2 траўня 2024, Чацвер, 22:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валерый Карбалевіч: Пуцін асабіста інструктаваў Бабіча

17
Валерый Карбалевіч: Пуцін асабіста інструктаваў Бабіча
ФОТА: РІА НОВОСТИ/МІХАІЛ КЛІМЕНЦЬЕЎ

Чаму маўчыць Лукашэнка і ці пазбавіцца Беларусь расейскіх субсідый?

У апошнія дні расейская і беларускі стораны абмяняліся непрыемнымі словамі з нагоды двухбаковых стасункаў. Выказванні Бабіча выклікалі хвалю абурэння ў Беларусі, а рэакцыя беларускай замежнапалітычнай установы - у расейскай інфармацыйнай прасторы.

- Беларускі МЗС паведаміў, што працяг рэакцыі афіцыйнага беларускага боку яшчэ будзе, - кажа ў інтэрв'ю «Заўтра тваёй краіны» палітолаг Валер Карбалевіч.

- Як трэба расцэньваць паводзіны Бабіча, што выклікалі такую рэакцыю?

- Пасол не павінен карыстацца такой рыторыкай. Фактычна Бабіч палемізаваў з Лукашэнкам і ацэньваў развагі беларускага правадыра як дзіўныя, недарэчныя, анекдатычныя. Але амбасадары так не размаўляюць.

Калі Пуцін падпісваў указ аб прызначэнні Бабіча амбасадарам у Беларусі, расейскі прэзідэнт асабіста прыняў Бабіча, што бывае нячаста. Пуцін асабіста яго інструктаваў і нават надаў яму статус свайго спецпрадстаўніка, дазволіўшы наўпрост звяртацца да сябе, абмінаючы усіх пасярэднікаў, у тым ліку і МЗС, якому фармальна падпарадкаваны Бабіч. Місія Бабіча ў тым, каб паставіць Беларусь на тое месца, якое яна павінна займаць у беларуска-расейскім «саюзе» ў поўнай адпаведнасці са сваёй палітычнай вагой. Гэта дэманстрацыя таго, што «хвост больш не павінен круціць сабакам». Так і паводзіць сябе амбасадар у краіне, якую яго дзяржава ўважае за сатэліт. Праз выказванні Бабіча мы бачым змены афіцыйнай лініі Расеі ў дачыненні да Беларусі.

- Рэакцыя беларускага МЗС на словы Бабіча не прымусіла сябе доўга чакаць. Ці мог прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз зрабіць такую крытычную заяву насуперак кіраўніцтву?

- Не ведаю, на якім узроўні, але гэта, безумоўна, узгаднялася. Такія рэчы на адрас Расеі не мог агучваць проста прэс-сакратар МЗС. Так што палеміка будзе працягвацца, магчыма, і яшчэ на больш высокім узроўні.

- Ці радыкалізуецца пазіцыя беларускага правадыра ў дачыненні да Крамля пасля такіх выпадаў у свой адрас з боку расейскага пасла?

- Тут пытанне не ў радыкалізацыі пазіцыі афіцыйнага Менска. З інтэрв'ю Бабіча вынікае, што і пытанне кошту газу на наступны год, і пытанне расейскіх крэдытаў, і праблема бесперашкоднага доступу беларускіх тавараў на рынак Расеі Масква ўвязвае з будаўніцтвам саюзнай дзяржавы.

У заяве расейскага прэм'ера Дзмітрыя Мядзведзева напярэдадні Новага года ў Берасці гаварылася толькі аб падатковым манеўры. Цяпер жа гаворка ідзе аб усіх астатніх субсідыях. І гэта я б ужо назваў ультыматумам Бабіча. Гэта важней за тыя абразы, якімі цяпер абменьваюцца стораны.

- Што будзе далей?

- Цяжка паверыць, што беларускі бок пагодзіцца на рэальную інтэграцыю паводле мадэлі «саюзнай дзяржавы». А калі Расея прыбірае ўсе субсідыі, то ў чым тады сэнс самога існавання саюза Беларусі і Расеі, які шмат у чым базаваўся на расейскай эканамічнай дапамозе. Калі гэтая дапамога касуецца, то падвісае ўся сістэма дамоўленасцяў паміж Беларуссю і Расеяй, уся шматгадовая палітыка інтэграцыі.

Перад беларускім правадыром паўстае пытанне, як выжыць без расейскай эканамічнай дапамогі, якая складае значную частку існавання Беларусі. Адразу ўзнікае шмат пытанняў, іншая справа, што за пагрозамі неабавязкова будзе іх выкананне. Важна, наколькі смела ў гэтым пытанні настроеная Масква. А ў афіцыйнага Менска вялікага выбару і няма.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках