27 красавiка 2024, Субота, 3:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскія радзільні застаюцца без гарачай вады падчас планавага адключэння

8
Менскія радзільні застаюцца без гарачай вады падчас планавага адключэння

Парадзіхі кажуць, што іх пра гэта не папярэджвалі.

З сярэдзіны траўня ў Менску пачаліся планавыя адключэнні гарачай вады на час рамонтных работ на цепласетках.

Цягам двух тыдняў жыхары сталіцы вымушаныя награваць яе ў бойлерах або тазіках. Акрамя жылых дамоў, гарачую ваду адключаюць і ў медыцынскіх установах. Так адбылося і ў радзільні №2, дзе жанчыны цяпер пазбаўленыя магчымасці прыняць душ, паведамляе «Белсат».

З 13 траўня ў Менскім гарадскім клінічным доме №2 на вуліцы Бельскага адсутнічае гарачая вада, яе ўключэнне чакаецца толькі 27-га траўня - гэта значыць, яшчэ некалькі дзён парадзіхі не змогуць памыцца.

Як распавяла журналістам Вераніка Н., якая нарадзіла дзіця на мінулым тыдні, у пакоі бойлер быў усталяваны толькі на ракавіну - каб мыць малых, але ў душы для жанчын такога бойлера не зрабілі.

«Роды былі платныя - калі я ў пачатку красавіка падпісвала дамову з радзільняй, мяне ніхто не папярэджваў аб адсутнасці вады. У выніку атрымалася вельмі непрыемная сітуацыя: даводзілася браць чайнік у медсястры і награваць ваду такім чынам. Мне ў той момант было шкада сябе і дзяўчынак», - скардзіцца Вераніка.

Паводле яе слоў, радзільня была запоўненая цалкам, бо туды прывезлі яшчэ і парадзіх з 1-й гарадской клінічнай лякарні. Там цяпер акурат адбываецца планавая дэзінфекцыя, якая ў адпаведнасці з графікам будзе доўжыцца да 26 траўня. За гэты час у радзільным доме робяць касметычны рамонт і апрацоўваюць памяшканне, каб пазбегнуць распаўсюджвання інфекцый.

«Мне здаецца, установы такога кшталту павінны мець нейкі адмысловы статус, каб у іх не адключалі гарачую ваду наогул, бо для жанчыны ў першыя дні пасля родаў гэта адна з базавых патрэбаў! Мы пыталіся ў адміністрацыі радзільні, чаму так здарылася, але нам параілі звяртацца з гэтым пытаннем у Менгарвыканкам», - кажа маладая мама.

«Мы папярэджвалі, але жанчына не памятае гэтага»

Журналісты патэлефанавалі на нумар, паказаны на афіцыйным сайце радзільні №2 як кантакт «каардынатара ў платных родах». Сястра-акушэрка Наталля Лямешка, якая працуе ў платным аддзяленні радзільні, распавяла:

«Кожная жанчына падчас укладання дамовы на платныя роды была папярэджаная аб адключэнні гарачай вады ў гэтыя дні, таму няпраўда, што яе не папярэджвалі. Але часам жанчыны на позніх тэрмінах цяжарнасці бываюць разгубленымі, дрэнна канцэнтруюцца на інфармацыі - чалавек мог проста забыць. Гэта ўсё фізіялогія.

Мы хацелі набыць бойлеры, але, магчыма, што нешта не атрымалася... Трэба пытацца ў кіраўніцтва», - патлумачыла Наталля.

Яна не ўдакладніла, што канкрэтна пайшло не так з набыццём бойлераў для душа, а не для ракавіны. Аператыўна звязацца з кіраўніцтвам радзільні не ўдалося.

«Дарэчы, мы таксама мяркуем, што не варта адключаць гарачую ваду ў такіх месцах. На жаль, гэта праблема ва ўсім горадзе, і развязанне залежыць не ад нас дакладна», - дадала працаўніца радзільні.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках