27 красавiка 2024, Субота, 1:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Андрыеўскі стаў новым галоўным трэнерам менскага «Дынама»

Аляксандр Андрыеўскі стаў новым галоўным трэнерам менскага «Дынама»
АЛЯКСАНДР АНДРЫЕЎСКІ
ФОТА: BELARUSHOCKEY.COM

Яшчэ будучы гульцом, ён правёў за клуб дзевяць сезонаў.

Новым галоўным трэнерам менскага «Дынама» стане 50-гадовы беларускі спецыяліст Аляксандр Андрыеўскі, паведамляе афіцыйны сайт клуба.

Яшчэ будучы гульцом, ён у розныя гады выступаў за клуб і ў суме правёў у «Дынама» дзевяць сезонаў. За плячыма Андрыеўскага і насычаная замежная кар'ера: Злучаныя Штаты Амерыкі, Фінляндыя, Італія, Нямеччына, Расея.

Нападнік стаў першым айчынным хакеістам у НХЛ і найлепшым хакеістам Беларусі ХХ стагоддзя паводле апытання газеты «Прэсбол». Доўгія гады быў лідарам і капітанам нацыянальнай зборнай.

Трэнерскую працу Аляксандр Леанідавіч таксама пачынаў у «Дынама»: у сезоне 2006/07 асыставаў Любаміру Паковічу і Эдуарду Занкаўцу. Пасля гэтага працаваў у «маладзёжцы» і «Гомелі» (прывёў да срэбра экстралігі). У першы год існавання КХЛ прыняў «зуброў» у ходзе «рэгуляркі», змяніўшы на мастку Глена Хэнлана. Надалей ён цягам пяці сезонаў уваходзіў у штаб каманды: двойчы яго ўзначальваў, а таксама дапамагаў Марэку Сікору і Кары Хейкіле. Пад кіраўніцтвам Андрыеўскага дынамаўцы заваявалі Кубак Шпэнглера - 2009!

У 2014-м спецыяліст ізноў узначаліў «Гомель», узяў з камандай бронзу АЧБ і вярнуўся ў КХЛ ужо ў статусе рулявога «Адмірала». Двойчы выводзіў «маракоў» у плэй-оф з шостага месца Усходняй канферэнцыі. У ходзе цяперашняга сезону Аляксандр Леанідавіч прыняў «Сібір», якая да таго моманту праваліла старт чэмпіянату. Хай і не адразу, але ў беларуса атрымалася выправіць сітуацыю. Надалей каманда набрала амаль пяцьдзясят адсоткаў балаў і да апошняга змагалася за месца ў плэй-оф.

- У апошні час многія прадстаўнікі беларускай трэнерскай школы змаглі заявіць пра сябе не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі, таму ў выбары настаўніка мы арыентаваліся на айчынных спецыялістаў, - адзначыў генеральны дырэктар клуба Дзмітрый Баскаў. - У нашым спісе кандыдатаў значылася блізу дзесяці чалавек. З вольных у цяперашні момант беларусаў найбольшым досведам працы ў КХЛ валодае якраз Аляксандр Леанідавіч. Ён двойчы выводзіў у плэй-оф «Адмірал», а ў мінулым сезоне істотна палепшыў гульню «Сібіры», якая, нягледзячы на правальны старт, рэальна змагалася за траплянне ў васьмёрку. Да таго ж Андрыеўскі як колішні лідар беларускай зборнай і ўжо спраўджаны трэнер добра ведае спецыфіку нашага хакею. З ім клуб звязвае надзеі на якасны прагрэс у гульні і, вядома ж, выхад у плэй-оф.

У найбліжэйшы час супольна з кіраўніцтвам Аляксандр Андрыеўскі сфармуе свой трэнерскі штаб.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках