26 красавiка 2024, Пятніца, 23:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

РФ пакінула пад вартай усіх украінскіх маракоў насуперак пастанове Міжнароднага трыбунала

22
РФ пакінула пад вартай усіх украінскіх маракоў насуперак пастанове Міжнароднага трыбунала

Сёння Маскоўскі гарсуд разгледзеў апеляцыі што да васьмі ваеннапалонных украінцаў.

Суд у Маскве разгледзеў апеляцыйныя скаргі што да яшчэ васьмярых ваеннапалонных маракоў, якіх РФ захапіла ў лістападзе мінулага года, і пакінуў украінцаў пад вартай, піша «Зеркало недели».

Tакую пастанову суд Масквы прыняў пасля таго, як Міжнародны трыбунал па марскім праве пастанавіў неадкладна адпусціць усіх 24 маракоў і вярнуць захопленыя караблі.

«Маскоўскі гарадскі суд сёння разгледзеў апеляцыйныя скаргі адвакатаў пятай і шостай чацвёрак ваеннапалонных украінскіх маракоў. Пастановы Ляфортаўскага раённага суда, якімі маракам былі падоўжаныя тэрміны ўтрымання пад вартай да канца ліпеня, пакінутыя без змены, скаргі абароны без задавальнення», - напісаў адвакат Мікалай Полазаў.

Ён нагадаў, што такім чынам Маскоўскі гарадскі суд адхіліў апеляцыйныя скаргі што да падаўжэння тэрміну ўсіх 24 ваеннапалонных украінскіх маракоў. Полазаў таксама адзначыў, што падаць справаздачу Міжнароднаму трыбуналу ААН у марскім праве аб выкананні яго пастановы Расея можа да 25 чэрвеня 2019 года.

Нагадаем, 25 траўня Міжнародны трыбунал ААН у марскім праве вынес пастанову, якой абавязаў РФ вызваліць два катэры, рэйдавы буксір ВМС Украіны і 24 украінскіх маракоў, захопленых у раёне Керчанскай пратокі ў лістападзе 2018 года. Пастанову падтрымалі 19 суддзяў, расейскі суддзя галасаваў «супраць».

Цяпер Расея цягам месяца павінна закрыць незаконна распачатыя крымінальныя справы і адпусціць украінскіх маракоў, забяспечыўшы ўмовы для вяртання ваеннапалонных і караблёў ва Украіну. Выкананне пастановы з'яўляецца абавязковым.

У расейскім МЗС заявілі аб тым, што захоп украінскіх караблёў і маракоў нібыта не ўваходзіць у юрысдыкцыю міжнароднага суда. Аднак, інцыдэнт у Керчанскай пратоцы з'яўляецца грубым парушэннем імунітэту, якім карыстаюцца вайсковыя караблі ў адпаведнасці з Канвенцыяй ААН у марскім праве.

У сваю чаргу новаабраны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў выкананне краінай-агрэсарам пастановы трыбунала ААН «першым сігналам аб рэальнай гатоўнасці да спынення канфлікту з Украінай».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках