23 лiпеня 2019, aўторак, 23:56
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Нацыянальны гістарычны музей пакажа абліччы беларусаў X-XII стагоддзяў

ФОТА: HISTMUSEUM.BY

Экспазіцыя «Погляд з глыбіні стагоддзяў» адкрыецца 16 траўня.

Экспазіцыя «Погляд з глыбіні стагоддзяў», прысвечаная навуковай дзейнасці выбітнага беларускага антраполага Ігара Чаквіна, адкрыецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі 16 траўня, паведаміла БелТА навуковая супрацоўніца экспазіцыйнага аддзела музея Данута Грынь.

На выставе будзе прэзентавана больш за 50 экспанатаў: бюсты, асабістыя рэчы Ігара Чаквіна, кнігі этнаграфіі і гісторыі з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея, Інстытута гісторыі НАН, Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» і Талачынскага гісторыка-краязнаўчага музея.

КРЫНІЦА: BELTA.BY

«Мы пакажам 11 бюстаў - рэканструкцый чэрапаў беларусаў X-XII стагоддзяў, выкананых сумесна Ігарам Чаквіным і скульптарам Леанідам Яшэнкам, - адзначыла навуковая супрацоўніца музея. - Таксама будзе некалькі прац самога Леаніда Яшэнкі. Аддзел антрапалогіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прэзентуе асабістыя рэчы Ігара Чаквіна, напрыклад, графічныя замалёўкі. Акрамя таго, будуць прадэманстраваныя прадметы з калекцыі нашага музея: скроневыя кольцы, каралі, гаршкі і іншыя».

Данута Грынь падкрэсліла, што антрапалагічная рэканструкцыя аблічча на краніялагічнай аснове, або аднаўленне твару паводле чэрапа, ля вытокаў якой у Беларусі стаяў Ігар Чаквін, з'яўляецца адным з прыкладных метадаў антрапалогіі. Гэты метад дазваляе аднавіць аблічча чалавека па вонкавых асаблівасцях чэрапа - рэльефе, структуры і г.д. Гэта робіць магчымым праводзіць параўнанне фізічнага тыпу людзей, якія жылі ў розныя эпохі.

«Праект «Погляд з глыбіні стагоддзяў» з'яўляецца адным з рэдкіх выставачных праектаў у нашай краіне, якія асвятляюць антрапалагічную тэматыку. Прэзентаваныя бюсты з'яўляюцца плёнам рэканструкцыі аблічча як мастацтва, навукі і рамяства. Узіраючыся ў твары мінулага, кожны з наведвальнікаў знойдзе сапраўднае», - сказала навуковая супрацоўніца музея.

Ігар Чаквін (1954-2012) зрабіў неацэнны ўнёсак у развіццё беларускай антрапалогіі, этналогіі і гісторыі, правёўшы шматлікія даследаванні па этнічнай гісторыі беларусаў і іншых славянскіх народаў, праславіўся як аўтар антрапалагічных рэканструкцый фізічнага аблічча жыхароў Беларусі X-XVIII стагоддзяў.

Выстава будзе працаваць да 2 чэрвеня.