22 красавiка 2019, панядзелак, 4:08
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Мікола Ермаловіч: гісторык, які вярнуў беларусам гонар за ВКЛ

6

Сёння - дзень памяці пра выдатнага даследчыка.

Беларускі гісторык і пісьменнік Мікола Ермаловіч з'явіўся на свет у вёсцы Малыя Навасёлкі Дзяржынскі раён Менскай вобласці 29 красавіка 1921 года.

Мікола Ермаловіч амаль аслеп у паўгода. «Маці ўзяла яго на поле, дзе жала жыта, а яго маленькага асляпіла сонца, - распавядаў пісьменнік Генрых Далідовіч. - Яго маглі ў 1930-ыя пасадзіць у турму за тое, што ён, ідучы са школы, чытаў і выпусціў з рук «Ліст беларускага народа да Сталіна». Ліст упаў, а яго выключылі са школы за тое, што ён кпіў з ліста. Але пазней яго аднавілі і ён паспяхова скончыў школу. Падчас вайны выехаў. Вяртаючыся, у Маскве трапіў пад цягнік і ледзь не загінуў, яго выратавала маскоўская жанчына. І вось гэты фізічна амаль сляпы чалавек, у якога было зрок -28 дыёптрый, быў у душы відушчым».

Мікола Ермаловіч вучыўся ў Менскім педінстытуце. Пасля вучобы пасяліўся ў Маладзечне, дзе выкладаў і займаўся выдавецкай дзейнасцю. Друкаваўся ў маладзечанскай раёнцы, часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», у газетах «Звязда» і «Літаратура і мастацтва», у навуковых зборніках.

У 1963 Ермаловіч пачаў выдаваць рукапісны самвыдатаўскі часопіс «Падснежнік».

Ермаловіч лічыцца заснавальнікам беларускай рамантычнай гістарыяграфіі.

У 1968 кнігі напісаў кнігу «Па слядах аднаго міфа», якая доўгі час хадзіла самвыдатам, а афіцыйна была надрукаваная толькі ў 1989 годзе.

У 1970 выйшла кніга «Дарагое беларусам імя», у 1990 - даследаванне «Старажытная Беларусь: Полацкі і Навагродскі перыяды», у 1994 - «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», у 2000 - «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».

«Ён шмат чытаў і многа думаў пра ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага на нашай зямлі з цэнтрам у сённяшнім Наваградку. Раней царскія гісторыкі наўмысна паняцце Літвы перанеслі на сённяшнія балтыйскія зямлі. Меркавалася, што мы выйшлі ад Русі. Мікола Ермаловіч у кнізе «Па слядах аднаго міфа» вызначыў месца Літвы і даў характарыстыку таго, ад чаго утварылася гэтая новая дзяржава», - кажа Далідовіч.

У 80-х падтрымаў адраджэнскую дзейнасць, браў удзел у першым з'ездзе БНФ у Вільні. У 1990 годзе прыняў прапанову кіраўніцтва далучыўся да Нацыянал-дэмакратычнай партыі Беларусі, стаўшы адным з трох сустаршыняў.

Памёр публіцыст 5 сакавіка 2000 года ў Менску.