27 красавiка 2024, Субота, 1:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Школьны музей у Наваградку ўжо не носіць імя Барыса Кіта

10
Школьны музей у Наваградку ўжо не носіць імя Барыса Кіта
Борис Кит
Фото: Кастусь Лашкевіч

Знакаміты ў свеце даследчык космасу быў дырэктарам Навагрудскай беларускай гімназіі.

Школьны музей Барыса Кіта ў Наваградку, які знаходзіцца ў будынку былой гімназіі, дзе ён быў дырэктарам, больш не носіць яго імя, піша Hrodna.life.

Барыс Кіт, знакаміты ў свеце даследчык космасу, скончыў Наваградскую беларускую гімназію ў 1928 годзе, а восенню 1939 стаў дырэктарам гімназіі. Навагрудская СШ №1 знаходзіцца ў будынку той самай былой гімназіі.

З 2007 года там адкрылі музей імя Барыса Кіта. Ён змяшчае раздзелы, звязаныя з гісторыяй школы, і мемарыяльны пакой Кіта. У экспазіцыі - дакументы, экспанаты, звязаныя з жыццём і дзейнасцю былога дырэктара і выкладчыка. Паведамлялася, што экспазіцыя ў школе створаная навуковымі супрацоўнікамі Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея. У гэтым годзе музей памяняў сваю назву, у ім больш не згадваецца імя знакамітага навукоўца.

Чытач Hrodna.life з Навагрудка распавёў, што змена назвы музея адбылася пасля візіту камісіі ў адукацыі, якая не ўхваліла, што гэта музей менавіта імя Барыса Кіта. Паводле інфармацыі чытача, музей збіраюцца не толькі перайменаваць, але і зрабіць экспазіцыю, прысвечаную ветэранам сістэмы адукацыі, і ўжо сярод іншых будзе згадвацца Барыс Кіт.

Дырэктарка СШ №1 Ала Сталярчук патлумачыла, што камісіі не было, назвала гэта пагалоскамі. З яе слоў, музей перайменавалі, бо з 2017 года аб'ядналі дзве школы, №1 і №2. У №2 таксама быў музей школы, яму выдзелілі памяшканне, і агульны музей цяпер называецца «Вехі гісторыі». Са слоў спадчынніцы Барыса Кіта, перайменаванне адбылося ў пачатку 2019 года на пастанову педсавета. Дырэктарка школы сказала, што пераносіць музей або мяняць экспазіцыю не мае намеру.

Начальніца ўпраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Людміла Мароз адказала, што не валодае інфармацыяй ні аб перайменаванні, ні аб камісіі, і каментаваць гэтае пытанне адмовілася.

Намесніца старшыні выканкама ў пытаннях адукацыі Святлана Каралько пацвердзіла інфармацыю, атрыманую ў школе: змяненне назвы звязана з аб'яднаннем двух навучальных устаноў, дакументы пачалі рыхтаваць у 2018 годзе, камісія дачынення да гэтага не мае.

На сайце школы на старонцы «Гісторыя школы» Барыс Кіт значыцца як «навуковец - астранаўт свету, дырэктар школы ў 1939 г.». У школе ёсць таксама піянерская дружына імя Кіта.

Барыс Кіт, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі, з'яўляецца ганаровым доктарам навук Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Ганаровым грамадзянінам Навагрудка. Навагрудскі музей захоўвае блізу 600 экспанатаў, перададзеных Барысам Кітам - яго асабістыя рэчы, публікацыі, фатаграфіі, узнагароды. Барыс Кіт памёр 1 лютага ў Франкфурце-на-Майне на 108 годзе жыцця.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках