CМІ: Парашэнка двойчы таемна наведваў Гомель
- 7.11.2019, 12:21
- 22,089
З якой мэтай?
Будучы прэзідэнтам Украіны, Пётр Парашэнка некалькі разоў наведваў Беларусь. Усе візіты, а іх было тры, насілі афіцыйны характар і шырока асвятляліся ў СМІ, пішуць «Моцныя навіны».
У жніўні 2014 года кіраўнік Украіны ўдзельнічаў у саміце, які праходзіў у Менску і быў прысвечаны сітуацыі на Данбасе. У лютым 2015 года Парашэнка таксама наведаў Менск, дзе адбылася сустрэча «нармандскай чацвёркі» з позвай ва ўрэгуляванні ваеннага канфлікту на Паўднёвым усходзе Украіны. Апошні вядомы візіт Парашэнкі на пасадзе прэзідэнта адбыўся ў кастрычніку летась, калі ён наведаў Гомель, дзе прайшоў I Форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі.
Не выключана, што акрамя афіцыйных ваяжоў у Беларусь былі і іншыя, якія цяпер ужо былы прэзідэнт Украіны старанна хаваў. Паводле звестак «Моцных навінаў», са жніўня 2016 года да сакавіка 2019 у аэрапортах Менска і Гомеля як мінімум чатыры разы прызямляліся самалёты, зафрахтаваныя праз пасярэднікаў ад імя Парашэнкі. З якой мэтай? У гэтым цяпер разбіраецца Дзяржаўнае бюро расследаванняў Украіны.
Да месца заўважыць, што ва Украіне працэдура распачынання крымінальных справаў даволі простая – дастаткова звярнуцца ў праваахоўныя органы з заявай пра магчымае здзяйсненне злачынства той альбо іншай асобай, і гэта з'яўляецца падставай для адкрыцця справы. Пасля няўдалага зыходу для Парашэнкі прэзідэнцкіх выбараў на яго такія заявы пасыпаліся пачкамі. У цяперашні час ягонае імя згадваецца ў больш чым дзясятку крымінальных справаў. Сам жа ён пакуль фігуруе ў якасці сведкі.
Падставай для распачынання адной такой справы стала гісторыя, якую раскапалі журналісты. У студзені летась ва ўкраінскіх СМІ з'явіліся публікацыі пра тое, што Пётр Парашэнка і ягоная сям'я лёталі адпачываць на Мальдывы з чужымі пашпартамі. Паводле звестак журналістаў, Пётр Аляксеевіч пакідаў Украіну не праз афіцыйныя зоны памежнага і мытнага кантролю, а праз «заднія брамы» аэрапорта «Кіеў» (Жуляны).
Ну, а далей – болей. Калі Парашэнка страціў уладу, на яго і пачалі пісаць заявы. У гэтым выпадку гаворка ідзе (далей цытата з матэрыялаў справы) «пра верагодную арганізацыю незаконнай перапраўкі асобаў праз дзяржаўную мяжу Украіны з выкарыстаннем заведама падробных дакументаў былым прэзідэнтам Украіны і службовымі асобамі органаў дзяржаўнай мытнай і памежнай службаў».
У цяперашні час следчыя атрымалі дазвол суда на выманне дакументаў у прыватнай кампаніі, якая займаецца арганізацыяй і абслугоўваннем міжнародных пералётаў VIP-персонаў. У распараджэнні следства ёсць звесткі пра некалькіх дзясяткаў узлётаў з Кіева і пасадак самалётаў чартарных рэйсаў, на борце якіх мог знаходзіцца Пётр Парашэнка. Звесткі тычацца палётаў са снежня 2015 года да сакавіка 2019-га.
Геаграфія вельмі шырокая: ад Масквы і Лондана да Стамбула і Японіі. Пры гэтым прыватныя самалёты, на якіх мог знаходзіцца Парашэнка, чатыры разы прызямляліся ў Беларусі: два разы ў Менску і да ў Гомелі.
Першая пасадка, паводле спісу следства, была зафіксаваная 3 жніўня 2016 года. Борт вылецеў з Кіева, прызямліўся ў аэрапорце Хеўгесун (Нарвегія), потым была пасадка ў Менску і вяртанне ў Кіеў. Можна меркаваць, што пасадка ў сталіцы Беларусі была прамежкавай, напрыклад, для дазапраўкі.
А вось рэйс у Гомель 11 лістапада 2016 года відавочна меў нейкую канкрэтную мэту. Самалёт узляцеў з Кіева, прызямліўся ў аэрапорце Гомеля, а потым вярнуўся дадому. Аналагічны палёт адбыўся 1 студзеня 2017 года з маршрутам Кіеў – Гомель – Кіеў.
Апошнім у спісе следчых значыцца рэйс, датаваны 28 сакавіка 2019 года з маршрутам Кіеў – Менск – Кіеў. Характэрна, што 31 сакавіка ва Украіне адбыўся першы тур выбараў прэзідэнта.
Атрымаўшы доступ да дакументаў, следчыя маюць намер вызначыць мэты палётаў, хто вырабляў іх аплату, асабістыя звесткі экіпажаў і пасажыраў.
Варта заўважыць, што ў беларускіх аэрапортах прызямляліся самалёты Cessna. Яны адносяцца да бізнэс-джэт класу, іх яшчэ называюць самалётамі мільярдэраў. У залежнасці ад мадэляў, яны могуць перавозіць ад 6 да 19 пасажыраў.