4 траўня 2024, Субота, 14:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як улада эканоміць на пенсіях беларусаў

15
Як улада эканоміць на пенсіях беларусаў

Што варта было б уключаць у страхавы стаж?

Мінабароны ўздымае пытанне аб тым, каб службу ў войску залічвалі ў страхавы стаж. «Ваеннае ведамства абавязкова з няўхільнай цвёрдасцю правядзе ў жыццё прапановы ў павышэнні сацыяльнага статусу салдата», гаворыцца на сайце міністэрства.

Міністры працы і фінансаў ужо скептычна адрэагавалі на гэтую ініцыятыву, спасылаючыся на тое, што «ў дваццаць гадоў не думаюць пра пенсію», а «ў страхавы стаж можна ўключаць толькі тыя перыяды, на працягу якiх выплачваюцца ўнёскі ў ФСАН», піша zautra.by.

Зараз у страхавы стаж залічваюць толькі гады працы па найму або самастойнай занятасці, калі наймальнік або сам чалавек плаціў узносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Служба ў войску, адпачынак па доглядзе за дзіцем, навучанне ва ўніверсітэце, догляд за блізкім з інваліднасцю або асобай больш за 80 гадоў улічваюцца толькі ў працоўны стаж.

Якія з гэтых пазіцый варта было б уключаць у страхавы стаж?

Служба ў войску

Аргумент: Яна патрэбна дзяржаве, а служачы страчвае час, які мог бы прысвяціць кар'еры

Служыць у войска беларускія мужчыны сыходзяць не на сваё жаданне, рабіць гэта іх абавязвае закон. У гэты час яны не могуць недзе працаваць і плаціць унёскі на будучую пенсію. Таму было б цалкам справядліва ўлічваць гады, якія мужчыны аддаюць «доўг радзіме», як паўнавартасную працу.

За той час, пакуль мужчына праходзіць вайсковую службу, ён у пэўнай ступені страчвае кваліфікацыю, атрыманую ў навучальнай установе, і час, які мог бы прысвяціць кар'еры. Ён становіцца менш канкурэнтаздольным на рынку працы, адзначае навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Марыя Акулава.

- Сёння складана павысіць цікавасць маладых людзей да вайсковай службы, улічваючы розныя прэцэдэнты і гучныя справы. Калі адначасова з імі тэрмін службы не ўключаецца ў працоўны стаж, гэта яшчэ больш дэматывуе людзей, - кажа Марыя Акулава.

Догляд за людзьмі з інваліднасцю і пажылымі

Аргумент: Калі б асобы, што даглядаюць за сваімі блізкімі, абралі працу, дзяржава траціла б на догляд за іх падапечнымі вялікія грошы

Як правіла, людзі афармляюць пастаянны догляд за дзіцём з інваліднасцю, дарослым з інваліднасцю першай групы і сваяком больш за 80 гадоў.

Догяд за блізкім з інваліднасцю - гэта вельмі няпростая праца як з псіхалагічнага, так і з фізічнага пункту гледжання. Экспэрты падкрэсліваюць, што гэта часам больш складаная праца, чым звычайная працоўная занятасць.

З аднаго боку, дзяржава справядліва прапагандуе падыход, калі людзі не адмаўляюцца ад дзяцей і іншых сваякоў з інваліднасцю, а з другога - не залічвае гэтыя гады ў страхавы стаж, тым самым паказваючы, што гэты догляд не лічыцца паўнавартаснай працай.

- Калі прытрымлівацца такой логікі (гэта значыць не залічваць догляд за чалавекам з інваліднасцю ў страхавы стаж), то дзяржава павінна падаваць сем'ям адпаведныя паслугі і спецыялістаў па доглядзе за такімі людзьмі, - мяркуе Марыя Акулава.

Чалавек, які даглядае за блізкім з інваліднасцю, не мае права адначасова працаваць. Як жа ён можа ў гэтыя гады напрацаваць стаж?

- Догляд за дзецьмі і дарослымі з інваліднасцю не проста праца, але і сацыяльна важная задача, - кажа прававы інспектар незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Леанід Судаленка.

Калі б гэтыя людзі выйшлі на працу, то догляд за іх блізкімі лёг бы на плечы сацыяльных службаў, а таксама работнікаў дамоў састарэлых або інтэрнатаў.

Догляд дзіцяці

Аргумент: Бо падвышэнне нараджальнасці - «наша ўсё»

Вядома, сям'я нараджае дзіця для сябе і павінна разлічваць свае сілы. Але прадстаўнікі ўлады на розных узроўнях увесь час паўтараюць пра важнасць павышэння нараджальнасці. Калі для ўрада дэмаграфія мае гэткае важнае значэнне, то правільна стварыць для сем'яў адпаведныя ўмовы.

«Падняць» маленькае дзіця - гэта не адпачынак, а вялікая праца, прызнае Леанід Судаленка.

- Я як шматдзетны бацька ведаю, чаго варта было маёй жонцы займацца дзецьмі. Яна не сядзела ў дэкрэце па тры гады. Але калі б сядзела, ёй бы дзевяць гадоў са страхавога стажу аднялі, бо ў нас трое дзяцей, - кажа ён.

Марыя Акулава мяркуе, што ўключэнне водпуску па доглядзе дзіцяці ў страхавы стаж было б актуальнай мерай у тым выпадку, калі ўлады вырашаць скараціць дэкрэтны перыяд. Гэта згладзіла б сітуацыю.

- Зніжэнне дэкрэтнага перыяду можа быць негатыўна ўспрынятае грамадствам і ў нейкай меры адбіцца на нараджальнасці. І каб каэфіцыент фертыльнасці не знізіўся ў параўнанні з бягучым узроўнем, трэба будзе ўвесці іншую карысць, - тлумачыць экспэрт.

Вышэйшая адукацыя - спрэчны момант

Аргумент: Бо гэта не абавязак, а шчасце

Больш спрэчнае, на думку экспэртаў, пытанне вышэйшай адукацыі. Ці атрымліваць яе, кожны чалавек вырашае сам, і вучыцца ён для сябе - для будучай прафесіі, заробку, статусу. У гэтым выпадку няма таго сацыяльнага складніка, які прысутнічае ў папярэдніх, няма ўкладу ў падтрымку сацыяльна менш абароненых слаёў насельніцтва.

Ці спатрэбіцца беларусам напрацаваны імі стаж - пытанне адкрытае

Экспэрт BEROC адзначае, што праз 20-30 гадоў пенсійная сістэма не будзе існаваць у яе цяперашнім выглядзе, а гарантаваная дзяржавай пенсія будзе мець зусім невялікую суму.

Незалежна ад пастаноў урада аб тым, што і як уключаць у страхавы стаж для прызначэння будучай пенсіі, самім работнікам варта выкарыстоўваць любую магчымасць, каб забяспечыць сябе ашчаджаннямі на старасць.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках