20 лiпеня 2019, Субота, 4:54
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Пратэстоўцы супраць завода АКБ у Берасці: Хуткасць руху да мэты павялічылася ў некалькі разоў

1
Фота: «Радыё Свабода»

Сотні людзей выйшлі на марш у нядзелю, нягледзячы на 33-градусную спякоту.

На плошчы Леніна ў Берасці апоўдні 16 чэрвеня зноў сабраліся супраціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, паведамляе racyja.com.

Паводле ацэнкі праваабаронцы Рамана Кісляка, на плошчу прыйшло больш за 200 чалавек.

Такія сустрэчы адбываюцца тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Супрацоўнік міліцыі праз мегафон папярэджвалі прысутных аб недапушчальнасці парушэння парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства.

"На плошчы сквар - 33 градусы ў цені. Нягледзячы на гэта, людзі прыйшлі, што пацвярджае іх рашучасць закрыць завод", - мяркуе Кісляк.

Паводле ягоных слоў, у людзей цяпер узнёслы настрой, бо з'явілася надзея на закрыццё завода.

"Хуткасць руху да мэты павялічылася ў некалькі разоў", - заявіў актывіст Аляксандр Абляк.

На плошчы прысутныя абмеркавалі пастанову Берасцейскага аблвыканкама прыпыніць будаўніцтва акумулятарнага завода "да ліквідацыі выяўленых парушэнняў".

Адпаведнае распараджэнне кіраўніка вобласці Анатоля Ліса аблвыканкам апублікаваў 14 чэрвеня.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая доўжылася прыкладна да 12.45, супраціўнікі завода прайшлі па цэнтральных вуліцах - Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра "Беларусь" і а 13.20 разышліся.

Затрыманняў не было. На плошчы Леніна знаходзілася больш за 10 супрацоўнікаў міліцыі ў форме і ў цывільным. Некаторыя здымалі сустрэчу і шэсце на відэакамеры.

12 чэрвеня група супраціўнікаў прадпрыемствы сустрэлася з кіраўніком вобласці. Са слоў Рамана Кісляка, падчас сустрэчы актывісты агучылі шэраг выяўленых імі парушэнняў пры праектаванні і будаўніцтве акумулятарнага завода. Кіраўнік вобласці паабяцаў, што гэтыя факты будуць правераны на працягу тыдня, і калі парушэнні пацвердзяцца, то завод працаваць не будзе. Актывісты заявілі пра намер працягнуць нядзельныя сустрэчы на плошчы Леніна і дзяжурствы каля завода.