29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віленскія званы 155 разоў білі ў памяць пра Кастуся Каліноўскага

2
Віленскія званы 155 разоў білі ў памяць пра Кастуся Каліноўскага
Фота: delfi.lt

На Лукішскім пляцы ўшанавалі памяць удзельнікаў паўстання 1863 года.

Урачыстае мерапрыемства сабрала каля мемарыяльнай пліты на Лукішкскай плошчы блізу двух дзясяткаў чалавек з розных краін. У руках яны трымалі беларускія нацыянальныя і літоўскія дзяржаўныя сцягі. На мерапрыемстве прысутнічалі кіраўнік Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандр Адамковіч, старшыня Віленскага беларускага клуба «Сябрына» Валянцін Стэх, дырэктарка Віленскага беларускага музея ім. І. Луцкевіча Людвіка Кардзіс і кіраўнік грамадскай арганізацыі «Беларуская нацыянальная памяць» (Варшава, Польшча) Анатоль Міхнавец, які зачытаў доўгі спіс імёнаў загінулых паўстанцаў, паведамляе delfi.lt.

Фота: delfi.lt

«Пятніца - у той дзень, калі ўкрыжавалі Хрыста, у той жа дзень павесілі Кастуся. Я не ведаю, які дзень быў 22 сакавіка 1943 г., але кожны беларус павінен памятаць, што ў гэты ж дзень акупанты-карнікі, толькі ўжо нямецкія, спалілі нашу Хатынь - яшчэ адзін трагічны сімвал нашай шматпакутнай гісторыі», - заявіў падчас мерапрыемства беларускі літаратуразнаўца і пісьменнік Язэп Янушкевіч.

Фота: delfi.lt

155 гадоў таму, 22 сакавіка 1864 г. кіраўнік так званага студзеньскага паўстання К.Каліноўскі на загад генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю Расейскай імперыі Міхаіла Мураўёва, пазней які атрымаў мянушку «Вешальнік», быў павешаны на гандлёвай плошчы ў Вільні. Цела К.Каліноўскага разам з парэшткамі іншых удзельнікаў паўстання было таемна пахаванае на тэрыторыі ваеннага гарнізона на Замкавай гары, каб магіла інсургентаў не стала месцам паломніцтва.

Фота: delfi.lt

Астанкі паўстанцаў былі знойдзеныя падчас археалагічных раскопак у 2017 г. Са сцвярджэння даследчыкаў з Віленскага ўніверсітэта, з упэўненасцю 95% можна сцвярджаць, што сярод знаходак ёсць і парэшткі К.Каліноўскага.

Фота: delfi.lt

Перапахаванне знойдзеных астанкаў інсургентаў у капліцы на віленскім могілках Расу літоўскія ўлады запланавалі на восень 2019 г. Нядаўна стала вядома пра варыянт афармлення надпісаў на надмагіллях толькі на літоўскай і польскай мовах. Дзевяць беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, а таксама Віленскае аддзяленне руху «Саюдзіс» сумесна з Таварыствам беларускай культуры ў Літве падпісалі зварот да ўладаў Літвы і Беларусі пра мову надпісаў на магілах паўстанцаў. У дакуменце, паводле інфармацыі Таварыства беларускай культуры, змяшчаецца просьба «пасадзейнічаць таму, каб на ўсіх магілах паўстанцаў з'явілася і беларуская мова».

Фота: delfi.lt

Зварот падтрымаў і прапрапраўнук Адама Міцкевіча Раман Гарэцкі-Міцкевіч.

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя памяці К.Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. у Вільні будуць праходзіць на працягу 22-23 сакавіка 2019 г.

Фота: delfi.lt
Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках