23 лiпеня 2019, aўторак, 13:03
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

NASA спыніла вытворчасць абсталявання для расейскага спадарожніка праз адсутнасць аплаты

9

Навукоўцы заяўляюць, што праект амаль не фінансуецца.

Амерыканскае касмічнае агенцтва НАСА спыніла вытворчасць абсталявання для расейскага спадарожніка «Спектр-М» праз скарачэнне фінансавання праекта з боку Расеі. Пра гэта паведамляе агенцтва РІА "Новости" са спасылкай на кіраўніка Астракасмічнага цэнтра Фізічнага інстытута РАН, акадэміка Мікалая Кардашава.

Запуск «Спектра-М» быў запланаваны на 2013 год і потым неаднаразова адкладаўся. Касмічны тэлескоп з 12-метровым люстэркам павінен працаваць у субміліметровым і інфрачырвоным дыяпазонах, з яго дапамогай навукоўцы разлічваюць атрымаць звесткі пра глабальную структуру Сусвету, будову і эвалюцыю галактык, чорныя дзіркі і касмічны пыл.

У чэрвені 2018 года віцэ-прэзідэнт РАН Юрый Балега паведамляў, што рэальны запуск тэлескопа «Спектр-М» адбудзецца пасля 2030 года. Кардашаў кажа, што праект амаль не фінансуецца. «Грошы, якія выдзяляюцца на навуковыя праекты, увесь час скарачаюцца. Тут нейкая дрэнная арганізацыя ў Раскосмасе, раней такога не было ніколі», - сказаў акадэмік.