Афіцыйна: кандыдатамі на пасаду прэм'ера Брытаніі зарэгістравалі 10 палітыкаў
- 10.06.2019, 21:01
- 5,830
Кансерватыўная партыя разлічвае абраць новага лідара ў канцы ліпеня.
На пасаду лідара Кансерватыўнай партыі Брытаніі і адпаведна - на пасаду прэм'ера афіцыйна прэтэндуюць 10 палітыкаў.
Пра гэта паведамляе BBC.
Пералік прэтэндэнтаў на лідарства ў партыі абвясціла намесніца старшыні партыйнага камітэта 1922 Шэрыл Гілан.
Кандыдатамі сталі: міністр у пытаннях навакольнага асяроддзя Майкл Гоув, міністр аховы здароўя Мэт Хэнкак, былы арганізатар парламенцкай большасці Марк Харпер, міністр замежных спраў Джэрэмі Хант, міністр унутраных спраў Саджыд Джавід, былы міністр замежных спраў Барыс Джонсан, былая лідарка Палаты абшчын Андрэа Лідсам, былы сакратар у пытаннях працы і пенсій Эстэр Маквей, былы міністр у пытаннях Brexit Дамінік Рааб і сакратар міжнароднага развіцця Роры Сцюарт.
Сэм Гійма, адзіны прэтэндэнт, які падтрымлівае другі рэферэндум аб Brexit, зняўся з гонкі неўзабаве пасля закрыцця падачы заявак, заявіўшы, што ў яго не было дастаткова часу для забеспячэння сваёй падтрымкі.
Тэрэза Мэй афіцыйна сышла з пасады лідаркі Кансерватыўнай партыі на мінулым тыдні, але застанецца прэм'ер-міністаркай датуль, пакуль не будзе абраны яе пераемнік.