27 красавiка 2024, Субота, 2:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Каб заткнуць рот, мяне трэба расстраляць»

21
«Каб заткнуць рот, мяне трэба расстраляць»
ФОТА: SVABODA.ORG

Крэда Сяргея Пятрухіна.

Інтэрв'ю «Радыё Свабода» з берасцейскім блогерам Сяргеем Пятрухіным перад прысудам. Пракурор патрабаваў для яго два гады «хіміі» за «абразу міліцыянтаў».

Журналісты пагутарылі з Сяргеем Пятрухіным пра тое, што ён думае пра сваю справу.

«Калі б не гэтая справа, то была б іншая»

«Я думаю, што наўрад ці гэты суд быў бы, калі б не пратэст супраць акумулятарнага завода. Я перакананы, што доўга разважалі, рабіць гэта, ці не рабіць. Нават адвакат сказаў на судзе, што ўпершыню бачыць такі цуд, калі паклёп і абраза разам разглядаюцца, а не паасобку. Гэтую справу паводле хадайніцтва галоўнага следчага раёна Сычова завёў пракурор Верабей. Карацей, тут шмат пытанняў, і я ніколі не чуў, каб такія справы так заводзіліся за абразу кухараў або медыкаў. Чамусьці вось калі міліцыянт...

У гэтай справе, што тычыцца паклёпу, не бачу складу злачынства, бо я паўтарыў словы чалавека, які пра сябе сам распавядае, што яго біў міліцыянт.

Наконт абразы - пытанне, якое ставіцца перад экспэртамі ў крымінальнай справе, павінна быць дакладным. Пытанне гучыць, ці ёсць у фрагменце тэксту негатыўная ацэнка супрацоўнікаў міліцыі і іх прозвішчы. У артыкуле 189 КК гаворыцца аб абразе канкрэтнага чалавека. Экспэрты спасылаюцца, што хай суд гэта вызначае, то для чаго тады такая экспэртыза, калі вы кажаце, каб суддзя Семянчук з гэтым пракурорам вызначалі, абраза гэта ці не?

Я ўпэўнены, што калі б не гэтая справа, то была б іншая. Яны паказваюць, што калі яны захочуць, то зробяць што заўгодна. Яны «з'ехалі з катушак» ад бяссілля, ад немачы сваёй».

«Прэсінг пачаўся пасля таго, як Мясніковіч звярнуў увагу»

«Яшчэ да распачынання справы мне пісалі тролі, што ў красавіку мне свеціць крымінальная справа. Адкуль яны ведалі? Цяпер я разумею.

Гэта ўсё тэма завода. Я думаю, у Менску сказалі нейкім чынам стрымаць сітуацыю. У пачатку ж затрымлівалі нас з Аляксандрам Кабанавым, потым зразумелі, што не мы там галоўныя асобы, і цяпер, перад адкрыццём завода, пачалі ціснуць на ўсіх без разбору - Дзмітрыя Бекалюка супрацоўнікі АМАП хапалі, Таццяну Фесікаву з дому забіралі...

У іх наогул «паехаў дах» - закінулі ў ізалятар Кацярыну, маці дваіх дзяцей, і пачалі праз дзяцей ціснуць, маўляў, паставім у сацыяльна небяспечнае становішча.

Майсею Мазько патроны падкінулі... Гэта нейкае зверства, нейкі сатанізм.

Яны паказваюць, што могуць зрабіць з намі што заўгодна. Але яны вельмі памыляюцца. Гэты пратэст грунтуецца на самых асноўных пачуццях людзей - інстынкце самазахавання. Людзі думаюць пра дзяцей і здароўе.

Такімі ўчынкамі ўлады капаюць сабе яму. Яны робяць Берасце пратэстным рэгіёнам. 40 тысяч подпісаў супраць завода, на якія ніяк не адрэагавалі - людзі гэтага не даруюць.

Гэты завод, як лакмусавая паперка, паказаў, як улады ставяцца да людзей.

Актыўны прэсінг пачаўся пасля таго, як Міхаіл Мясніковіч публічна звярнуў увагу на пратэст супраць завода. Гэта была адмашка, гэта быў - «фас». Ён даслоўна сказаў, што навошта такія чыноўнікі, калі простыя людзі за вас разумнейшыя, больш спрытныя, на энтузіязме збіраюцца».

«Калі сашлюць - зробяць мяне пакутнікам, зоркай»

«Да адпраўкі на «хімію» я гатовы. Каб заткнуць рот, мяне трэба расстраляць. Што б яны не зрабілі, мне яны горш не зробяць. Калі сашлюць - зробяць мяне пакутнікам, зоркай, прыцягнуць увагу да мяне.

Яны папракаюць мяне нейкімі польскімі грашыма. Паглядзіце, як я жыву - у мяне няма аўтамабіля, у мяне нічога няма. Таму з гэтым штрафам 100 базавых і кампенсацыі міліцыянтам хай ідуць самі ведаеце куды. Я нічога ім плаціць не буду, хай робяць, што хочуць. Хай закрываюць выезд за мяжу, мяне гэта не хвалюе. Гэта мая краіна, і я адсюль з'язджаць не збіраюся.

Я вельмі ўдзячны людзям, якія мяне падтрымліваюць, прыходзяць на суды, дапамагаюць грашыма, плацяць штрафы. У мяне вялікая падтрымка. І калі ўлады пакараюць за праўду так, то мяне яшчэ больш людзей пачуюць.

Дзяржаўную тэлевізію людзі не глядзяць. Людзі глядзяць блогераў, гэта бачна па тым, як ахвяруюць капейчынай. Мяне людзі просяць толькі пісаць, а з адвакатамі яны дапамогуць. Гэта натхняе».

Ці ёсць страх?

«Страх? Страх ёсць. Таму што ў нас няма закона, няма судоў, міліцыі... Вы адчуваеце парадокс? Людзі прыходзяць да мяне, да такога ж безабароннага чалавека, каб я абараніў іх ад міліцыянтаў. То што тут можна казаць? Як я магу сябе адчуваць бяспечна, калі ведаю, што кожны гэты міліцыянт можа зрабіць са мной што заўгодна.

Тое, што адбываецца са мной - гэта наступ на свабоду слова, мяне б'юць за крытыку і, вядома, за гэты завод, за якім стаяць нечыя вялікія інтарэсы».

Якім будзе прысуд?

«Я не ведаю. Не пакараць яны не могуць. Штраф, я думаю, будзе. Але калі накіруюць на «хімію», то гэта мяне не палохае. Я ж прайду ўсе суды, аж да ААН».

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках