20 красавiка 2019, Субота, 18:19
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Эканамістка: Была ў шоку, калі даведалася, што атрымаю пенсію 54 рублі

102
АЛЕНА ПАПЛАЎСКАЯ

Гісторыя пра жыццё ў «сацыяльнай дзяржаве».

Усё большая колькасць беларусаў трапляе ў «пастку страхавога стажу» і вымушаная атрымліваць сацыяльную пенсію, якая ў разы меншая за сціплую працоўную.

Пры гэтым дзяржаўныя органы не інфармуюць належным чынам грамадзян аб тым, што іх чакае ў старасці, і факт налічэння сацыяльнай пенсіі для многіх становіцца нечаканасцю.

Сваёй гісторыяй з сайтам Charter97.org падзялілася карэнная мянчанка, эканамістка паводле адукацыі Алена Паплаўская.

- Раскажыце, як вы даведаліся пра тое, што вам будуць налічваць сацыяльную пенсію?

- Рэч у тым, што я жонка вайскоўца. Мы ўвесь час жылі па гарнізонах, таму я працавала ў розных месцах і з перапынкамі.

Паводле адукацыі я – эканамістка, скончыла Менскі інстытут народнай гаспадаркі. Да дэкрэтнага адпачынку паспела папрацаваць на заводзе ў Волагдзе кантралёркай, а далей нас «кідала» з мужам па ўсяму былому Савецкаму Саюзу.

«Дэкрэтныя» ад гэтага завода я атрымлівала цягам двух дэкрэтных адпачынкаў запар, у гэты час муж служыў у Рызе. А затым нас перавялі ў Шчучын, дзе я працавала эканамісткай тэрытарыяльнага медыцынскага аб'яднання. Пасля скарачэння палка ў Шчучыне мы трапілі ў Мар'іну Горку, і там было вельмі цяжка з працай. Я рэгулярна хадзіла ў службу занятасці, але так нічога, акрамя дапамогі з прычыны беспрацоўя, адтуль не атрымала.

А потым, у адзін год, цяжка захварэлі мае бацькі ў Менску. У мамы выявілі хваробу Альцгеймера, ёй далі першую групу інваліднасці. А ў таты дыягнаставалі хваробу Паркінсона. Каб за імі глядзець, 11 гадоў назад я пераехала ў Менск з Мар'інай Горкі.

Спачатку клопатаў было так шмат, што я нават не рэгістравалася ў службе занятасці як апякун інваліда першай групы і не прасіла ад дзяржавы ніякай матэрыяльнай дапамогі. Але, убачыўшы наколькі абыякавая медыцына і сацыяльныя службы ставяцца да людзей, якія трапілі ў бяду, надумал з прынцыпу зарэгістравацца і атрымліваць дапамогу з прычыны догляду бацькоў.

Дапамогу я аформіла ў студзені 2008 года - а ў 2016 мама памерла. За ўсе гэтыя восем гадоў давялося сутыкнуцца з процьмай зневажанняў і дыскрымінацый пры атрыманні дзяржаўных грошай.

Першай дыскрымінацыяй было тое, што, будучы прапісанай у Мар'інай Горцы, я атрымлівала значную меншую дапамогу, чым прапісаныя ў Менску.

Па-другое, зневажальным была самая сума дапамогі. Першы час кожны месяц я атрымлівала ажно цэлых 12 даляраў! Гэтую лічбу я запомніла на ўсё жыццё.

Але каб атрымліваць нават такія грошы, я была вымушаная падпісаць паперу фармату А4 аб тым, што я ніхто і нідзе: што ў мяне няма абсалютна ніякіх даходаў, нават адсоткаў у банку.

Калі ў інтэрнэце сталі з'яўляцца навіны аб падвышэнні ў Беларусі пенсійнага ўзросту і страхавога стажу, праз што многія пачалі трапляць у "пенсійную пастку", я ўстурбавалася - ці не закране гэта і мяне? На той момант у мяне было ўсяго 7 гадоў страхавога стажу, а паводле закону трэба 15.

Цяпер мне 56 гадоў, і я працую, але нават калі дапрацую да пенсійнага ўзросту, усё адно застануся без працоўнай пенсіі.

- На гэта неяк паўплывалі новыя пенсійныя законы ўладаў?

- Вядома: у мяне выкрасленыя са стажу час вучобы ў інстытуце, два дэкрэтныя адпачынкі і – што самае абуральнае – восем гадоў догляду хворай мамы.

Прычым, калі я афармляла дапамогу з прычыны догляду інваліда першай групы, у органах сацыяльнага забеспячэння мне не сказалі, што гэтыя гады не ўвойдуць у працоўны стаж.

Цынізм нашых уладаў у тым, што яны трымаюць людзей у няведанні, ставячы потым перад фактам сацыяльнай пенсіі - як абухом па галаве. Дастатковай інфармацыі няма і на афіцыйных сайтах органаў улады. Я - чалавек з вышэйшай эканамічнай адукацыяй, з досыць высокім узроўнем кампутарнай пісьменнасці і навыкамі пошуку інфармацыі ў Інтэрнэце – не магу разабрацца, згодна з якім прынцыпам нам налічваюць пенсіі.

Сістэма зладжаная вельмі непразрыстая, звесткі з дзяржаўных сайтаў супярэчлівыя, падаюцца зусім розныя лічбы. Сайт Менгарвыканкама паведамляе пра пенсійны стаж адно, а сайт службы занятасці Савецкага раёна Менска – зусім іншае.

З тых звестак, якія мне ўдалося сабраць з адкрытых крыніц, у 60 гадоў я павінна атрымліваць пенсію сумай 87 рублёў.

Калі ж я прыйшла са сваёй працоўнай кніжкай на прыём да работніка службы занятасці ў нашым раёне, яна нешта пачытала ў Інтэрнэце і сказала: а чаму вы думаеце, што атрымаеце цэлых 87 рублёў пенсіі? Вам належыць 54 рублі…

- І як вы адрэагавалі на такую інфармацыю?

- Сказаць, што я знервавалася - гэта нічога не сказаць. Я проста была ў шоку. Перад вачыма скакалі бясконцыя спасылкі на нейкія ўказы, паводле якіх дзяржава пакідае мяне на старасці з $25 далярамі на месяц.

У сістэме сацыяльнага забеспячэння Беларусі дзеецца нейкі абсурд. Я абавязкова знайду юрыста, каб аспрэчыць гэтую пастанову. Таму што гэта - проста беззаконне.

Абурае яшчэ і тое, што ў краіне створана непразрыстая і дзіўная пенсійная сістэма. Пенсію налічваюць згодна з апошнім месцам працы. Чалавек павінен сам збіраць даведкі за ўсё сваё жыццё і несці іх на працу. Там праводзяць нейкія вылічэнні і адпраўляюць у Пенсійны фонд.

Гэта надзвычай заблытаная сістэма, у якой усё зроблена для таго, каб звычайны чалавек не мог разабрацца самастойна і абараніць свае правы.

Стаўленне чыноўнікаў, якія займаюцца пенсійнымі пытаннямі, таксама абурае. Жанчына, у якой я была на прыёме, сказала: «А чаго вы перажываеце? У вас муж вайсковец. Памрэ - зможаце падаць заяву на атрыманне 40% ягонай пенсіі». Пагадзіцеся, гэта не вельмі прыемна пачуць.

Я, вядома, разумею, што ў краіне няма грошай, і што ўзровень развіцця палітыкі і эканомікі вызначаецца стаўленнем дзяржавы да старых і жывёл. Але як можна прыдумляць такія лічбы: дапамога з прычыны догляду маці-інваліда $12 і пенсія $ 5? Я як эканамістка, не магу абгрунтаваць такіх дзіўных лічбаў.

Нашы беларускія старыя проста асуджаныя гніць жыўцом - калі ў іх няма нармальных дзяцей, гатовых браць на сябе функцыі дзяржавы і клапаціцца пра іх у старасці.

Я разумею, што трэнд стаўлення да людзей (і пенсіянераў у тым ліку) задае вышэйшая дзяржаўная ўлада. Але хочацца спытаць чыноўнікаў на месцах: вы ж камунікуеце непасрэдна з людзьмі, да вас па дапамогу прыходзяць далёка не самыя забяспечаныя, як вы ім у вочы глядзіце?

Я са сваёй сітуацыяй спраўлюся: у мяне і дзеці добрыя, і сама я яшчэ поўная энэргіі, але ёсць сітуацыі куды больш сур'ёзныя, чым у мяне.

Напрыклад, у маёй сяброўкі упаў з будаўнічых лясоў, рэстаўратар царквы. Цяпер ён інвалід першай групы, а сяброўка даглядае яго. Гэта здарылася, калі ім было крыху за 20, а цяпер ім – па 50 ужо. Атрымліваецца, што ёй усе гэтыя гады не залічаць у працоўны стаж. Ён бездапаможны без яе. Згодна з логікай дзяржавы, ёй што, трэба было кінуць хворага мужа, каб напрацаваць сабе на пенсію? І яна атрымае гэтыя жабрацкія 25 даляраў.

Няўжо ўлады не разумеюць, што такімі «пенсіямі» яны плодзяць у краіне крымінальную абстаноўку? Людзі не змогуць пражыць на такія грошы. Атрымліваецца, ім у старасці трэба ісці красці, каб не памерці з голаду?

У нас у дзяржаве адбываюцца проста амаральныя рэчы.

Гэта выяўляецца даслоўна ва ўсім - не толькі ў тым, як налічваюць пенсіі. Напрыклад, нядаўна мы афармлялі спадчыну. Тата пайшоў з жыцця на два гады раней за маму, але яна была «ляжачая» і мы не тузалі яе, каб яна ўступіла ў спадчыну пасля мужа. Таму мы заплацілі блізу трохсот даляраў, каб аформіць на сябе прыватызаваную кватэру пасля яе смерці - толькі таму, што пры жыцці не хацелі залучаць яе ў цяжкія бюракратычныя працэдуры. Гэта таксама паказвае на ўзровень стаўлення да грамадзян - каб атрымаць тое, што і так згодна з законам тваё, ты яшчэ плаціш дзяржаве сур'ёзныя грошы.

А пенсіі пры гэтым уразаюць да мінімуму. Не скажу, што гэта дрэннае стаўленне да людзей - гэта наогул ніякае стаўленне да людзей.

У нас блізу 60-70% даходаў дзяржбюджэт атрымлівае ад мыт, падаткаў і штрафаў. Гэта страшна. Гэта кажа аб тым, што дзяржава – слабая.

- У «пенсійнай пастцы», акрамя вас, апынуліся многія беларусы. Што б вы параілі ім рабіць?

- Я і пагадзілася на гэтае інтэрв'ю, каб сваёй гісторыяй дапамагчы людзям. Хай, прачытаўшы пра гэта, яны думаюць, аналізуюць, вызначаюцца.

У мяне ёсць нейкі аптымізм і баявы настрой. Я веру, што калі абменьвацца інфармацыяй, дапамагаць адзін аднаму, то атрымаецца развязаць шматлікія праблемы ў краіне.

***

Калі вам спадабаўся артыкул, Вы можаце падтрымаць сайт Charter97.org наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:

Cпасылка:

https://www.paypal.com/cgi-bin/webscr?cmd=_s-xclick&hosted_button_id=WPS4NY975YGSS&source=url


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com