажуць прыхільнасць палітычнаму шляху ўрэгулявання канфлікту з дапамогай Менскага комплексу захадаў.

"Пры гэтым за аснову будзе ўзятая так званая "формула Штайнмаера", якую ўзгадніла раней кантактная група. Мяркуецца комплекс крокаў па яе далейшай імплементацыі бакамі з тым, каб запусціць у рэгіёне палітычны працэс шляхам правядзення мясцовых выбараў пад міжнародным кантролем пасля надання асобным раёнам Данбаса асаблівага статусу з перспектывай яго далейшага замацавання на сталай аснове пасля публікацыі справаздачы аб правядзенні выбараў БДІПЧ АБСЕ", - адзначыла крыніца.

У той жа час дакумент, са слоў крыніцы, не змяшчае канкрэтных крокаў у частцы неадкладнай перадачы Кіеву кантролю над участкам мяжы на Данбасе.

Крыніца скептычна паставілася да прагнозаў магчымасці паўнавартаснай двухбаковай сустрэчы лідараў Расеі і Украіны на палях саміту. "Магчыма, што называецца, "на нагах" нешта і адбудзецца. Але я моцна сумняваюся ў магчымасці паўнафарматнага двухбаковага дыялогу (Расеі і Украіны) на палях саміту. Парадак такога кшталту дыялогу пакуль бачыцца невыразным", - паведаміла крыніца.

Аднак, з яе слоў, саміт можа стаць стымулам фарсіравання гуманітарных працэсаў на Данбасе.

"Гаворка пра абмен палоннымі паводле формулы "ўсіх устаноўленых на ўсіх устаноўленых". Саміт тут можа стаць нейкім драйверам. Такім чынам, можа быць зробленая спроба ажыццявіць абмен да канца года, ужо ў снежні ў прывязцы да сустрэчы. Аднак канчаткова гэтае пытанне ўсё яшчэ не развязанае, праходзіць стадыю абмеркаванняў", - заявіла крыніца.

На саміце, як чакаецца, не будзе падымацца пытанне змены фармату Менскіх пагадненняў. "Аб адмове ад менскага фармату альбо яго змене гаворкі не ідзе. На саміце гэтае пытанне закранацца не будзе", - сказала крыніца.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках