25 сакавiка 2019, панядзелак, 1:10
Выклік для кожнага
Рубрыкі

На Гомельшчыне пратэстуюць больш за тысячу рыбакоў

13

Жыхары Жыткавіцкага раёну пратэстуюць супраць перадачы Чырвонага возера ва ўласнасць нацыянальнага парку.

Бо тады лавіць рыбу і паляваць тут змогуць толькі абраныя і, як кажуць мясцовыя жыхары, высокія госці, набліжаныя да ўлады, паведамляе «Белсат».

Для жыхароў Жыткавічаў і навакольных вёсак возера Чырвонае – месца, дзе яны выраслі, пакаленнямі лавілі рыбу і палявалі на качку. Аднак неўзабаве найбуйнейшы на Гомельшчыне натуральны вадаём і прылеглая да яго ў радыусе трох кіламетраў тэрыторыя можа адысці нацыянальнаму парку «Прыпяцкі».

Мясцовы жыхар Вячаслаў Сяглін распавядае:

«Калі раней за гэта хаця б плацілі – хадзілі на гэтае паляванне і рыбалку, то цяпер і плаціць-та няма каму. Таму што яны сказалі: гэта не вашае, гэта ўсё нашае».

Дзве траціны возера, пакуль дасяжныя для людзей, належаць арандатарам – Жыткавіцкаму лясгасу і акцыянернаму таварыству «Жыткавічыхімсэрвіс». Рэшта, разам з часткаю ляснога масіву, ужо цяпер адносіцца да ўласнасці нацыянальнага парку. Яе адгарадзілі плотам, і забаранілі ўваход.

«Просьба да нацыянальнага парка: вярніце тэрыторыі раёну! І дайце магчымасць раёну распараджацца землямі так, як раён лічыць патрэбным. Таму што нацыянальны парк хоча забраць гэтыя ўгоддзі для свайго развіцця, а раёну развівацца не трэба?»

«Яны за 2018 год правялі толькі два паляванні. Два. Астатняя тэрыторыя Жыткавіцкага лясгасу правяла 600 паляванняў. Навошта ім тады ўсё возера, называецца? І тое, папаляваў спадар Бамбіза адзін раз, а другі раз – Маменка Ігар, гумарыст гэты з Расеі. Усё»6 – гавораць мясцовыя жыхары.

Сцяпан Бамбіза – дырэктар нацыянальнага парку «Прыпяцкі» і чалавек, блізкі да ўладаў Беларусі. Ягоны родны брат Мікалай раней кіраваў Белавежскаю пушчаю, а дваюрадны брат Іван узначальваў «Белнафтахім» і працаваў віцэ-прэм’ерам Беларусі. Дзейнасць на пасадзе самога Сцяпана эколагі крытыкавалі за высяканне лесу. Сумняваюцца, што Сцяпан Бамбіза будзе дбаць пра экалогію, і мясцовыя жыхары.

«Сом, судак, жэрах, сазан! Дзе такая буйная рыба ў краме? Няма. Куды дзявае? Цяпер ён хоча забраць возера, ён паглядзеў: тут шмат рыбакоў».

«Я сам з Турава Яся, я гэта цудоўна бачу. Як яно адбываецца. Увесну… невадамі… калі судак нерастуе. Запаведнік – стаяць забіраюць рыбу машынамі. Ім усё можна, нам нічога нельга!», – абураныя мясцовыя жыхары.

Мясцовыя лічаць перадачу зямлі і возера нацыянальнаму парку рэйдарскім захопам, маўляў з яго скарыстаюцца важныя персоны. Кошт ліцэнзіі на паляванне ў «Прыпяцкім» у шмат разоў перавышае заробкі сялян. Таму дагэтуль туды прыязджалі збольшага заможныя замежнікі. Ці змогуць людзі свабодна хадзіць на возера, калі яно стане тэрыторыяй нацыянальнага парку, ва ўстанове нам адказалі.

Размаўляем з Вольгай Прыходзька, намесніцай гендырэктара ў ідэалогіі нацыянальнага парку «Прыпяцкі»:

– Вось вы ведаеце, хто пастанову ў гэтым пытанні прымае?

– Хто, падкажыце?

– Вышэйстаячая арганізацыя.

– Якая?

– Мы не вышэйстаячая арганізацыя. Куды звярталіся людзі?

– Куды? У Адміністрацыю прэзідэнта?

– Ну!

Зварот з больш як тысячаю подпісаў мясцовыя накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта яшчэ на пачатку года. І атрымалі адказ, што пажаданні жыхароў пастараюцца ўлічыць. Толькі ў чарговыя абяцанні мясцовыя ўжо не вераць.