27 красавiка 2024, Субота, 1:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лявон Вольскі: Нічога не бойцеся і святкуйце Дзень Волі на злосць ворагам

9
Лявон Вольскі: Нічога не бойцеся і святкуйце Дзень Волі на злосць ворагам
ЛЯВОН ВОЛЬСКІ (У ЦЭНТРЫ)
ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ/TUT.BY

Легендарны музыка падзякаваў беларусам за салідарнасць.

На святкаванні Дня Волі ў Менску ўчора былі затрыманыя вядомыя беларускія музыкі Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч і Павел Аракелян. Праз некалькі гадзін іх вызвалілі.

Пракаментаваць рэзанансную падзею сайт Сharter97.org папрасіў легендарнага беларускага музыку Лявона Вольскага:

- Ведаеце, казаць, што мы ўчора хацелі зладзіць канцэрт, будзе перабольшаннем. Нават калі б і хацелі, то сыграць мы абсалютна нічога не паспелі. Мы проста ішлі вуліцай, потым стаялі размаўлялі, у некаторых былі інструменты, і тут пад'ехаў мікрааўтобус з АМАПам. Нас «папрасілі» прайсці.

- Сілавікі разумелі, што затрымліваюць вядомых музыкаў? Як яны сябе паводзілі?

- Я думаю, што яны ўсё ведалі, бо паводзілі сябе максімальна карэктна. Нават не перашкаджалі нам карыстацца мабільнымі тэлефонамі, калі везлі нас у мікрааўтобусе. Проста маўчалі.

- Што адбывалася ў Цэнтральным РУУС, куды вас даставілі?

- Там усё было традыцыйна. Мы пастаялі дзве гадзіны тварам да сцяны. Пасля чаго з нашых слоў запісалі, што мы знаходзіліся ў цэнтры горада на вуліцы і нас чамусьці затрымалі і адвезлі ў РУУС. Нічога цікавага, ведаеце, усё празаічна.

- Разумею. Як вы мяркуеце, а навошта наогул вас трэба было затрымліваць пасярод вуліцы?

- Мабыць, ім вельмі не хацелася, каб людзі спявалі нашы песні. Камусьці вельмі гэта ўчора перашкаджала. Зразумела, калі б гэта былі разумныя людзі, то яны спачатку далі б выканаць, а потым ужо інкрымінавалі «парушэнне парадку».

- Людзі, якія бачылі ваша затрыманне, не разышліся нават пад пагрозай арышту, а праспявалі ваш вядомы хіт «Тры чарапахі». Што для вас значыць іх учынак?

- Натуральна, што мне вельмі прыемна. Я вельмі ўдзячны гэтым людзям і захапляюся тым, што яны не пабаяліся міліцыянта, які там бегаў і смешна гаварыў пра «несанкцыянаваны сход» увечары ў цэнтры горада.

У выхадныя дні ў гэтым раёне збіраецца вялікая колькасць людзей проста так. Гэта ж цэнтр, пешаходная зона, там шмат рэстарацый. Я думаю, што і госці Беларусі назіралі за нашым затрыманнем.

- Як гэта можа паўплываць на імідж Беларусі?

- Я думаю, што ніяк. Таму ўлады і дазваляюць сабе такія «жэсты». Яны думаюць, што ўсе прынялі сітуацыю ў тым выглядзе, у якім яна ёсць цяпер. Раней такіх паводзінаў яны сабе не дазвалялі, а цяпер вызначылі, што можна. Ніякіх санкцый няма, усё «нармальна».

- Дзень Волі святкуе мноства беларусаў ва ўсім свеце. Што б вы хацелі сказаць вашым прыхільнікам і тым людзям, якія адзначаюць 25 сакавіка, як нацыянальнае свята?

- Мне хацелася б усіх яшчэ раз павіншаваць і сказаць, што трэба святкаваць Дзень Волі. 25 Сакавіка - сапраўды важная дата для кожнага беларуса. Менавіта з яе пачалася сапраўдная незалежнасць нашай краіны!

Увогуле, я ўсіх віншую. Нічога не бойцеся, святкуйце Дзень Волі на злосць ворагам!

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках