27 красавiка 2024, Субота, 7:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Што за таямніца?»: жыхары Менскага раёна бунтуюць супраць чыноўнікаў

4
«Што за таямніца?»: жыхары Менскага раёна бунтуюць супраць чыноўнікаў

Беларусы змагаюцца з уладамі за чалавечыя ўмовы жыцця.

Увосень тэлеканал «Белсат» распавядаў аб праблемах жыхароў вёскі, дамы якіх стаяць побач з каналізацыйнымі адстойнікамі Менска.

Сёлета тут выдзелілі зямлю яшчэ і для адкідаў Менскага вытворчага гарбарнага аб'яднання. З гэтай нагоды здымачная група праграмы «Маю права» наведала грамадскія слуханні.

Слуханні пачаліся з выступу-заявы старшыні Менскага раённага савета дэпутатаў Юліі Бялянкінай.

«Калі без маёй згоды гэта будзе агучанае ў сродках масавай інфармацыі, вы будзеце прыцягнутыя да крымінальнай...адміністрацыйнай адказнасці», - папярэдзіла прысутных Бялянкіна.

Людзі ў зале вельмі негатыўна адрэагавалі на гэтыя заявы:

«Што за ваенная таямніца. У нас ракетныя войскі ці дзярмо, прабачце?»

«Гэта прадстаўніца нашага народа так кажа, га! Гэта нейкі жах!»

Даклад інжынерна-кансалтынгавай кампаніі «ЭНЭКА» пра ўплыў новага палігона на тутэйшую экалогію выклікаў у мясцовых шмат пытанняў.

«Магчыма, не ўсе ведаюць, але гэты дакумент, АУНА, ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, у яго ёсць вельмі важная ўмова правядзення: альтэрнатыўнасць варыянтаў дзейнасці, - казала ў сваім выступе жыхарка Міханавічаў Галіна Шаціла. - Я чытала справаздачу і хачу спытаць: чаму не было пазначана ніводнай альтэрнатывы, акрамя названай?»

На гэта Алена Сакалоўская, галоўная спецыялістка аддзела экалогіі «ЭНЭКА», адказала, што «нулявы варыянт - гэта таксама альтэрнатыва». Адказ выклікаў смех прысутных на слуханнях людзей.

Галіна Шаціла таксама спытала ў прысутных чыноўнікаў аб арганізацыі дарожнага руху. Леанід Скобелеў, галоўны інжынер праекта РУП «Белгіправодгас» адказаў, што гэтае пытанне яшчэ не распрацоўвалася:

«Ён усё адно будзе ажыццяўляцца па дарогах агульнага карыстання».

Жыхары зразумелі, што адказныя за праект людзі вельмі фармальна паставіліся да слуханняў.

«Пункт 4.9, які ўказвае на сацыяльна-эканамічнай складнік. І ў вас напісана, што ён палепшыцца, - узяў слова Ягор Харытонаў з Лісоўшчыны. - Як яма з гноем побач з маім домам палепшыць сацыяльна-эканамічнае становішча? - Гэта значыць, вы залезлі ў маю кішэню, абясцэнілі маю зямлю, мой дом, а ў вас усё палепшыцца».

«Праз тры гады пройдзе новае абмеркаванне новага катлавана для лайна, - пачынае выступ жыхар вёскі Сініла Альберт Канышкін. - Тут будуць толькі два шэрагі занятыя. Астатнія або здохнуць, ці паедуць адсюль».

Удзельнікаў грамадскага абмеркавання абурыла якасць праведзенага экалагічнага даследавання.

У юрыста ГА «Экадом» Рыгора Фёдарава мы ўдакладнілі, што ж можна цяпер зрабіць людзям, нязгодным з такім экадакладам?

«Жыхары заявілі грамадска-экалагічную экспэртызу, дакументы заказчык абяцаў перадаць. Адпаведна, жыхарам трэба знайсці кампетэнтных экспэртаў, якія змогуць навукова паспрачацца з гэтай справаздачай аб АУНА, якая крыху не аб'ектыўная, я б так сказаў».

Прадстаўнікі гарбарнага завода запэўнілі, што іх адстойнік невялікі і не занадта пагоршыць мясцовай экалогіі. Але жыхары гэтаму не вераць. Яны перадалі нам відэа, як нават на ўжо закансерваваных сажалках нешта адбываецца.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках