27 красавiка 2024, Субота, 7:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяніс Івашын: У РФ прапрацоўваюцца сцэнары па маёй нейтралізацыі

1
Дзяніс Івашын: У РФ прапрацоўваюцца сцэнары па маёй нейтралізацыі
ДЗЯНІС ІВАШЫН
ФОТА: «БЕЛАРУСКІ ПАРТЫЗАН»

Афіцыйная заява рэдактара беларускай службы супольнасці InformNapalm.

Рэдактар беларускай службы міжнароднай валанцёрскай супольнасці InformNapalm Дзяніс Івашын зрабіў афіцыйную заяву ў сувязі з бесперапыннай інфармацыйнай агрэсіяй супраць яго расейскіх медыя-рэсурсаў.

«Расейская прапаганда разгарнула супраць мяне поўнамаштабную інфармацыйную кампанію з мэтай ачарнення і дыскрэдытацыі майго імя. Доўжыцца яна няспынна ўжо на працягу цэлага месяца, пачынаючы з сярэдзіны красавіка 2019 г. Паказальным з'яўляецца тое, што ў яе ўцягнутыя і некаторыя беларускія акторы, што непасрэдна сведчыць аб іх падкантрольнасці расейскім куратарам.

Фронтменамі інфармацыйнай вайны супраць мяне выступаюць такія расейскія прапагандысцкія рупары, як antimaydan.info, news-front.info, novorosinform.org, politnavigator.net, тэлеграм-каналы «338», «Трыкатаж» і шэраг іншых.

Характар, спосаб падачы і каналы распаўсюду дэзінфармацыі сведчаць аб тым, што за гэтым магчыма стаяць сілавыя ведамствы Расейскай Федэрацыі. Цалкам магчыма, да яе мае дачыненне Галоўнае ўпраўленне Генштаба УС РФ (былое ГРУ), пра гэта ўскосна сведчаць абсалютная грубасць і некампетэнтнасць правядзення інфармацыйна-псіхалагічнай спецаперацыі.

Каб паменшыць аператыўны прастор для «канчатковага развязання» майго пытання і выкарыстання магчымых сцэнарыяў па маёй нейтралізацыі, у тым ліку выкрадання на тэрыторыі Беларусі і перадачы расейскім сілавікам альбо інсцэніраванне суіцыду, заяўляю наступнае:

На Расеі апошні раз я быў у першай палове 2008 года. Пасля пачатку вайсковых дзеянняў РФ супраць Украіны і майго непасрэднага ўдзелу ў супрацьдзеянні расейскай інфармацыйнай агрэсіі, уважаю наведванне Расеі для сябе смяротна небяспечным. Перакананы, што дзяржава-агрэсар Расейская Федэрацыя з'яўляецца як для мяне асабіста, так і для Беларусі непасрэдным ворагам. Не планую і не збіраюся наведваць тэрыторыю РФ аж да поўнай ліквідацыі пуцінскага рэжыму. Пакідаю за сабой адзіную магчымасць туды патрапіць толькі ў статусе вайсковага карэспандэнта ў складзе экспедыцыйных сіл краін антыпуцінскай кааліцыі.

Не маю ніякіх суіцыдальных схільнасцяў. Фізічна і псіхічна здаровы. Сваё жыццё вельмі люблю і цаню, значную частку якога прысвячаю менавіта ўзмацненню нацыянальнай бяспекі Беларусі, бачу ў гэтым сваю ролю як журналіста і жыццёвую місію як патрыёта.

Расейская інфармацыйная спецаперацыя супраць мяне адбываецца на фоне значнага абвастрэння расейска-беларускіх стасункаў, адклiкання пасла РФ Міхаіла Бабіча, гандлёва-эканамічнай вайны, непрыхаваныя памкненні Расеі канчаткова паглынуць Беларусь пад прыкрыццём паўнавартаснага разгортвання праекта так званай «Саюзнай дзяржавы». Маецца прамая пагроза страты суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Агрэсіўныя дзеянні РФ супраць мяне - толькі адзін з мноства крокаў рэалізацыі гэтай пагрозы.

Мэтанакіраваная інфармацыйная кампанія расейскіх сродкаў масавай дэзінфармацыі ў дачыненні да мяне - найлепшы паказчык маёй эфектыўнасці. Таму сваю журналісцкую дзейнасць я буду працягваць з яшчэ большым энтузіязмам.

Рэдактар беларускай службы міжнароднага валанцёрскага супольнасці InformNapalm Дзяніс Івашын.

Ignis vincit tenebris!

Жыве Беларусь! Слава Україні!

Горадня, 16 траўня 2019 г.»

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках