27 красавiка 2024, Субота, 0:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўнае пытанне - што далей?

4
Галоўнае пытанне - што далей?

Удзельнікі сустрэчы, якая прайшла ўчора на плошчы Свабоды, дзеляцца ўражаннямі.

- Было выдатна, і не толькі таму, што сабралася дастаткова шмат людзей, - піша актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Ісакаў. - Мы паказалі ўладам, што можам сустракацца тады і калі самі захочам і абмяркоўваць тыя пытанні, якія нас хвалююць. Было шмат маіх аднагодкаў, якія ўпершыню ўбачылі, што такое пратэст напраўду. Думаю, што не пашкадавалі.

Яшчэ ўдзень стала зразумела, што міліцыя будзе зрываць сустрэчу (а гэта, між іншым, законны перадвыбарчы пікет кандыдатаў у дэпутаты ад «Еўрапейскай Беларусі», партыі БНФ і Аб'яднанай грамадзянскай партыі) і прыкладзе для гэтага максімум намаганняў. Былі затрыманыя два аўтамабілі, на якіх везлі намёты і стэнды для пікетаў, а таксама легальную друкаваную прадукцыю.

Кіроўцаў затрымалі і вызвалілі толькі позна ўвечары, машыны і частка гукаўзмацняльнай апаратуры канфіскаваныя. Ужо на плошчы Свабоды «ціхары» спрабавалі ўварвацца ў намёт і арыштаваць галоўнага героя дня - блогера Nexta - хай нават у выглядзе роставай фігуры, але беспаспяхова. Псавалі калонкі, праектары, кралі флэшкі, ганялі няшчасных членаў БРСМ - уявіце, як Лукашэнка абрабіўся толькі ад таго, што людзі наважыліся абмеркаваць фільм пра яго.

Ды марна.

Наважыліся сабрацца і абмеркаваць - сабраліся і абмеркавалі. Ну, а ўлады з гэтага зрабілі палітычную акцыю і паказалі ўсяму свету, як у нас выбары праходзяць.

Нам жа трэба развязваць галоўнае пытанне: што далей? Яго трэба не проста падымаць увесь час і ўсюды, а замацаваць у свядомасці кожнага, бо так далей жыць нельга, мы, нарэшце, не быдла.

Паказаць фільм Сцяпана Святлова максімальнай колькасці абавязкова патрэбна, бо менавіта гэтага так баяцца ўлады краіны. Так што збіраем сваякоў, калегаў, аднакурснікаў, паказваем і думаем над адказам.

А 15 лістапада прадоўжым абмеркаванне на Кастрычніцкай а 18.00.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках