Як кум Пуціна скупляе ўкраінскія тэлеканалы
17- 22.06.2019, 17:42
- 15,578
Навошта Медведчуку медыя?
Атачэнне адыёзнага палітыка і бізнэсмэна Віктара Медзведчука скупляе медыяактывы ва Украіне. 14 чэрвеня стала вядома пра набыццё паплечнікам Медзведчука, дэпутатам ад "Апазіцыйнай платформы" Тарасам Казаком тэлеканала ZIK у львоўскага бізнэсмэна Пятра Дымінскага, піша liga.net.
У канцы мінулага года Казак выкупіў яшчэ два інфармацыйныя вяшчальнікі: NewsOne і тэлеканал 112 Украіна. Кіраўніком новастворанага навінавага холдынгу прызначаны Аляксей Сямёнаў, які перайшоў з тэлеканала "Прамы".
Ці сапраўды за Казаком стаіць Віктар Медзвядчук і як з'яўленне новага буйнога гульца паўплывае на расстаноўку сілаў на медыярынку?
Імперыя Казака-Медзведчука
Што ж набыў Казак? У ягоным актыве цяпер 11 юрыдычных асобаў, якія прадстаўляюць тры вяшчальнікі.

Паводле звестак ТБ панэлі Індустрыяльнага тэлевізійнага камітэта, паводле вынікаў траўня ўсе тры вяшчальнікі маюць агульную дзель тэлеглядзення блізу 3% у гарадской аўдыторыі 18–54 гадоў.

Паказнікі для агульнай аўдыторыі (ад 4 гадоў) вышэйшыя – усе тэлеканалы глядзяць 5,96% тэлегледачоў (3,08% – 112, 1,59% – NewsOne, 0,96 – ZIK).
Здаецца, што гэта няшмат, для параўнання – лідар тэлеглядзення ТРК "Украіна" мае дзель 13,8% сярод электаральнай аўдыторыі і 11,24%, паказнікі 1+1 варыююцца ў межах 9–11%.
Калі верыць лічбам з дэкларацыі Казака, то за 112 тэлеканал ён заплаціў 72,8 млн грн. Звестак пра ЗИК і NewsOne пакуль няма.
Ці дакладныя гэтыя лікі? "Бізнэс, які не прыносіць прыбытку, не каштуе нічога. Як палітычны інструмент ён можа каштаваць суму выдаткаў на ягонае стварэнне мінус знос абсталявання", – кажа сябра Нацрады ў пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання Валянцін Каваль. Ён дапускае, што ў палітыкаў кошт можа фармавацца "падушна" – нейкая сума за кожнага гледача.
Пра тое, што рэальным пакупніком выступае Медзвядчук, кажуць ускосныя аргументы. Паводле звестак інфармацыйна-аналітычнай сістэмы Семантрум, пасля набыцця каналаў, Медзведчука там пачынаюць згадваць значна часцей. Так, колькасць згадак за тры месяцы пасля набыцця NewsOne павялічылася ў пяць разоў у параўнанні з трыма месяцамі да абвяшчэння пагаднення. У выпадку з каналам 112 – рост у два разы.
Важна адзначыць, што ўсе набытыя Казаком каналы вядуць інфармацыйнае вяшчанне – на іх няма забаўляльных праграмаў, эфір запоўнены навінавымі і палітычнымі перадачамі. Паводле звестак медыяэксперта Таццяны Паповай, 70% (14 з 20) палітычных ток-шоу прыходзіцца якраз на тройку холдынгу "Навіны". Яны ж транслююць 20% навінавых перадачаў (4 з 20).
"Калі аб'яднаць у топ-40 ток-шоу і навіны, то пад кантролем холдынгу Казака / Медзведчука апынаецца 18 з 40, г.зн. 45% топ інфармацыйных праграмаў краіны", – піша Папова ў сваім Facebook.
На думку Каваля, з дапамогай інфармацыйных тэлеканалаў Казака-Медзведчука пры росце іх дзелі тэлеглядзення да 6% можна дасягаць таго ж пранікнення, што і 1+1 з ягонымі 10%. "Бо ў навінавых каналаў плынь інфармацыі ідзе ўвесь час, у той час як на 1+1 і падобных навіны займаюць 5–10% вяшчання", – тлумачыць Каваль.
Але магчымасцяў для росту няшмат.
Рынак інфармацыйных каналаў перанасычаны, усе змагаюцца за адну аўдыторыю ў межах пяці адсоткаў дзелі аўдыторыі. У асноўным гэта мужчыны-пенсіянеры, апавёў LIGA.net медыяэксперт Атар Даўжэнка.
"Яны (112, NEWSONE, ZIK) генеруюць вельмі шмат кантэнту і інфармацыйных падставаў, якія становяцца навінамі іншых медыя. Тое, што выходзіць на Інтэры, бачаць толькі гледачы Інтэра, а 112 рассейвае свой кантэнт яшчэ і па ўсім інтэрнэце і кучы іншых СМІ" , – адзначае Даўжэнка.
Тэлебачанне (не) роўнае ўладу
Навошта Медзведчуку тэлеканалы? Апытаныя медыямэнэджары сыходзяцца ў меркаванні, што з гледзішча эканомікі такія каналы – бясконца датацыйны праект.
"Але паколькі мэта гэтых СМІ зусім не бізнэсовая, а палітычная, то ставіць падобныя задачы мэнэджмэнту не прынята", – адзначае Каваль.
Мінулыя прэзідэнцкія выбары пацвердзілі, што ўкраінцы паддаюцца палітычнаму тэлевізійнаму ўплыву. "Гэта адзін з чорных лебедзяў сучаснага дня, асабліва на фоне ўсеагульнага хору на тэму: я не гляджу тэлевізар", – кажа Коваль. Паводле ягоных словаў, перамога Зяленскага была неўнікнёная, калі паглядзець на сітуацыю з гледзішча медыяціску: за сваю кар'еру Зяленскі атрымаў больш GRP (колькасць паказаў рэкламы – Рэд.), чым многія рэкламныя брэнды.
Ён дапускае, што Медзведчука мог закрануць высокі вынік Зяленскага. "Медзвядчук – адзін з ветэранаў медыямэнэджмэнту. Усе лаялі позняга Кучму праз Цемнікі, а выбудаваў гэтую схему менавіта Медзвядчук. І я ўпэўнены, высокі вынік Зяленскага павінен быў ашаламіць Медзведчука – мы ж ужо падрыхтаваліся да смерці ТБ як пляцоўкі, а тут – 73%!" – кажа ён.
"Тэлебачанне, акрамя як палітычнага, ніякай іншай цікавасці не ўяўляе", – адкрыта заяўляў у інтэрв'ю гендырэктар 1+1 Media Аляксандр Ткачэнка.
Беручы пад увагу палітычныя амбіцыі Медзведчука, набыццё медыяактываў – лагічны крок, адзначае Каваль. Ці змогуць каналы палепшыць імідж лідараў "Апазіцыйнай платформы"? Каваль у гэтым сумняваецца. "Ці змогуць пагоршыць імідж іх канкурэнтаў. Ці змогуць паўплываць на лічбы тых, хто супастаўны з імі ці крыху вышэйшыя", – рэзюмуе ён.
Утрыманне такога тэлеканала, як ZIK, абыдзецца на $ 400 000–600 000 за месяц, мяркуе кіраўнік "Суспільного" Зураб Аласанія. "Частка гэтай сумы вяртаецца рэкламнымі паступленнямі, але пра самаакупнасць няма і гаворкі: пры сумленных мэнэджарах прыбытак рэінвестуе (або кампенсуе памяншэнне бюджэту на ўтрыманне), пры несумленных – мэнэджмэнт проста не крыўдзіць сябе", – кажа Аласанія.
Ён упэўнены, што бюджэт ЗИКа і холдынгу ў цэлым можа вырасці ў тры-чатыры разы, прынамсі на перадвыбарчы перыяд.
Падобную суму называе дэпутат ад "Народнага фронту", заснавальнік каналаў ТВі і "Эспресо" Мікалай Княжыцкі. Паводле ягонай ацэнкі, ZIK і NewsONE абыходзяцца ўласніку дзесьці на $ 6 млн, а 112 – да $ 12 млн за год. Калі ацэнкі экспертаў слушныя, то тэлевізійная гаспадарка Медзведчука будзе "з'ядаць" больш як $ 20 млн.
Для Медзведчука набыццё ZIK – гэта ўсё ж такі бізнэс-інвестыцыя, запэўнівае адзін з дэпутатаў "Апазіцыйнага блока". "Медзвядчук, калі набывае канал, ён спадзяецца, што зможа як мінімум прадаць яго ў будучыні. Ён ніколі не ўкладвае грошы дарма", – кажа суразмоўца.
Курс на захад
Віктар Медзвядчук набыў ZIK з некалькіх прычынаў, апавядае даўні паплечнік Медзведчука на ўмовах ананімнасці.
Па-першае, канал застаецца самым уплывовым на захадзе краіны. "Ці не трэба аналізаваць набыццё ZIK з пункту гледжання сталічных раскладаў. Гэты канал застаецца галоўным на захадзе Украіны", – апавядае суразмоўца з фракцыі Оппоблока. Паводле ягоных словаў, Медзвядчук разумее, што многія палітычныя працэсы ў Украіне пачынаюцца менавіта ў Львове. Гэта актыўны, у палітычным сэнсе, рэгіён, і Медзвядчук хоча на яго ўплываць.
Па-другое, Медзвядчук дбае пра сваю рэпутацыю, а на захадзе яго не ўспрымаюць і называюць не інакш як "сепаратыст" і "кум Пуціна". "Медзвядчук мяркуе, што ZIK яго адкрыта мачыў. Гэта была яшчэ адна прычына набыцця. Набыць і выкарыстоўваць у ролі дадатковага інфармацыйнага фільтра, асабліва на захадзе", – мяркуе паплечнік Медзведчука.
Дымінскі раскручваў ZIK на продаж перад выбарамі, мяркуе Даўжэнка. Цяпер Дымінскі знаходзіцца за мяжой і хаваецца ад следства пасля таго, як ягоная машына збіла да смерці жанчыну. Цяпер у яго толькі адна патрэба – замяць справу, кажа Даўжэнка. Таму ZIK адзін час быў лаяльным да Пятра Парашэнкі, а цяпер апынуўся ў руках Медзведчука.
А ці атрымаецца ўплываць?
Тройка інфармацыйных каналаў, аб'яднаная агульнай рэдакцыйнай палітыкай, можа стаць больш магутным прапагандысцкім інструментам, чым кожны з іх паасобку, упэўнены Аласанія.
«Я мяркую, гэта і ёсць мэта новага ўладальніка. І яна больш чым дасягальная, паколькі прарасейская прапаганда патрапіць на дабрадатнае поле, падрыхтаванае ўгнаеннямі "За мір" іншых палітыкаў», – кажа Аласанія.
Прарасейскія тэлеканалы, а таксама інтэрнэт-СМІ каардынуюцца паміж сабой, дзеліцца назіраннямі медыяэксперт Даўжэнка. У гэтым спісе ён называе таксама сайты Весці і Страна.юа: "Не магу сказаць, што яны паўтараюць даслоўна эфіры медзведчукоўскіх каналаў, але маніторынг Дэтэктар медыя паказваў, як яны ўсе хорам распаўсюджвалі адны і тыя ж мэсэджы расейскай прапаганды". Паводле ягоных словаў, ZIK патрэбен для распаўсюджвання тых жа мэсэджаў і таго ж кантэнту.
Гендырэктар 1+1 Т Media Аляксандр Ткачэнка мяркуе, што журналісты і палітыкі павінны абвесціць байкот каналам кума Пуціна ва Украіне. "Калі яны здольныя абвесціць байкот каналам кума Пуціна ва Украіне, то ок, а прадаўжаць размаўляць і абурацца, нічога пры гэтым не робячы заканадаўча, – я мяркую, гэта проста прафанацыя і маніпуляцыя грамадскай думкай. Што тычыцца палітыкаў, якія будуць, хутчэй за ўсё, прадаўжаць хадзіць на гэтыя каналы, то гэта пытанне да іх каштоўнасцяў", кажа ён.
Спробы ўзгадніць байкот на ўзроўні дэпутатаў ад БПП і НФ былі, але многія калегі кіруюцца пазіцыяй, што ім трэба недзе з'яўляцца, і абыякава, дзе менавіта. Такім чынам, сваёй уласнай прысутнасцю яны легалізуюць гэтыя каналы, канстатуе Княжыцкі.
ZIK набываўся не пад выбары, а для дальнабачных планаў дэмаралізацыі насельніцтва і стварэння дадатковых гібрыдных пагрозаў унутры краіны, мяркуе Княжыцкі. Напрыклад, калі прарасейскія палітыкі кажуць, што Украіне патрэбны мір любым коштам. "Каб людзі гэтаму не пярэчылі, трэба інфармацыйна апрацоўваць насельніцтва", – кажа дэпутат.
На гэтых выбарах выкарыстоўваць ZIK не атрымаецца праз сыход часткі персаналу і змену кіраўнікоў, згаджаецца суразмоўца LIGA.net у Оппоблоке.
Княжыцкі мяркуе, што адзіны шлях знізіць патэнцыйную пагрозу – прыняць законапраекты пра празрыстасць фінансавання медыя. Гэта перашкодзіць каналам прывабліваць "грошы з валізак". А менавіта так напаўняюцца бюджэты многіх медыя ва Украіне.