27 красавiка 2024, Субота, 2:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскія дэлегаты зладзілі дэмарш на сесіі ПАРЕ

53
Украінскія дэлегаты зладзілі дэмарш на сесіі ПАРЕ

ПАРЕ пацвердзіла паўнамоцтвы расейскай дэлегацыі без абмежаванняў, украінская дэлегацыя пакідае асамблею.

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы ў поўным аб'ёме аднавіла паўнамоцтвы дэлегацыі Расеі. За адпаведную рэзалюцыю 26 чэрвеня прагаласавала 116 чалавек, супраць - 62, 15 дэлегатаў устрымаліся. Пасяджэнне транслявалася на сайце ПАРЕ, паведамляе gordonua.com.

Аўтар дакладу маніторынгавага камітэта, дэлегат ад Вялікабрытаніі Роджэр Гейл заявіў, што выбар складаўся з безумоўнага доступу расейскай дэлегацыі да працы асамблеі, забароны на іх удзел і допуску з абмежаваннямі. З ягоных слоў, аптымальным з'яўляецца абранне трэцяга варыянту. Аднак большасць сябраў камітэта прыняла пастанову пра безумоўнае зняцце абмежаванняў.

«Сёй-той, у тым ліку з тых, што сядзяць у прэзідыуме, заяўляе, што нашай асамблеі грошы больш важна, чым прынцыпы», - сказаў Гейл.

Судакладчык, прадстаўнік рэгламентнага камітэта П'еро Фасіна (Італія) агучыў патрабаванні да Расеі, пры выкананні якіх дэлегацыя яе парламента зможа без абмежавання браць удзел у дзейнасці ПАРЕ:

допуск маніторынгавай місіі Рады Еўропы ў РФ;

вызваленне 24 украінскіх маракоў, захопленых у раёне Керчанскай пратокі;

выплата запазычанасці па ўзносах;

удзел у расследаванні катастрофы рэйса MH17;

расследаванне забойства Барыса Нямцова;

спыненне пераследу і недапушчэнне гвалту ў адносінах да расейскай ЛГБТ-супольнасці, перш за ўсё ў Чачні.

У выніковым тэксце рэзалюцыі не маецца ніякіх тэрмінаў, на працягу якіх паўнамоцтвы расейцаў могуць быць перагледжаны.

Пасля галасавання дэлегацыя Украіны сарвала працяг далейшай працы сесіі. Сабраўшыся ў цэнтры залы, украінскія дэлегаты заявілі, што пакідаюць асамблею.

Як паведамляе «Европейская правда», прадстаўнікі 7 дзяржаў - сябраў Рады Еўропы ў яе парламенцкай асамблеі абвясцілі сумесную заяву аб сумесных дзеяннях у знак пратэсту супраць безумоўнага вяртання расейцаў.

«Безумоўнае аднаўлення правоў расейскай дэлегацыі без выканання ніводнай са шматлікіх патрабаванняў Асамблеі супярэчыць асноўным каштоўнасцям Рады Еўропы і яе статуту. Гэты крок пасылае вельмі няправільны сігнал краіне, якая вяла ўзброеную агрэсію, датычная да атручванняў, не выконвае правы сваіх грамадзян і імкнецца дэстабілізаваць дэмакратыі ў Еўропе», - гаворыцца ў дакуменце, зачытаным ў зале пасля завяршэння дэбатаў.

Гэтую заяву, сумесна падпісаную дэлегацыямі Украіны, Грузіі, Польшчы, Славакіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі, зачытаў старшыня ўкраінскай дэлегацыі ў ПАРЕ Уладзімір Ар’еў.

«Будучыня Рады Еўропы знаходзіцца пад пагрозай у цэлым, бо Рада Еўропы страчвае давер людзей, якіх яна абараняе», - заявіў ён.

Гэтыя 7 краін абвясцілі пра сумесныя дзеянні ў ПАРЕ падчас «беспрэцэдэнтнага крызісу даверу (у Радзе Еўропы), які быў створаны на гэтым тыдні».

«Мы вяртаемся дадому, каб пракансультавацца з нашымі парламентамі і ўрадамі аб сумесных дзеяннях у Асамблеі на наступных сесіях», - гаворыцца ў сумесным дакуменце.

«Мы жадаем поспеху новаабранай Генеральнай сакратарцы і спадзяёмся, што яна знойдзе спосаб развязання гэтага беспрэцэдэнтнага крызісу даверу, які быў створаны на гэтым тыдні», - гаворыцца ў заяве.

Расея была пазбаўленая права голасу ў ПАРЕ ў красавіку 2014 года - адразу пасля анэксіі Крыма і распачынання вайсковых дзеянняў на Данбасе. У знак пратэсту ў 2017 годзе Расея спыніла выплату узносаў у бюджэт Рады Еўропы (блізу €33 млн у год), што прывяло да фінансавага крызісу ў арганізацыі. У Расеі заявілі, што РФ выплаціць Радзе Еўропы запазычанасць па узносу (блізу €60 млн), калі ПАРЕ «ліквідуе пагрозу дыскрымінацыі нацыянальных дэлегацый».

У папярэднія гады ўжо было некалькі спроб зняць санкцыі з расейскай дэлегацыі ў ПАРЕ (гэтую ідэю падтрымлівае і генеральны сакратар Рады Еўропы Турб'ерн Ягланд), але яны не ўвянчаліся поспехам.

У ноч на 25 чэрвеня ПАРЕ прыняла рэзалюцыю аб змене санкцыйнага механізму, якая дазваляе Расеі вярнуцца ў асамблею.

25 чэрвеня Украіна і Грузія абскардзілі паўнамоцтвы расейскай дэлегацыі ў ПАРЕ. Працэдуру абскарджання па змястоўных падставах у маніторынгавым камітэце пачалі на ініцыятыву сябра грузінскай дэлегацыі Ніно Гагадзе, даклад рыхтаваў Гейл.

Украінскі дэпутат Уладзімір Ар’еў абскардзіў паўнамоцтвы расейцаў паводле працэдурных матываў. Аднак дакладчык рэгламентнага камітэта Эгідыюс Варэйкіс не падаў сесіі сваю выснову, даслаўшы пытанне пра паўнамоцтвы расейскіх дэпутатаў, абраных у тым ліку галасамі жыхароў акупаванага Крыма, на зацвярджэнне Венецыянскай камісіі.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках