14 жнiўня 2020, Пятніца, 14:33
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Спецслужбы Літвы: Беларусь адыгрывае важную ролю ў вайсковым планаванні РФ

4
Спецслужбы Літвы: Беларусь адыгрывае важную ролю ў вайсковым планаванні РФ
ФОТА: САША ГУСАЎ

Новыя падрабязнасці са штогадовай справаздачы літоўскіх выведвальных устаноў.

У справаздачы літоўскіх спецслужбаў пра пагрозы нацыянальнай бяспекі на Беларусь глядзяць скрозь прызму Расеі, у вайсковай стратэгіі якой суседцы Літвы адводзіцца роля «буфернай дзяржавы», паведамляе карэспандэнт Charter97.org з Вільні.

Штогадовую справаздачу апублікавалі дзве літоўскія выведвальныя ўстановы - Дэпартамент дзяржбяспекі (ДДБ) і вайсковая выведка – Другі дэпартамент аператыўных службаў пры міністэрстве абароны Літвы. З яго зместам на літоўскай і ангельскай мовах можна азнаёміцца тут.

Плацдарм

Расея праводзіць агрэсіўную замежную палітыку і сярод суседзяў Літвы найбольшую ўвагу з прычыны магчымасці уплываць прыпадае на Беларусь. У справаздачы гаворыцца, што «ў сувязі з яе (Беларусі – рэд.) фінансавай залежнасцю, неразвязанымі двухбаковымі (Беларусі і Расеі – рэд.) праблемамі і не праведзенымі рэформамі ў сектары дзяржаўнай эканомікі Менску пакуль не па сілах праводзіць абсалютна самастойную палітыку».

Расея «павялічвае свой уплыў у суседніх краінах, карыстаючыся іх залежнасцю і замарожанымі канфліктамі». У раздзеле пад такой назвай сказана, што пасля абрання Уладзіміра Пуціна Расея стала больш актыўна кантраляваць Беларусь, «каб Менск не праводзіў не адпаведную інтарэсам Масквы палітыку».

Акрамя таго, паказана, што пастанова Пуціна аб пашырэнні паўнамоцтваў новага амбасадара РФ кажа пра «павялічаны попыт на дырэктыўны кантроль над працэсамі ў Беларусі».

У Калінінградскай вобласці дыслакаваныя сістэмы ўзбраенняў далёкага дзеяння «якія «ўскладнілі б правядзенне аперацый NATO ў рэгіёне Балтыйскага мора», а ў вайсковай стратэгіі Расеі, мяркуюць у літоўскіх спецслужбах, Беларусі адводзіцца роля «буфернай дзяржавы».

«З пункту гледжання нацыянальнай бяспекі Беларусь адыгрывае важную ролю ў вайсковым планаванні Расеі. У выпадку канфлікту з Захадам/NATO Расея мяркуе скарыстацца тэрыторыяй Беларусі як плацдармам для вядзення баявых дзеянняў у заходнім кірунку», - гаворыцца ў ацэнцы пагроз нацыянальнай бяспекі Літвы.

«Гарантаванне ўласнай вайсковай бяспекі Беларусь звязвае з Расеяй, бо асноўнай замежнай пагрозай працягвае разглядаць NАТО», - чытаем далей, але, тым не менш, рыторыка з нагоды пашырэння сіл NАТО і дзеянняў ля межаў Беларусі стрыманая».

«Вайсковая інтэграцыя, якая паглыбляецца, зніжае магчымасці Беларусі ажыццяўляць незалежную абаронную палітыку і палітыку бяспекі», - адзначаюць у справаздачы.

Іншымі словамі, Беларусь, на думку літоўскіх спецслужбаў, не ў стане праводзіць самастойную палітыку ні ў адной са сфер.

Выведка

Расея карыстаецца магчымасцямі іншых, добразычлівых да яе краін пры зборы інфармацыі ў тым ліку і для таго, каб схаваць свае інтарэсы і выведвальную дзейнасць. «Найважнейшым хаўруснікам Расеі застаецца Беларусь» - канстатуюць у справаздачы.

«Беларускія выведвальныя службы выконваюць загады расейскіх выведвальных службаў і надаюць дапамогу пры іх аперацыях у Беларусі. На тэрыторыі Беларусі расейскія выведвальныя службы бесперашкодна вярбуюць грамадзян краін Захаду», - паказваюць аўтары. Акрамя таго, яны адзначаюць, што Расея выкарыстоўвае службы беларускай выведкі, вядзе пошук ідэалагічна блізкіх асоб і актыўна вярбуе грамадзян Літвы ды іншых дзяржаў, якія наведваюць Расею і Беларусь.

Таму часта грамадзяне Літвы, якія наведваюць Беларусь, могуць стаць мэтай не столькі беларускіх, колькі расейскіх выведвальных службаў. «Стасункі расейскіх і беларускіх выведвальных службаў застаюцца няроўнымі, бо расейскія службы дыктуюць умовы», - пазначана ў справаздачы.

«Расейская і беларуская выведкі асабліва вялікую ўвагу надаюць літоўскім палітыкам і дзяржаўным службоўцам, якія маюць сувязі з Расеяй і Беларуссю», - упэўненыя ў Літве.

Эканамічная і энэргетычная бяспека

АЭС, якая будуецца ў Астраўцы, у справаздачы літоўскіх спецслужбаў ацэньваюць як праект, які «не адпавядае стандартам ядзернай бяспекі, камерцыйна неабгрунтаваны, які падтрымліваецца расейскімі грашыма і тэхналогіямі, мэта якога - узмацніць пазіцыі Расеі ў рэгіёне». Аднак у Літве адзначаюць, што працэс будаўніцтва праходзіць няскладна.

«Беларусь выкарыстоўвае кожны станоўчы водгук экспэртаў TATENA, але змякчае або хавае ўсялякую крытыку міжнародных экспэртаў», - канстатуюць спецслужбы Літвы і дадаюць, што праект АЭС у Беларусі вельмі важны для Расеі, бо яго рэалізацыя ўмацуе ўплыў Расеі ў Беларусі, рэгіёне і дазволіць імкнуцца вярнуцца на пазіцыі лідара на рэгіянальным рынку энэргарэсурсаў.

У Беларусі, працягваюць тут, таксама ёсць амбіцыі стаць важным пастаўшчыком электраэнэргіі, «аднак праект камерцыйна, які ажыццяўляецца з Расеяй, не абгрунтаваны», аднак «цалкам магчыма, што Беларусь будзе старацца абысці прыняты ў Літве закон, які блакуе паступленне на літоўскі рынак электраэнэргіі, вырабленай на небяспечных атамных станцыях».

У выснове справаздачы яе аўтары адзначаюць, што нягледзячы на санкцыі і магчымыя праблемы Крэмль не схільны мяняць сваю палітыку, а цяперашні рэжым «настроены на доўгатэрміновую канфрантацыю з Захадам і будзе выкарыстоўваць кожную нагоду для распальвання канфліктаў у іншых краінах і міжнароднага крызісу, калі толькі ўбачыць магчымасць для ўзмацнення свайго ўплыву».

Расея, рэзюмуюць аўтары справаздачы, будзе ўзмацняць кантроль над Беларуссю, «каб захады, якія прымаюцца ў Беларусі, пастановы і падзеі, якія адбываюцца ў краіне, адпавядалі інтарэсам Крамля».

«Цалкам магчыма, што інтэнсіўнасць працы выведвальных службаў Расеі і Беларусі, - гаворыцца далей, - застанецца высокай».