19 красавiка 2024, Пятніца, 14:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Беспрацоўны ў ЕЗ жыве лепш за беларускага працоўнага

81
Эканаміст: Беспрацоўны ў ЕЗ жыве лепш за беларускага працоўнага

Большасць нашых грамадзян працуе «за ежу».

Блізу паловы беларусаў жывуць на суму ад $150 да $250 на месяц. Утойваць гэтыя лічбы, якія з'явіліся ў справаздачы Белстата, не можа ўжо і афіцыйная прапаганда.

150 даляраў на ўсе выдаткі за месяц – гэта многа ці мала? І як узровень жыцця беларусаў выглядае на фоне суседніх краін?

На пытанні Charter97.org адказвае эканаміст Леў Марголін.

- Звесткі Белстата многія параўноўваюць з «сярэдняй тэмпературай» у лякарні. А як у рэальнасці жыве большасць беларускіх сем'яў?

- Справа ў тым, што ўзровень спажывання і ўзровень заробкаў - не заўсёды звязаныя паміж сабой адзінкі. Прыведзеныя звесткі кажуць як раз аб узроўні спажывання. І магу сказаць, што ён значна перавышае ўзровень даходаў большасці беларусаў.

Ні для кога не сакрэт, што ў нас яшчэ ёсць нейкія рэшткі на дэпазітах у насельніцтва, як рублёвых, так і валютных. Ёсць «шэрая» занятасць, калі людзі не афішуюць свае дадатковыя заробкі.

Таму названыя лічбы прыблізна адпавядаюць рэчаіснасці. Але гэта азначае тое, што ў нас людзі жывуць на сумы, значна большыя, чым афіцыйныя звесткі аб заробку.

На рэальны заробак, асабліва той, які налічваюць у рэгіёнах, пражыць немагчыма. Найбольш распаўсюджаны заробак у рэгіёнах – гэта 300 рублёў (тыя ж 150 даляраў). Але нават калі ў сям'і працуюць два чалавекі і ёсць хоць бы двое дзяцей, то ўжо атрымліваецца не 150, а 75 даляраў за месяц на чалавека. На гэтыя грошы пражыць практычна немагчыма.

Таму людзі залазяць у «скарбонкі», дзесьці знаходзяць неафіцыйныя падпрацоўкі - і такім чынам выжываюць.

Лічбы, прыведзеныя Белстатам, блізкія да рэальнасці, бо гэта – не сярэдні заробак, з якім можна ўсякім чынам маніпуляваць. Гэта ўзровень спажывання, які лёгка пралічваецца на падставе прыбытку крам, платы за камунальныя паслугі і гэтак далей. Таму лічбы чаканыя, і яны кажуць пра тое, што выдаткі ў большасці насельніцтва большыя, чым даходы, і народ праядае свае зберажэнні.

- З якімі краінамі можна параўнаць Беларусь па ўзроўні жыцця?

- 150 даляраў на чалавека за месяц - гэта вельмі мала. Беларусь па ўзроўні спажывання можна параўнаць хіба што з Расеяй і ваюючай Украінай (я маю на ўвазе еўрапейскі кантынент, не бяру для параўнання Сярэднюю Азію і Афрыку).

Пры гэтым трэба параўноўваць з расейскай глыбінкай, а не з буйнымі гарадамі, дзе ўзровень спажывання вышэйшы, чым у нас.

У еўрапейскіх жа краінах, нават тых, якія раней не ўважаліся за багацейшыя за Беларусь – Балгарыі, Румыніі - на сёння ўзровень спажывання нашмат вышэйшы.

Больш таго, па ўзроўні спажывання беспрацоўны ў развітых краінах жыве лепш, чым сярэдні беларус. Праўда, у тым выпадку, калі гэты беспрацоўны хоча працаваць, бо дапамога ў беспрацоўі ў большасці краін увязваецца з заробкам на апошнім месцы працы.

Але, у адрозненне ад Беларусі, у развітых краінах урад мяркуе, што калі чалавек страціў працу, то яму трэба дапамагчы – і дапамагчы так, каб ён захаваў годны ўзровень жыцця. І ўжо тым больш з іх ніхто не бярэ ніякіх дадатковых падаткаў - у выглядзе нашай падвышанай «камуналкі» для «дармаедаў».

Таму ў развітых краінах беспрацоўныя жывуць лепш, чым працоўныя беларусы.

- На што выстарчае 150 даляраў на месяц у беларускіх рэаліях?

- Гэтага стае толькі на самае неабходнае. Калі сям'я з двума бацькамі і двума дзецьмі траціць нават 500 даляраў на месяц (я ўжо не кажу пра 300, па ніжняй мяжы статыстыкі) - гэта далёка не раскоша.

З гэтага трэба вылічыць як мінімум сотню рублёў на камунальныя аплаты. Сёння не абыдзешся без мабільнага тэлефона і інтэрнэту - гэта таксама абавязковыя аплаты, а не раскоша. Сабраць дзіця ці нават дваіх дзяцей у школу таксама каштуе вялікіх выдаткаў.

У выніку застаецца толькі на самае неабходнае - на досыць сціплае харчаванне і на адзенне, часцей за ўсё з сэканд-хэнда. Беларусь апошнім часам ператварылася ў краіну крам сэканд-хэнда – яны ў нас цяпер на кожным кроку. Большасць насельніцтва праз эканомію пачала адзявацца ў гэтых крамах.

Пры гэтым усе гэтыя людзі з такім сціплым узроўнем спажывання працуюць. Атрымліваецца, што ў Беларусі большасць насельніцтва працуе «за ежу». Для большасці сем'яў гаворка не ідзе аб нейкім паўнавартасным адпачынку, не кажучы ўжо аб выездзе за мяжу. Большасць людзей не могуць сабе дазволіць забавы нават унутры краіны: рэгулярныя паходы ў тэатр ці ў кіно таксама сталі дарагім задавальненнем.

- Сёлета тарыфы на паслугі ЖКГ павялічваюць. Што будзе з тымі 50% беларусаў, якія жывуць на $150 за месяц?

- Улады разумеюць, што значнае падаражанне «камуналкі» прывядзе да масавага росту запазычанасці перад ЖКГ, таму, хутчэй за ўсё, яе будуць падымаць паступова. Нельга сказаць, што ў нас «камуналка» ў абсалютным вылічэнні дарагая, але на фоне нашых нізкіх заробкаў яна з'яўляецца адчувальным артыкулам выдаткаў. Таму тыя, каму новыя тарыфы не па кішэні, будуць проста нарошчваць сваю запазычанасць перад ЖКГ. На словах у Беларусі нібыта ёсць і льготныя тарыфы і дапамогі для маламаёмных на аплату паслуг ЖКГ, але напраўду ўсё гэта абстаўлена так, што скарыстацца імі могуць вельмі і вельмі нямногія.

- Як эканаміст - у чым вы бачыце выйсце з такой сітуацыі, калі большасць сем'яў можа дазволіць сабе толькі самае неабходнае?

- Выхад вельмі просты і вядомы і эканамістам, і не эканамістам. Каб народ жыў лепш, трэба павялічваць аб'ём матэрыяльных выгод, якія вырабляюцца ў краіне. А гэта дырэктыўнымі паказчыкамі не зробіш. Патрэбныя інвестыцыі. Прычым, вонкавыя інвестыцыі, замежныя. Не таму што белавусы «горш цямяць» ці яшчэ нешта, а таму што патрэбныя інвестыцыі, звязаныя з новымі тэхналогіямі, якія маюць свае рынкі збыту.

Прасцей кажучы: павінен прыйсці чалавек, які з дапамогай беларускіх працоўных вырабіць канкурэнтную прадукцыю і не будзе праблем з яе збытам. Але такі чалавек у Беларусь не прыйдзе, бо ва ўсім свеце ёсць канкурэнцыя за інвестара, а ў нашых варунках прыватная ўласнасць абсалютна неабароненая і гэта адштурхвае інвестараў.

Да нас прыходзяць адзінкі: альбо няўцямна смелыя, альбо на аснове асабістых «дамоўленасцей» з уладамі. І пакуль такіх інвестыцый няма, ніякіх зменаў да лепшага не будзе.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках