27 красавiка 2024, Субота, 5:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NEXTA: У Гародні ўлады ўтойваюць маштабную эпідэмію адру

5
NEXTA: У Гародні ўлады ўтойваюць маштабную эпідэмію адру

Паводле звестак блогерa, у інфекцыйнай лякарні знаходзяцца 19 чалавек.

У Гародні сярод студэнтаў выяўленыя выпадкі захворвання на адзёр. Захварэлі навучэнцы, якія жылі ў адным з інтэрнатаў на бульвары Ленінскага камсамола, паведамляе «Белсат».

Як паведамляе БелТА са спасылкай на абласны Цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, хворых шпіталізавалі ў абласную інфекцыйную лякарню. Сюды ж з падазрэннем на адзёр змясцілі яшчэ некалькіх студэнтаў Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Гарадзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

«Гаворка пра каранцін у інтэрнаце не вядзецца», распавялі ў абласным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Адзначаецца, што арганізаванае медыцынскае назіранне за кантактнымі асобамі, імунізацыя ў эпідпаказаннях раней не прышчэпленых ад адру.

Маштабы захворвання ўтойваюцца?

Разам з тым, як паведамляе тэлеграм-канал NEXTA, «каб пазбегнуць панікі сярод насельніцтва і замежных гасцей напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў» сапраўдная інфармацыя пра маштабы захворвання не паведамляецца. Паводле звестак канала, у гарадзенскай інфекцыйнай лякарні на 30 траўня знаходзяцца 19 чалавек.

Нашым карэспандэнтам прадстаўнікі лякарні даваць каментар праз тэлефон адмовіліся.

Эпіцэнтрам хваробы стаў медычны ўніверсітэт, куды адзёр з Польшчы прывёз адзін са студэнтаў.

«Студэнтаў не адпускалі дадому, давялося нават задзейнічаць міліцыю, каб стрымліваць. Вакцын бракуе. У гэты панядзелак ужо ў 5-м інтэрнаце шпіталізавалі яшчэ дваіх. Сам інтэрнат закрылі на каранцін», - паведамляе NEXTA.

Студэнты чакаюць канца сесіі, каб хутчэй з'ехаць з Гародні дадому. Заняткі ва ўніверсітэтах таксама не скасавалі.

У каментары журналістам першы прарэктар Гарадзенскага медыцынскага ўніверсітэта Віталь Вераб'ёў паведаміў, што не ведае дакладнай колькасці хворых. «Ведаю, што іх пакуль няшмат», - сказаў ён.

«Тое, што было агучанае, тое і ёсць. Займаецца санэпідэмстанцыя. Цэнтр эпідэміялогіі і інфекцыйная лякарня, калі трэба, падключаюцца», - адзначыў першы прарэктар.

З ягоных слоў, «Усё, здаецца, пад кантролем». «Паглядзім, што будзе далей», - заявіў Віталь Вераб'ёў.

Атрымаць каментар у Міністэрстве аховы здароўя не ўдалося.

Як перадаецца адзёр

Адзёр перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Каб захварэць, досыць пабыць у адным памяшканні з тым, хто ўжо захварэў, пры ўмове, што вы не прышчэпленыя і ў вас няма імунітэту. Інкубацыйны перыяд хваробы з моманту заражэння да з'яўлення сімптомаў можа доўжыцца ад 7 да 21 дня.

Першыя сімптомы адру нагадваюць рэспіраторныя інфекцыі. У чалавека павышаецца тэмпература, з'яўляецца насмарк, кашаль, запаляюцца і чырванеюць вочы, цякуць слёзы. На чацвёрты дзень хваробы на твары і шыі з'яўляецца сып, затым распаўсюджваецца на ўсё цела. За шэсць дзён балячкі падсыхаюць і знікаюць.

Найгоршае ўскладненне - гэта запаленне абалонак галаўнога мозгу. Часцей узнікаюць пнеўманіі, радзей - запаленні вачэй, каліты і гнойныя паразы скуры.

Прышчэпкі ад адру робяцца планава ў 12 месяцаў і 6 гадоў. Уважаецца, што калі вакцынацыя прайшла паводле правілаў, то імунітэт павінен абараняць чалавека да канца жыцця. Каб гэта праверыць, можна здаць аналіз крыві і даведацца пра свой узровень антыцелаў да адру. У рэдкіх выпадках чалавек, якому рабілі абедзве планавыя прышчэпкі, таксама можа захварэць.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках