20 лiпеня 2019, Субота, 17:39
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Афіцыйна: Нідэрланды назвалі датычных да катастрофы «Боінга» MH17

31
ФОТА: РІА НАВІНЫ/АНДРЭЙ СЦЕНІН

Следства назвала чатыры прозвішчы.

19 чэрвеня супольная следчая група для расследавання катастрофы рэйса МН17 назвала імёны людзей, адказных за катастрофу лайнера ў небе над Данбасам летам 2014 года, паведамляе галандская служба тэлевізійных навін RTL Nieuws (пераклад - gordonua.com).

Паводле версіі следства гэта:

былы "міністр абароны ДНР" Ігар Гіркін (расеец)

расеец Сяргей Дубінскі

расіянін Алег Пулатаў

украінец Леанід Харчанка.

Адзначаецца, што ўсім ім выставяць абвінавачанне ў забойстве. Судовы працэс пачнецца 9 сакавіка 2020 года.

Паводле інфармацыі Bellingcat, Дубінскі быў звязаны з эвакуацыяй устаноўкі "Бук" з падкантрольнай сепаратыстам тэрыторыі Украіны назад у Расею. Ён з'яўляецца адстаўным афіцэрам Галоўнай выведвальнай управы РФ (пазыўны Хмурны). У 2014 годзе курыраваў групу "ГРУ ДНР". Пулатаў (пазыўныя Гюрза і Халіф) з'яўляецца былым падпалкоўнікам узброеных сіл Расеі. Харчанка (пазыўны Крот) з'яўляецца камандзірам "выведвальнага батальёна Крата" ў "2-м аддзеле ГРУ ДНР". Да гэтага ён быў "камендантам" роднага горада Канстанцінаўка.

Boeing 777, які ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, пацярпеў катастрофу 17 ліпеня 2014 года блізу Тарэза Данецкай вобласці. Загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце.

28 верасня 2016 года ў Нідэрландах міжнародная следчая група, якая складаецца з прадстаўнікоў Нідэрландаў, Малайзіі, Бэльгіі, Аўстраліі і Украіны, абвясціла прамежкавыя вынікі расследавання. Згодна з высновамі экспэртаў, рэйс MH17 быў збіты з комплексу "Бук", прывезенага з Расеі, з тэрыторыі, падкантрольнай прарасейскім баевікам. Пасля катастрофы самалёта прыладу вярнулі ў РФ.

24 траўня 2018 следчыя ўдакладнілі, што "Бук" прыбыў на Данбас з Курскай вобласці, дзе базуецца 53-я брыгада ўзброеных сіл РФ. Група аднавіла маршрут, якім перавозілі ўстаноўку.

Са звестак міжнароднай групы Bellingcat і Службы бяспекі Украіны, дастаўку комплексу "Бук" на Данбас арганізаваў адзін з тагачасных верхаводаў групоўкі "ДНР" Хмурны, яго сапраўднае імя і прозвішча - Сяргей Дубінскі.

У траўні 2018 года Нідэрланды і Аўстралія афіцыйна абвінавацілі Расею ў катасрофе рэйса MH17.