27 красавiка 2024, Субота, 6:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка падлічвае страты

31
Лукашэнка падлічвае страты
Карикатура: aru.tv

Сітуацыя ў эканоміцы дрэнна ўплывае на дыктатара.

Афіцыйны Менск спрабуе прадэманстраваць аптымізм датычна перспектываў дамовіцца з РФ пра кошты на газ і кампенсацыю падатковага манеўру ў нафтавай сферы. Мясцовыя эканамісты тым часам падлічваюць будучыя страты. Міжнародныя эксперты прагназуюць рэцэсію, піша «Незалежная газета».

Крыніцай паказнога «аптымізму» стаў амбасадар Беларусі ў Маскве Уладзімір Сямашка. Ні Лукашэнка, ні ягоны ўрад пакуль не рызыкнулі выказацца на тэму вынікаў сочынскіх перамоваў, а Сямашка некалькі разоў заявіў журналістам, што «прагрэс» нібыта там усё ж быў. Нагадаем, што пасля заканчэння сустрэчы кіраўнікі Беларусі і Расеі не змаглі, як гэта планавалася, падпісаць праграму пра паглыбленне інтэграцыі ў рамках «саюзнай дзяржавы». Гэта дало назіральнікам падставы зрабіць выснову, што знайсці кансэнсус у прынцыповых пазіцыях так і не атрымалася.

Да ліку такіх напярэдадні ўрад адносіў кошт газу для Беларусі на 2020 год, кошт нафты і перспектывы атрымання кампенсацыі ад яе росту праз падатковы манеўр, а таксама зняцце бар'ераў для пастаўкі ў Расею беларускіх тавараў. У першую чаргу харчовых.

Зрэшты, «расшыфроўка» не вельмі выразных выказванняў Уладзіміра Сямашкі кажа хутчэй пра тое, як кіраўнікі не дамовіліся. Напрыклад, паводле ягоных словаў, з коштам на газ бакі вызначацца цягам двух найбліжэйшых тыдняў. Першапачаткова «пазіцыі не супадалі», але потым кіраўнікі «вызначылі кірункі». «У перапынку сустрэчы тэт-а-тэт ён (Уладзімір Пуцін. – "НГ") даў даручэнне старшыню ўправы ПАТ Газпрам Аляксею Мілеру, прэм'ер-міністру Дзмітрыю Мядзведзеву і віцэ-прэм'еру Дзмітрыю Козаку, каб літаральна цягам тыдня-двух усе рознагалоссі, пералікі былі ўзгодненыя», – апавёў Уладзімір Сямашка. У той самы час з сказанага дыпламатам вынікала, што роўнымі кошты ўсё роўна будуць толькі пасля падпісання адпаведнай «дарожнай карты». Меркавана з 1 студзеня 2021 года. Што тычыцца 2020 года, то тут Менск прэтэндуе хоць бы на тое, каб кошт пакуль проста знізіўся. «Давайце ўжо рухацца і ў 2020 годзе, хаця б палову гэтага шляху (да адзінага кошту. – "НГ") пройдзем», – сфармуляваў ён перамоўную пазіцыю Лукашэнкі.

Кампенсацыю наступстваў расейскага падатковага манеўру Беларусь зможа атрымаць таксама пасля ўніфікацыі падатковых заканадаўстваў, гэта значыць не раней чым 1 студзеня 2022 года, паведаміў Уладзімір Сямашка. У 2020 і 2021 гадах страты беларускага боку будуць кампенсаваныя толькі «ў некаторай ступені» за кошт нейкіх маніпуляцый у коштаўтварэнні на нафту і выплатаў прэміяльных расейскім кампаніям. «Гэта дае ўжо пэўныя гарантыі, што наступны год нашы нафтаперапрацоўчыя заводы павінны прайсці бязбольна», – мяркуе амбасадар.

Такім чынам, калі рэзюмаваць сказанае Уладзімірам Сямашкам, то відавочна, што ў будучым годзе Лукашэнка ў найлепшым выпадку атрымае сціплыя прэферэнцыі ў коштах на нафту і газ. Не больш. Нават 70 млн дал. стратаў за пастаўкі вясной бруднай нафты расейскі бок выплачваць не гатовы. У той час як усе астатнія пацярпелыя яе атрымалі, Беларусь будзе юрыдычна пісьменна і эканамічна аргументавана афармляць свае прэтэнзіі, патлумачыў Сямашка.

Многія эксперты сітуацыю, якая склалася, называюць патавай. Адмова ад угоды «кампенсацыя за падатковы манеўр у абмен на паглыбленую інтэграцыю» «можа абярнуцца сістэмным шокам для нацыянальнай эканомікі і пагоршыць перспектывы яе доўгатэрміновага росту». На думку экспертаў, улады вымушаныя будуць адмовіцца ад практыкі падачы падатковых ільготаў, скараціць выдаткі бюджэту і знізіць аб'ёмы нафтаперапрацоўкі, што прывядзе да зніжэння экспарту нафтапрадуктаў. Згода на ўгоду таксама будзе мець фатальныя наступствы. Яна «пагражае абярнуцца абмежаваннем / стратай элементаў суверэнітэту краіны», мяркуюць эксперты.

Міжнародныя эксперты таксама пагаршаюць свае прагнозы для беларускай эканомікі. Так, згодна з прагнозам, апублікаваным Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, беларуская эканоміка ў 2019 годзе вырасце на 1,3%, а не на 2%, як яны меркавалі раней. У 2020 годзе рост складзе 1,2% (было 1,8%).

Сусветны банк яшчэ менш аптымістычны ў сваіх ацэнках. Прагноз эканамічнага росту ў 2019 годзе – 1%, у 2020-м – 0,9%. Хоць яшчэ ўлетку эксперты банка чакалі 1,8 і 1,3% адпаведна. Яны тлумачылі, што раней зыходзілі з таго што Беларусь атрымае 50% кампенсацыі сваіх стратаў ад расейскага падатковага манеўру. Цяпер, відавочна, яе не будзе ўвогуле.

Страты нафтавых прыбыткаў Беларусі праз падатковы манеўр у Расеі могуць скласці 9,2 млрд дал. у 2019–2024 гадах. З гэтай сумы 6,6 млрд дал. складуць страты бюджэту, астатняе – нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Экспарт нафтапрадуктаў, паводле ацэнак экспертаў ІПМ, скароціцца з 11,9 млн т у 2018 годзе да 8,3 млн т у 2024-м.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках