1 траўня 2024, Серада, 14:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталі вядомыя падрабязнасці смерці чыноўніка падчас падрыхтоўкі да прыезду Лукашэнкі

64
Сталі вядомыя падрабязнасці смерці чыноўніка падчас падрыхтоўкі да прыезду Лукашэнкі

Чыноўніка са Шклоўскага райвыканкама прымусілі бяліць кароўнікі.

«Калі яму стала дрэнна, гэта заўважылі не адразу - чыноўнік упаў на калені, трымаючы вядро з вапнай у руках», - распавялі nn.by.

5 сакавіка чыноўніка са Шклоўскага райвыканкама Ігара Кабылянца адправілі ў вёску Карасі. Але не развязваць эканамічныя пытанні, а бяліць кароўнікі. Скончылася ўсё трагічна.

Ігар Кабылянец працаваў эканамістам управы сельскай гаспадаркі Шклоўскага райвыканкама. На пасадзе быў менш за год. Раней працаваў ва ўправе сельскай гаспадаркі інспектарам па дагляду за сельгаспрадукцыяй.

Знаёмы Кабылянца кажа, што для райвыканкама адправіць чыноўнікаў прыбіраць на фермах было звычайнай справай. 5 сакавіка чыноўнікам загадалі ехаць у вёску Карасі, бяліць кароўнікі. Дарэчы, тыя кароўнікі належаць агракомплексу «Купалаўскі», які пасля візіту Лукашэнкі праславіўся.

«Адпраўляць на нейкія фізічныя працы - гэта была звычайная практыка ў райвыканкаме. Ігар часта працаваў не на сваім працоўным месцы. Гэтым разам вось адправілі бяліць... Раней адпраўлялі прыбіраць кароўнікі, свінарнікі, - кажа блізкі знаёмы чыноўніка. - Ігар быў эканамістам, але ўвесь час прыходзіў з працы ў брудных рэчах з пахамі сельскай гаспадаркі, скажам так».

Са слоў суразмоўцы, праблем з сэрцам у чыноўніка ніколі не было. Здарылася ўсё раптоўна. Ігару стала дрэнна падчас працы, выклікалі хуткую, але мужчына фактычна памёр на месцы.

Суразмоўца мяркуе, што смерць чыноўніка была звязаная з ягонай працай. «Нервы былі на ўзводзе, выходных амаль не было», - наракае ён.

Журналісты звязаліся з яшчэ адной крыніцай, блізкай да сям'і загінулага. Са слоў суразмоўцы, у Кабылянца былі дрэнныя стасункі са старшынём Шклоўскага райвыканкама Васілём Віцюновым (якога знялі з пасады пасля візіту Лукашэнкі). Віцюноў нават пагражаў, што калі Кабылянец звольніцца, ягоны сын і жонка будуць мець праблемы з працай.

Акрамя таго, менавіта з прыходам Віцюнава чыноўнікаў пачалі адпраўляць на фермы і прадпрыемствы, калі не выстарчала рук. Пісьмовых загадаў пры гэтым ніхто не афармляў.

Вядома, што 4 сакавіка, за дзень да смерці, Ігар Кабылянец адчуў сябе дрэнна і выклікаў хуткую. Але праблем з сэрцам лекары не выявілі. Сям'я не ведае дакладна, на што скардзіўся мужчына, у той момант ён быў дома адзін.

Раніцай 5 сакавіка, запэўнівае крыніца, быў сход у райвыканкаме. Кабылянец нібыта паскардзіўся, што яму зноў дрэнна. Але Віцюноў нібыта сказаў падначаленаму, што да лекараў можна і на наступны дзень схадзіць.

5 сакавіка ў Карасі адправілі не толькі Кабылянца. Супрацоўнікі райвыканкама мылі стойлы пасля жывёл, фарбавалі сцены. «Было вельмі холадна. Да таго ж некаторым было дрэнна ад паху гною і аміяку», - распавядалі людзі.

Ігар Кабылянец пакрываў вапнай стойла. Калі яму стала дрэнна, гэта заўважылі не адразу - ён упаў на калені, трымаючы вядро з вапнай у руках.

Неўзабаве з рота пайшла пена. Да мужчыны падбеглі, выклікалі хуткую. Лекары ратавалі Кабылянца амаль гадзіну, але мужчына памёр.

Блізкія мяркуюць, што калі б чыноўнік застаўся на сваім працоўным месцы ў горадзе, то, магчыма, лекары прыехалі б хутчэй і мужчыну можна было б выратаваць.

У заключэнні аб смерці напісалі: «вострая ішэмічная хвароба сэрца».

Ва ўправе сельскай гаспадаркі Шклоўскага райвыканкама, дзе працаваў чыноўнік, адмовіліся каментаваць сітуацыю.

Ігару Кабылянцу было 50 гадоў.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках