25 красавiка 2024, Чацвер, 18:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Жонка пайшла ад яго, а ён паехаў разбірацца»

11
«Жонка пайшла ад яго, а ён паехаў разбірацца»
ФОТА: TUT.BY

Што вядома пра трайное забойства пад Лунінцом, якое здарылася 8 сакавіка.

8 сакавіка ў Лунінецкім раёне скончылася трагічна. У адной з вёсак здарылася бяда: 66-гадовы мужчына ў цешчынай хаце забіў траіх чалавек, а пасля стрэліў сабе ў галаву, але застаўся жывы, піша nn.by.

Вядома, што здарылася ўсё ў вёсцы Азярніца Лунінецкага раёна.

Афіцыйную версію здарэння пакуль не агучваюць. Але мясцовыя жыхары кажуць, што мужчына не быў у гасцях у цешчы, а прыехаў разабрацца з жонкай.

Забойцу клічуць Васіль Ж. Яму 66 гадоў. Жыў мужчына ў Лунінцы, раней працаваў майстрам на заводзе «Палессеэлектрамаш». Там жа працавала і Галіна Б., жанчына родам з вёскі Азярніца.

У Васіля з Галінай закруціўся раман. Пажаніліся. Для Васіля гэта быў другі шлюб.

У пары нарадзіліся двое сыноў.

Пазней, за некалькі гадоў да пенсіі, Васіль звольніўся з завода, пачаў працаваць забойшчыкам жывёлы. У 60 гадоў выйшаў на пенсію. Жонка таксама змяніла працу, была рабочай на хлебакамбінаце.

Васіль з Галінай жылі нармальна, кажуць іх знаёмыя, праблем з алкаголем у мужчыны не было. Нярэдка прыязджалі да цешчы ў Азярніцу, вырошчвалі нешта на агародзе.

Але, паводле пагалосак, апошнім часам жонка пачала здраджваць Васілю.

«Кажуць, яна здраджвала, ён ведаў. Людзі распавядаюць, што перад трагедыяй яны пасварыліся, і Галіна сышла з адной торбай, сказала мужу, што ўсё яму пакідае і сыходзіць ад яго, - кажуць у вёсцы. - Жанчына прыехала ў Азярніцу да маці. У матчыным доме жыў і брат Галіны, 50-гадовы Міхаіл. Ён нідзе не працаваў, часам выпіваў».

Што дакладна здарылася ў вясковай хаце - невядома.

Але мясцовыя кажуць, што 8 сакавіка Васіль узяў стрэльбу i паехаў у Азерніцу. Прычым аўто ў яго не было, г.зн. ехаў ці то на аўтобусе, ці то на спадарожках.

Прычым, у той жа дзень у вёску прыехаў сын Васіля і Галіны разам са сваёй жонкай і цешчай. Але Васіль у той час ці то яшчэ не даехаў да Азярніцы, ці то чакаў, пакуль сын і сваякі з'едуць.

Увечары ў доме засталіся толькі Галіна, яе 50-гадовы брат і іх 78-гадовая маці, цешча Васіля. Ён увайшоў у дом.

Кажуць, мужчына адразу застрэліў сваю жонку Галіну. Цешча паспела схапіць тэлефон і выклікаць міліцыю, але ад хвалявання пераблытала адрас, назвала не той нумар дома.

Цешчу Васіль застрэліў каля тэлефона.

Міхаіл, брат жонкі, спрабаваў бегчы, але на ганку зваліўся - Васіль стрэліў мужчыну ў спіну. Потым падышоў і стрэліў яшчэ адзін раз, у галаву.

Пасля стрэліў у галаву сабе.

Знаёмы Васіля, які калісьці працаваў з ім на заводзе, кажа, што гэта гісторыя - поўная нечаканасць. «Ніхто ніколі б не падумаў, што Васіль такое зробіць», - кажа суразмоўца.

Зараз Васіль ў шпіталі пад канвоем. Ён застаўся жывы. На яго распачалі крымінальную справу, высвятляюцца абставіны здарэння.

Адкуль у Васіля была незарэгістраваная зброя таксама пакуль невядома. Але ў Азярніцы кажуць, што, нібыта брат Васіля працуе падлоўчым, мужчына мог узяць вінтоўку ў яго.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках