27 красавiка 2024, Субота, 6:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканамічны рост Расеі выявіўся выдуманым

Эканамічны рост Расеі выявіўся выдуманым

Аналітыкі раскрытыкавалі лічбы Расстата.

Расстат паведаміў аб рэкордных за амаль два гады тэмпах прамысловага росту ў Расеі - паводле яго звестак, выпуск прамысловых прадпрыемстваў значна паскорыўся з 1 адсотка ў студзені да 4,1 у лютым 2019 года. Разлікі Расстата здзівілі эканамістаў, бо тры папярэднiя месяцы ў эканоміцы назіралася паступальнае запаволенне тэмпаў прамысловай вытворчасці. Аб гэтым піша газета «Коммерсантъ».

Як тлумачыць выданне, звесткі Расстата не адпавядаюць ні чаканням эканамістаў, ні нават апытальным апераджальным індыкатарам самой статыстычнай установы. Аналітыкі ж зазначаюць, што калі прыняць да ўвагі сезонны і каляндарны эфекты, то росту тэмпаў прамысловай вытворчасці з пачатку года наогул не назіраецца.

У Вышэйшай школе эканомікі (ВШЭ) правялі ўласныя разлікі на падставе «сырой» статыстыкі, улічылі сезонныя фактары і прыйшлі да высновы, што ў лютым 2019 года ніякага росту тэмпаў прамысловай вытворчасці ў эканоміцы Расеі наогул не назіраецца. У ВШЭ растлумачылі, што ў лютым 2019-га было на адзін працоўны дзень больш, чым у лютым 2018 года - адсюль бачнасць росту вытворчасці. Пры гэтым у ВШЭ адзначылі, што калі пры разліках усё ж улічыць сезонны эфект і каляндарны, то тады атрымліваецца, што прамвытворчасць два месяцы не толькі не расце, але прыкметна зніжаецца.

Расстат неаднаразова зазнаваў крытыку за недакладныя падлікі. Так, за 2018 год структура заявіла аб росце будаўнічай галіны Расеі на 5,3 адсоткі, хоць яшчэ ў лістападзе гадавыя тэмпы росту ацэньваліся ўсяго толькі на 0,5 адсоткі. Гэтыя высокія паказчыкі затым дазволілі Мінэканамразвіцця ацаніць рост ВУП за год не на 1,8 адсоткі, як прагназавалася, а на 2. Аналітыкі раскрытыкавалі гэтыя лічбы і палічылі іх фіктыўнымі. Метадалогію Расстата таксама крытыкаваў першы віцэ-прэм'ер, міністр фінансаў Антон Сілуянаў, сказаўшы, што якасць разлікаў агенцтва «жахлівая», а метад «непразрысты».

Расстат з 2017 года знаходзіцца ў падначаленні міністэрства эканамічнага развіцця, якое ўзначальвае Максім Арэшкін. Структурай з 2009 да 2018 года кіраваў Аляксандр Сурынаў. У снежні 2018 года ён падаў у адстаўку, яму на змену прыйшоў былы чыноўнік Мінэканамразвіцця Павел Малкаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках