19 лютага 2020, Серада, 13:47
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Тры факты пра «залатую» свяцільню ў рэзідэнцыі Лукашэнкі

19
Тры факты пра «залатую» свяцільню ў рэзідэнцыі Лукашэнкі
ФОТА: TELEGRAM-КАНАЛ ПУЛ ПЕРВОГО

З яе практычна здзімалі пыл.

Цікавы фотаздымак апублікаваў Telegram-канал Пул Первого. Напярэдадні навагодніх свят у Палацы Незалежнасці на свяцільнях праціралі пыл і мянялі лямпачкі, у тым ліку на гэтай гіганцкай, якую давялося спусціць практычна на падлогу.

Каля дзесяці гадоў таму «Салiдарнасцi» атрымалася высветліць гісторыю паходжання гэтага найпрыгажэйшага прадмета інтэр'еру. Падаем тры факты.

Свяцільня пакрытая каратным золатам

Гэты люксавы выраб створаны на заводзе Faustig спецыяльна для рэзідэнцыі Лукашэнкі. Адзін з найбагацейшых людзей Еўропы - граф Томас Фаўстык, уладальнік знакамітай на ўвесь свет кампаніі ў вырабе свяцільняў, тады перадаваў на зацвярджэнне ў Менск узоры, пакрытыя каратным золатам.

Такія спецзамовы, з якімі раней звярталіся да графа Фаўстыку, каштавалі яго кліентам на сотні тысяч еўраў.

Кампанія была заснавана ў 1960 годзе і з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў крыштальных свяцільняў у свеце. Для вытворчасці закупляецца крышталь у кампаніі Swarovski AG. Адной з галоўных вартасцяў свяцільняў Faustig з'яўляецца выдатнае спалучэнне крышталя і гальванічнага пакрыцця з выкарыстаннем 24-каратнага золата і срэбра.

Для самых багатых свету гэтага

Фабрыка Faustig устанавіла рэкорды, зафіксаваныя ў Кнізе рэкордаў Гінэса. У 2000 годзе яна зрабіла самую вялікую свяцільню ў свеце вагой 8,5 тон для галоўнай мячэці Амана (рэкорд быў пабіты ў 2010-м, калі была запаленая 18-тонная свяцільня ў катарскай Досе).

СВЯЦІЛЬНЯ ФАБРЫКІ FAUSTIG У АМАНЕ

У 2007 годзе Faustig пабіла свой рэкорд. Падчас адкрыцця белай мячэці шэйха Зайда ў Абу-Дабі, госці аднымі з першых маглі бачыць 12-тонную свяцільню гэтай кампаніі.

СВЯЦІЛЬНІ ФАБРЫКІ FAUSTIG У МЯЧЭЦІ АБУ-ДАБІ

Не выключаем, што бачыў гэтую свяцільню і Аляксандр Лукашэнка са світай падчас наведвання мячэці ў сталіцы ААЭ ў 2014-м.

Афіцыйна пацверджана фабрыкай

Пацвярджэнне таму, што замова з Менска была, ёсць на сайце кампаніі. Беларусь пазначана ў раздзеле «Афіцыйныя будынкі» («Congress Center, Minsk»). Сярод краін-замоўцаў таксама значацца Швайцарыя, ААЭ, Расея.

Характэрна, што сам Аляксандр Лукашэнка ў той перыяд на адной з прэс-канферэнцый сцвярджаў, што ўсе свяцільні ў Палацы зробленыя рукамі беларускіх майстроў.