21 красавiка 2019, Нядзеля, 18:16
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Выбары прэзідэнта: Заходнія хаўруснікі Украіны далі характарыстыку галоўным кандыдатам

4

Выбары прэзідэнта ва Украіне прызначаныя на 31 сакавіка 2019 года.

Непрадказальнасць прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне трывожыць еўрапейскіх партнёраў, якія асцерагаюцца, што вынікі галасавання могуць прывесці да запаволення рэформаў, на якія ўжо выдаткавана столькі намаганняў.

Пра гэта са спасылкай на заходніх дыпламатаў паведамляе агенцтва Reuters, паведамляе nv.ua.

На іх думку, на сённяшні дзень выбары звяліся да барацьбы паміж Пятром Парашэнкам, Юліяй Цімашэнкай і Уладзімірам Зяленскім. І калі двое першых ужо добра знаёмыя замежным партнёрам, то апошні застаецца для іх «катом у мяшку».

«Мы, вядома, ведаем, што атрымаем пры Парашэнку. Мы мяркуем, што ведаем, што атрымаем пры Цімашэнцы. Пры Зяленскім - паняцця не маем», - заявіў адзін з дыпламатаў.

У Еўропе асцерагаюцца, што слабы ў пытанні рэформ прэзідэнт можа паставіць пад пагрозу сувязі з ЕЗ і выдачу Украіне міжнароднага фінансавання, змяніўшы пры гэтым баланс сіл у бок РФ.

«У Парашэнкі вельмі выразная пазіцыя, прынамсі, на паперы, яна заключаецца ў супрацьстаянні Расеі і прытрымліванні праеўрапейскіх поглядаў. Ён не ідэальны, але мы яго ведаем, мы з ім працавалі», - адзначае яшчэ адзін еўрапейскі дыпламат.

У сваю чаргу кандыдатура Зяленскага, насупраць, неадназначная. Праз яго сувязь з алігархам Ігарам Каламойскім еўрапейскія палітыкі асцерагаюцца, што, у выпадку перамогі на выбарах ён можа падняць пытанне пра лёс Прыватбанка, нацыяналізаванага ў 2016 годзе.

«Ці падвоіць ён намаганні ў рамках пазову ў справе Прыватбанк ва ўсіх магчымых юрысдыкцыях? Пра гэта трэба задумацца», - мяркуе адзін з дыпламатаў.

Пры гэтым ёсць і тыя, хто не верыць у змову Зяленскага з Каламойскім, аднак адсутнасць палітычнага досведу ў кандыдата ў прэзідэнты ўсё роўна выклікае ў іх некаторы скепсіс.

«Нельга чакаць шмат ад чалавека без якога-небудзь палітычнага досведу. Ён выглядае цалкам шчырым, але мы можам меркаваць толькі паводле вынікаў», - адзначаюць у Брусэлі.

Што тычыцца Цімашэнкі, то яна таксама вельмі супярэчлівая кандыдатка для ЕЗ.

Калі яна была пасаджаная ў 2011 годзе за краты рэжымам Віктара Януковічам, многія выступалі ў яе падтрымку, аднак цяпер ёй узгадалі скандальную газавую ўгоду з Расеяй, якая нанесла Украіне каласальную шкоду.

«Яна ў некаторай ступені згубіла водбліск пакутніцтва», - заявіў адзін з дыпламатаў.

У любым выпадку, хто б ні стаў прэзідэнтам, адным з моцных бакоў выбараў на Украіне ў вачах Захаду з'яўляецца тое, што яны сапраўды канкурэнтныя, у адрозненне ад Расеі.

У той жа час у Еўропе не выключаюць, што іх вынікі могуць быць азмрочаны абвінавачваннямі ў падтасоўках і пратэстамі.