18 чэрвеня 2019, aўторак, 13:04
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Кіраўнік цыганскай дыяспары ў Беларусі: Аблавы на цыганоў нагадваюць пераслед у Нямеччыне за Гітлерам

Фота: «Радыё Свабода»

Сотні чалавек зазнаюць пераслед паводле нацыянальнай прыкметы ва ўсёй краіне.

Старшыня грамадскага аб'яднання «Беларуская дыяспара цыган» Алег Казлоўскі кажа, што вусныя загады аб затрыманнях цыган апошнія 5-6 гадоў ідуць ад кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў.

«Паднялі ўсе сілы МУС»

Юлізу 100 цыган затрымалі ў Магілёве ўвечары 16 траўня і пратрымалі за кратамі да абеду 19 траўня. Як яны распавялі «Свабодзе», міліцыянты патрабавалі, каб паведамілі, хто мае дачыненне да выкрадання міліцыянта Яўгена Патаповіча, пра суіцыд якога сёння заявіў Следчы камітэт

«Сказалі, пакуль мы не знойдзем злачынцаў, нашы мужчыны будуць сядзець. Каб мы праз сваю цыганскую пошту шукалі тых людзей», - распавядала жонка аднаго затрыманага жыхара цыганскага раёна Чапаеўка 17 траўня.

Аднак затрымання былі не толькі ў Магілёве. Са слоў Алега Казлоўскага, да цыганоў прыходзілі міліцыянты ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

«Яны паднялі ўсе сілы МУС, - сказаў Казлоўскі. - У Калодзішчах быў аўтобус АМАПу. Затрымліваюць у Віцебску, у Гомелі пагалоўна ва ўсёй краіне»

Да самога кіраўніка дыяспары двойчы прыходзілі з нагоды забойства Яўгена Патаповіча.

«Мы самі зацікаўленыя, каб забойцаў знайшлі. Але гэта не падстава для затрымання. Мы ў першую чаргу грамадзяне Беларусі, і да нас павінна быць стаўленне, як да ўсіх іншых», - сказаў Казлоўскі.

«Усё змянілася з прыходам Шуневіча»

Казлоўскі кажа, што такія аблавы на цыганскія раёны ў Беларусі праходзяць рэгулярна. Мінімум раз на год праходзяць масавыя праверкі ва ўсіх абласцях. Таксама да цыганоў прыходзяць пасля гучных злачынстваў. Ціск на прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнасці, з ягоных назіранняў, узмацніўся апошнія 5-6 гадоў.

«Падобна на тое, як было ў Нямеччыне ў 1930-я, калі быў пераслед габрэяў і цыганоў. Я кіраўнік цыганскай дыяспары і кажу гэта на высокім узроўні», - сказаў Казлоўскі.

Ён мяркуе, што стаўленне міліцыі да цыганоў змянілася пасля прыходу новага кіраўніцтва МУС.

«За мінулым міністры ўнутраных спраў такога не было, - сцвярджае ён. - Было, але больш мякка. Усё змянілася з прыходам міністра Шуневіча».

Старшыня дыяспары кажа, што загад аб ціску на цыган вусны.

«Ён распаўсюджаны ў МУС як вусны. Грамадзян цыганскай нацыянальнасці затрымліваць, аглядаць, абшукваць - усё што заўгодна. Без усялякіх падстаў. Што мне рабіць, калі міліцыя не дае ніякіх папер?» - кажа Казлоўскі.

«Участковыя падбухторваюць мясцовых супраць цыганоў»

Алег Казлоўскі распавядае, што ў апошнія гады цыганоў затрымліваюць для праверак без якіх-небудзь падстаў.

«Затрыманне адбываецца без прычыны. Едзеш на аўтатранспарце, прыпыняе цябе супрацоўнік ДАІ і затрымлівае адразу. Гэта беззаконне», - кажа ён.

Таксама рэгулярна прыходзяць дадому. Часцей за ўсё шукаюць наркотыкі або самагонныя апараты.

«Яны думаюць, што ўсе цыганы займаюцца наркотыкамі. Ды той, хто займаўся, даўно сядзіць», - сказаў Казлоўскі.

З ягоных слоў, сёння многія цыганы знаходзяцца за рысай беднасці, бо іх рэдка хто бярэ на працу. Многія праз гэта з'язджаюць з Беларусі.

«Участковыя падбухторваюць супраць мясцовых ромаў. Кажуць ім: Убачыце цыганоў - тэлефануйце адразу. І так і ёсць. Як толькі заедзе хто ў вёску, адразу прыязджае міліцыя і людзей затрымліваюць для праверкі», - сказаў Казлоўскі.

Старшыня дыяспары не ведае, як можна змяніць сітуацыю. З ягоных слоў, упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка на ўсе звароты просіць паказаць задакументаваныя выпадкі.

«Цяпер ніхто не рэагуе на нашы звароты: ні пракуратура, ні МУС. Як я разумею, прэзідэнт не ў курсе гэтай сітуацыі», - сказаў Казлоўскі.

У прэс-службе управы ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама «Свабодзе» адмовіліся каментаваць сітуацыю.

«Калі такая інфармацыя будзе, яна будзе афіцыйна размешчаная», - сказаў Дзмітрый Ігнатовіч з групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў.

У прэс-службе міліцыі Віцебскай вобласці сказалі, што інфармацыя аб затрыманні цыганоў на Віцебшчыне не адпавядае рэчаіснасці.

З прэс-службай цэнтральнага апарата МУС пакуль звязацца не ўдалося.

«Супрацоўнікі АМАП у масках моцна білі»

Напярэдадні ў Магілёве выйшлі на волю затрыманыя ўвечары 16 траўня прадстаўнікі цыганскай меншасці. Са слоў вызваленых, ім інкрымінавалі дробнае хуліганства, але падставай для затрымання стала расследаванне справы аб выкраданні і забойстве супрацоўніка Магілёўскага ДАІ Яўгена Патаповіча. Кожны затрыманы быў дапытаны паводле гэтай справы.

Дакладная колькасць цыган, якія тры дні прабылі ў мясцовым ізалятары, застаецца невядомай. Тыя, хто вызваліўся, мяркуюць, што праз ізалятар маглі прайсці не менш за 100 чалавек.

Сын барона: у ізалятары абыходзіліся памяркоўна. У міліцыі і пры затрыманні збівалі.

У ізалятары ўтрымліваліся толькі цыгане-мужчыны, але 16 траўня разам з імі затрымлівалі і жанчын. Іх вызвалілі а 5 гадзіне раніцы 17 траўня. У няволі яны прабылі блізу сямі гадзін.

Усе затрыманыя - жыхары магілёўскіх пасёлкаў Чапаеўка і Грабянёва, у якіх кампактна пражываюць цыганы.

19 траўня жанчыны сустракалі сваіх мужчын са слязамі. Гаварыць з журналістамі адважваліся нямногія. Тыя, хто адмаўляўся, лічылі, што інтэрв'ю стане падставай для паўторнага затрымання. Усім, хто выйшаў на волю, інкрымінавалася дробнае хуліганства: «Спраўлялі патрэбу ў неналежным месцы».

Ці будуць іх за гэта «правапарушэнне» судзіць, невядома. Копіі пратаколу на рукі нікому не далі.

«У ізалятары з намі абыходзіліся памяркоўна, а вось, калі заскочылі ў мой дом супрацоўнікі АМАП у масках, то моцна білі. Білі прыкладам аўтамата, рукі вывернулі. Збівалі маіх сыноў», - успамінае падзеі вечара 16 траўня жыхар Чапаеўкі Раман. Ён сын мясцовага барона.

Суразмоўца кажа, што перад уварваннем супрацоўнікаў АМАП да яго прыязджалі супрацоўнікі ДАІ і міліцыянты з наркакантролю. Іх цікавіла, ці бачыў ён у Чапаеўцы чорнае аўто. Пасля затрымання супрацоўнікамі АМАП цыганоў адвезлі ў Ленінскі аддзел міліцыі, дзе дапытвалі. Трымалі ў спартыўнай зале.

«Гэта генацыд»

Двое сыноў Раманавых, Іван і Раман, таксама ўтрымліваліся ў ізалятары. Старэйшы сын Раман кажа, што яго збівалі на допыце. Дамагаліся, каб сябе агаварыў. Са слоў хлопца, следчыя спачатку спыталі ў яго, чаму ён затрыманы, калі адказаў, што не ведае, заявілі: «Забіты людзьмі вашай нацыянальнасці супрацоўнік ДАІ, і падазрэнне - на вас».

У ізалятары хлопцу выклікалі хуткую дапамогу, бо падскочыў ціск. Далі пілюлю і перавялі ў адзіночную камеру. Цяпер ягоны бацька збіраецца весці сына здымаць пабоі. А таксама высвятляць, хто скраў у яго ў міліцыі тэлефон.

«Я разумею, калі чалавек учыніў нейкае злачынства, то з ім абыходзяцца жорстка, а што мы зрабілі? Гэта ж генацыд», - кажа Раман-старэйшы.

З ягоных падлікаў, з Чапаеўкі цыган затрымалі блізу 40 чалавек. Разам з грэбянёўскімі колькасць дасягае 100. Ва ўсіх затрыманых следчыя перагледзелі змесціва тэлефонаў. Кожны прайшоў асабісты агляд з раздзяваннем да галізны. Выпусцілі з ізалятару нечакана. Затрыманым сказалі: «З рэчамі на выхад».

Грабянёўскі цыган: Мяне не адважыліся біць, бо я інвалід I групы

Грабянёўскія цыганы таксама на волі. Тутэйшаму жыхару Пятру Леанідавічу «пашанцавала» - не трапіў у ізалятар. Ён інвалід I групы, і ў Кастрычніцкім аддзяленні міліцыі з ім абыходзіліся не так жорстка, як з іншымі. У няволі ён прабыў сем гадзін. З ягоных слоў, супрацоўнікі міліцыі «акружылі пасёлак а 23 гадзіне 16 траўня і пачалі ўсіх хапаць». Пад аблаву патрапілі жанчыны, мужчыны, інваліды, дзеці.

«Мяне хацелі біць, але жонка паспела сказаць, што я інвалід. Тады мне загадалі ісці ў аўто. У ім таксама збіраліся біць, але не адважыліся», - успамінае суразмоўца.

З ягоных слоў, з іншымі цыганамі не цырымоніліся. Тых, хто знаходзіўся ў дамах, супрацоўнікі АМАП клалі на падлогу разам з непаўналетнімі. Ён сцвярджае, што на ўнучку ягонай сястры міліцыянт наступіў. Ягоная праўнучка цяпер адразу хаваецца, калі стукаюць у дзверы. Затрымалі сына, ён тры дні адседзеў у ізалятары.

«Хіба так здзекуюцца з нацыянальнай меншасці ў еўрапейскай краіне?»

Са слоў суразмоўцы, звозілі затрыманых грэбянёўскіх цыганоў у актавую залю Кастрычніцкага аддзелу міліцыі Магілёва. Калі яго прывезлі, там ужо знаходзілася пад 50 затрыманых.

Пятру Леанідавічу ўдалося пераканаць следчых, каб яны дазволілі жонцы перадаць яму інсулін, бо хварэе на цукровы дыябет.

Ён сцвярджае, што ў райаддзеле зняволеным заявілі, што «цыганоў абвінавачваюць у забойстве супрацоўніка ДАІ». Забраўшы ва ўсіх тэлефоны, пачалі дапытваць. Суразмоўца кажа, што не бачыў, каб кагосьці білі, але пратэстаў зняволеных следчыя не ўспрымалі.

«У міліцыі казалі, што цяпер цыганам жыцця ў Беларусі не будзе», - намагае ён.

Перажытую сітуацыю параўноўвае з тым, што бачыў у фільмах пра вайну. Пётр Леанідавіч перакананы: беспадстаўныя абвінавачванні цыганоў у забойстве міліцыянта вядуць да міжнацыянальнай напругі.

«Цяпер страшна за дзяцей. Улада не павінна была так паступаць, бо павінна прадбачыць наступствы. Цяпер мы ворагі. Будзе яшчэ больш непрыязнасці. Хіба можна так здзекавацца з меншасцяў у еўрапейскай дзяржаве?»,- падсумоўвае ён.

Праваабаронца: Так можна справакаваць і цыганскія пагромы

Чаму праваахоўныя органы зладзілі аблаву на прадстаўнікоў менавіта гэтай нацыянальнасці? І наколькі такія дзеянні адпавядаюць нормам права і маралі? Пракаментаваў сітуацыю «Завтра твоей страны» намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

- Паводле інфармацыі, якая з'явілася ў СМІ, забіты міліцыянт нібыта напісаў паведамленне ў Viber аб чорнай «Волзе» з таніраваным шклом і трох цыганах у машыне – нагадвае юрыст. - Незразумела, чаму органы следства наважылі, што гэта тычыцца менавіта тых, хто ўчыніў злачынства.

Як мяркуе праваабаронца, супрацоўнік ДАІ мог напісаць такое паведамленне на нейкія іншыя прычыны, якія не маюць дачынення да забойства (калі паверыць у версію суіцыду, то так яно і было - заўв.)

Аднак у праваахоўнікаў паўстала першая версія, што забойцы паводле нацыянальнасці рома.

- Самай простай пастановай для іх было прыехаць у пасёлкі, дзе кампактна пражываюць прадстаўнікі гэтай нацыянальнасці, і затрымліваць усіх запар: жанчын, мужчын, падлеткаў, старых. Мы ведаем, што мужчыны дагэтуль знаходзяцца ў ізаляцыі (па стане на раніцу 20 траўня ўжо ўсе былі адпушчаныя - заўв.), - адзначае Валянцін Стэфановіч.

Юрыст падкрэслівае, што Крымінальна-працэсуальны кодэкс (КПК) дае выразны пералік падстаў для затрымання ў такіх выпадках: калі сведкі проста ўказваюць на асобу, датычную да злачынства, калі на вопратцы, у жыллі або дзесьці яшчэ будуць знойдзеныя сляды злачынства, калі чалавек паспрабаваў уцячы ад следства або органаў міліцыі і гэтак далей.

А ў гэтым выпадку, як падкрэслівае праваабаронца, дзясяткі чалавек адправілі за краты толькі таму, што яны належаць да нацыянальнасці рома.

Акрамя таго, пазней стала вядома, што ўсе гэтыя асобы затрыманыя нібыта паводле падазрэння ва ўчыненні дробнага хуліганства. На іх склалі пратаколы, што дае праваахоўным органам права трымаць грамадзян пад вартай тры дні да суда.

- Як вы мяркуеце, масавыя затрыманні адбыліся менавіта таму, што пад падазрэнне трапілі рома?

- Людзі гэтай нацыянальнасці ўвесь час з'яўляюцца аб'ектамі падвышанай увагі з боку праваахоўных органаў. Наогул, прафіляванне паводле нацыянальнай прыкметы, на жаль, у нас нярэдкае. У гэтых людзей беспадстаўна здымаюць адбіткі пальцаў, спыняюць іх транспартныя сродкі для праверкі на прадмет згону.

У зводках стала паказваецца толькі гэтая нацыянальнасць, ніколі там не паказваецца, што злачынства ўчыніў расеец, беларус або нехта яшчэ. Такія факты паказваюць на прадузятае стаўленне да прадстаўнікоў рома.

І цяпер мае месца масавае парушэнне правоў, між іншым, грамадзян Беларусі. Мяне здзіўляе адсутнасць рэакцыі пракуратуры - нагляднага органа, у тым ліку, і за дзеяннямі органаў дазнання. Чаму пракурор Магілёўскай вобласці не правядзе праверку законнасці ўтрымання гэтых грамадзян пад вартай і не ўжыве адпаведныя захады рэагавання?

- Наколькі наогул дапушчальна ўказваць нацыянальнасць падазраваных ва ўчыненні правапарушэнняў ці злачынстваў?

- Гэта можа быць дапушчальна ў якасці апісання знешнасці злачынцы. Проста ў нашым грамадстве, дзе дастаткова негатыўнае стаўленне да прадстаўнікоў нацыянальнасці рома і ў дачыненні да іх даволі высокі ўзровень ксенафобіі, гэта вельмі небяспечна. Так можна справакаваць і цыганскія пагромы. Асабліва, калі самі праваахоўнікі ладзяць масавае затрыманне толькі паводле нацыянальнай прыкметы.

- Ці могуць негатыўна адбіцца на іміджы Беларусі масавыя затрыманні цыган?

- Вядома, гэта не дадасць пазітыву ў дачыненні да Беларусі. Наколькі мне вядома, нашы калегі ўжо паведамілі спецдакладчыку ў расавай дыскрымінацыі ААН аб падзеях, якія адбываюцца. Мы ў сваіх дакладах і раней адзначалі факты прадузятага стаўлення праваахоўнікаў да прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці.