2 траўня 2024, Чацвер, 4:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бунт палешукоў: Нашую зямлю забралі ў «рэспубліку александрыя»

12
Бунт палешукоў: Нашую зямлю забралі ў «рэспубліку александрыя»

Як у Жыткавіцкім раёне змагаюцца за возера Чырвонае.

У Жыткавіцкім раёне на Гомельшчыне некалькі месяцаў праходзяць пратэсты супраць намераў улады перадаць трэцяе велічынёй возера Беларусі - Чырвонае, нацыянальнаму парку «Прыпяцкі», піша «Гомельская вясна».

Возера Чырвонае - самы буйны натуральны вадаём Гомельскай вобласці і трэці па велічыні ў Беларусі пасля Нарачы і Асвейскага.

Сёння ў нацыянальнага парку «Прыпяцкі» ўжо ёсць у арэндзе траціна возера і прылеглы з паўночнага захаду лясны масіў. Яшчэ дзве траціны - у Жыткавіцкага лясгаса і акцыянернага таварыства «Жыткавічыхімсэрвіс». Але на пачатку года «Прыпяцкі» надумаў падмяць пад сябе ўсё возера і прылеглую тэрыторыю ў радыусе трох кіламетраў.

Жыхары Жыткавічаў, а таксама вёсак Дуброва, Пухавічы, Чырвонае, якія знаходзяцца побач з возерам, упэўненыя, што, калі над возерам пачне панаваць «Прыпяцкі», яны страцяць сваю радзіму.

І прыклады таго, як нацыянальны парк пазбаўляў людзей магчымасці патрапіць у лясы, дзе яны спрадвеку збіралі грыбы і ягады, палявалі і адпачывалі - зусім побач.

Каля вёскі Палянка ёсць лес, які аддалі нацыянальнаму парку і папросту агарадзілі парканам, забаранілі наведваць.

Ужо некалькі разоў на ўзбярэжжы возера адбываліся стыхійныя пратэстныя сходы жыхароў навакольных вёсак, на якія прыязджалі і людзі з Жыткавіч і прылеглага да возера Любанскага раёна Менскай вобласці.

У вёсцы Дуброва праводзіўся агульны сход жыхароў, куды запрашалі і кіраўніцтва Нацыянальнага парку. Але генеральны дырэктар - Сцяпан Бамбіза ад кантактаў з людзьмі ўсяляк ухіляецца.

Людзі перакананыя, што Нацыянальны парк не будзе займацца аховай прыроды на возеры. Яны бачаць, што робіцца ў лясах былога Прыпяцкага запаведніка, на базе якога ў 1996-м стварылі нацыянальны парк.

Эколагі неаднаразова звярталі ўвагу на знішчэнне ўнікальнага масіву пойменных дуброў на правым беразе Прыпяці. На службовых асоб нацыянальнага парку заводзілі некалькі крымінальных спраў за незаконныя высечкі і паляванне. Жыхары наваколля Чырвонае мяркуюць, што нацыянальны парк імкнецца прыкрыць сваю безгаспадарлівасць пашырэннем тэрыторыі, з якой яшчэ можна нешта высмактаць.

Жыхары Жыткавіцкага раёна не разумеюць, навошта распальваць канфлікт там, дзе яго няма. Сёння нацыянальны парк «Прыпяцкі» валодае лясамі, ракой Прыпяць, вялікай колькасцю лугоў, балот, азёр і малых рэк на тэрыторыі чатырох раёнаў Гомельшчыны - Петрыкаўскага, Жыткавіцкага, Лельчыцкага і Калінкавіцкага, агульнай плошчай амаль на 190 тысяч гектараў. І асабліва эфектыўнасці гаспадарання там не адзначаецца.

Не відаць добрага гаспадара і на той частцы Чырвонага, якая цяпер у арэндзе «Прыпяцкага». Ці ж перадача ўсяго возера сямейнаму клану братоў Бамбіза палепшыць эканамічныя паказчыкі нацыянальнага парка?

Людзі не могуць зразумець, чаму гэта робіцца за кошт пагарды інтарэсамі не толькі жыхароў, але і прадпрыемстваў Жыткавіцкага раёна, якія знаходзіцца ў ліку дэпрэсіўных. Жыхары напісалі калектыўны зварот у адміністрацыю Лукашэнкі, якая павінна прыняць канчатковую пастанову аб перадачы возера. Але адказ атрымалі ад Управы справамі, якому падпарадкаваны нацыянальныя паркі. У адказе абяцаюць ўлічыць інтарэсы мясцовага насельніцтва. Вось толькі абяцанням такім гэтае насельніцтва ўжо не верыць:

«У рэспублікі Беларусь адымаецца зямля і перадаецца ў «рэспубліцы александрыю». Увесь наш раён падзелены на тры часткі: адну забрала кіраўніка справамі Лукашэнкі, другую - Тураўшчына і прэм'ер-міністр, а ад трацін застаўся кавалак раёну. Грошы ідуць невядома куды».

«Просьба да Нацпарку: вярніце тэрыторыі раёну! І дайце магчымасць раёну распараджацца землямі так, як раён лічыць патрэбным. Таму што нацпарк хоча забраць гэтыя ўгоддзі для свайго развіцця, а раёну развівацца не трэба».

Мясцовыя разглядаюць перадачу зямлі і азёраў нацыянальнаму парку як рэйдарскі захоп, маўляў ім скарыстаюцца важныя персоны. Кошт ліцэнзіі на паляванне ў «Прыпяцкі» ў шмат разоў перасягае заробкі сялян. Таму дагэтуль туды прыязджалі збольшага заможныя замежнікі. Ці змогуць людзі свабодна хадзіць на возера, калі яно стане тэрыторыяй нацыянальнага парку, ва ўстанове нам не адказалі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках