18 красавiка 2024, Чацвер, 10:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Масква хоча спагнаць з Менска грошы за схемы з растваральнікамі

55
Масква хоча спагнаць з Менска грошы за схемы з растваральнікамі
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Ва ўрадзе РФ заяўляюць пра наяўнасць запазычанасці Беларусі за пастаўкі растваральнікаў у 2011-2012 гадах.

Дзмітрый Мядзведзеў мае намер абмеркаваць з Сяргеем Румасам экспарт нафтапрадуктаў, паведаміў прэс-сакратар расейскага прэм'ер-міністра Алег Восіпаў, піша interfax.by.

Тэма растваральнікаў, экспарт якіх Беларусь актыўна вяла ў 2011-2012 гадах, была паднятая расейскім бокам на фоне прэтэнзій Менска аб кампенсацыі шкоды ў сувязі з пастаўкамі ў Беларусь забруджанай хлорарганікай нафты.

«Плануецца закрануць і праблемныя тэмы, якія тычацца пастаўкі нафты па трубаправодзе «Дружба», а таксама запазычанасць Беларусі, якая ўзнікла падчас рэалізацыі незаконнай схемы з пастаўкамі так званых растваральнікаў, - сказаў прэс-сакратар расейскага ўрада Алег Восіпаў.

Сустрэча Мядзведзева з Румасам запланаваная на 24 траўня ў Маскве.

«Будзе абмяркоўвацца комплекс пытанняў, звязаных з інтэграцыйным працэсам, станам гандлёва-эканамічных стасункаў паміж нашымі краінамі», - дадаў Восіпаў.

Урад Расеі яшчэ ў 2012 годзе агучыў, што Беларусь вядзе кантрабанду расейскіх нафтапрадуктаў. Менск пад выглядам растваральнікаў і іншых нафтапрадуктаў экспартаваў прадуктаў з сыравіны больш, чым можа стварыць. Тады Беларусь пералічвала ў бюджэт РФ экспартныя мыты на нафтапрадукты ў абмен на пастаўкі нафты без мытнага афармлення. Хімічная прадукцыя (растваральнікі і растваральнікі складаныя арганічныя, а таксама змазачныя матэрыялы) не траплялі ў спіс нафтапрадуктаў, экспартныя мыты ад продажу якіх павінны былі пералічвацца ў расейскі бюджэт. Асноўны аб'ём паставак растваральнікаў з Беларусі накіроўваўся ў Латвію і Нідэрланды.

Расейскі бок ацэньвае страты свайго бюджэту на ўзроўні ад 700 мільёнаў да 2 мільярдаў даляраў.

Беларускі бок катэгарычна адмаўляў наяўнасць шэрых схем пры экспарце нафтапрадуктаў і нагадвае, што пералічваў у бюджэт РФ істотныя грошы, на ўзроўні 3 мільярдаў даляраў у 2011 годзе.

У верасні 2012 года Беларусь цалкам спыніла экспартныя пастаўкі растваральнікаў.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках