29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як апошняму савецкаму дысідэнту не знайшлі месца ў Магілёве

3
Як апошняму савецкаму дысідэнту не знайшлі месца ў Магілёве
ФОТА: SVABODA.ORG

Беларус Міхась Кукабака быў апошнім палітычным вязнем, які выйшаў з савецкага лагера «Перм-36».

Спачатку цытата з ліста магілёўскаму часопісу аб правах чалавека самога Міхася Ігнатавіча Кукабакі, нараджэнца Бабруйска, апошняга савецкага палітычнага вязня, піша mspring.online.

"У 16,5 гадоў мяне прымусова вывезлі ў Сібір на адну з будоўляў. Вярнуўшыся з-за кратаў у снежні 1988 года, я не раз прыязджаў у Беларусь. Удзельнічаў у розных палітычных акцыях і рабіў спробы там застацца. Сустракаўся з самымі рознымі людзьмі, у тым ліку пісьменнікам Васілём Быкавым. У прыватным парадку, нічога ні ў кога не прасіў, але не хаваў, што жыву на становішчы бамжа. Афіцыйна звяртаўся ў Вярхоўны Савет, да спадара Шушкевіча.

Аднойчы ўзяў неабходныя дакументы і, заручыўшыся падтрымкай дэпутаткі Магілёўскага аблсавета Наталлі Рославай і мясцовага дэпутата Анатоля Фёдарава, мы прыйшлі да мэра Магілёва спадара Габрусёва. Я папрасіў яго даць мне пакой у любой камуналцы, памерам хоць бы з турэмную камеру (8 кв. метраў), каб я мог паставіць раскладушку і чамадан і свабодна шукаць сабе працу. Мне было адмоўлена", – апавёў Міхась Кукабака.

ФОТА З АСАБІСТАГА АРХІВА МІХАСЯ КУКАБАКІ, ПРЫКЛАДНА 1990-ы ГОД, У БЫЛОГА ПАЛІТВЯЗНЯ ЯШЧЭ НЯМА СВАЙГО ЖЫЛЛЯ

Міхась Кукабака быў апошнім палітычным вязнем, які выйшаў з савецкага лагера «Перм-36». Гэта адбылося 2 снежня 1988 года.

Паколькі ён не ўважаў сябе вінаватым, то прынцыпова не пісаў заявы пра памілаванне на імя тагачаснага кіраўніка СССР Міхаіла Гарбачова. Улада не ведала, як яго выпусціць. У выніку Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў адмысловы ўказ.

Міхась Кукабака беларус. Родам з Бабруйска. Калі выйшаў з лагера, у яго не было іншага выйсця, як прыехаць на радзіму. Перабудова была ў разгары. На выбарах усё часцей перамагалі людзі, якіх называлі «дэмакратамі».

ПРАЗ 25 ГАДОЎ ПАСЛЯ ВЫЗВАЛЕННЯ МІХАСЬ КУКАБАКА НАВЕДАЎ СВОЙ БЫЛЫ ЛАГЕР «ПЕРМ-36», У ЯКІМ УЖО БЫЎ МУЗЕЙ. ФОТА З АСАБІСТАГА АРХІВА

Магілёўскі часопіс аб правах чалавека mspring.online пастанавіў да канца высветліць, якім чынам адзін з нямногіх беларускіх дысідэнтаў стаў масквічом. А таксама папрасіў яго расказаць пра карную псіхіятрыю ў Беларусі ў 70-я гады. Сярод іншага, пра парадкі магілёўскай псіхлякарні. На нашу просьбу Міхась Кукабака адказаў на пытанні ў лісце.

Дапамагала Святлана Алексіевіч

Міхась Кукабака: Нашмат пазней у мяне з'явілася падазрэнне, што некаторым людзям не хацелася, каб у Беларусі з'явіўся актывіст незалежны, які не ўважае ні на якія «аўтарытэты». У сваіх нячастых публічных выступах я менавіта так сябе і паводзіў. Выказваў тое, што думаў. Заклікаў і камуністаў, і нацыяналістаў аб'яднаецца дзеля ідэі пабудовы незалежнай беларускай дзяржавы.

У прыватным парадку мне аднойчы дапамаглі матэрыяльна пісьменнікі Святлана Алексіевіч і Уладзімір Дамашэвіч (калі памяць не здраджвае). У перыяд зняволення і пазней мяне актыўна падтрымлівалі беларусы ў ЗША, Англіі і нават Аўстраліі. Ну, і само сабой, актывісты ў Маскве, Даніі, Аўстрыі. Але толькі не ў Беларусі. Уладкавацца ў Маскве мне дапамог нябожчык Генрых Алтунян, які заахвоціў паўдзельнічаць у гэтым беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча (на той момант – абодва дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР, – заўв. Рэд.).

Унёсак Алеся Адамовіча

Міхась Кукабака: Пытанне было складанае. Я – ледзь не адзіны з дысідэнтаў, хто змог уладкавацца ў Маскве, «выхапіўшы» жыллё ад дзяржавы. Сам Алесь Адамовіч спачатку нават не ведаў, што існуе ў прыродзе нейкі чалавек з прозвішчам Кукабака. Ужо пазней, пасля развязання праблемы, я пазнаёміўся з ім на з'ездзе БНФ у Менску і падзякаваў за падтрымку.

А ўсё пачыналася, калі ў Маскву ў 1989 годзе прыехаў на пахаванне акадэміка Сахарава будучы дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Генрых Алтунян. Былы палітвязень, які сябраваў з Віктарам Некіпелавым і шмат ад яго чуў пра мяне. Вось тады я з Алтунянам пазнаёміўся асабіста і падзяліўся сваёй праблемай. Да пытання, акрамя Алеся Адамовіча, былі падлучаныя пісьменнік Юры Айхенвальд, праваабаронца Сяргей Кавалёў. А мэрам Масквы тады быў абраны ліберал прафесар Гаўрыіл Папоў. Ён даў даручэнне Юрыю Лужкову развязаць маю праблему. Потым ужо я сам праявіў жыццёвую хітрасць, каб ад мяне не адвязаліся пакоем у камуналцы 16 кв. метраў, і атрымаў паўнавартасную "аднапакаёўку" ў будаваным доме за Кальцавой аўтадарогай.

Міхась Кукабака абсалютна перакананы, што, пры жаданні, беларускія дэпутаты маглі б дапамагчы яму ўладкавацца нават у Беларусі. Але такога жадання ні ў кога не было, акрамя Наталлі Рославай.

Міхась Кукабака быў рэабілітаваны 23 студзеня 1991 года Вярхоўным Судом БССР.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках