7 снежня 2019, Субота, 5:33
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Тое, што пабудавана ў Беларусі - гэта наогул не эканоміка

16
Леанід Злотнікаў: Тое, што пабудавана ў Беларусі - гэта наогул не эканоміка
Леанід Злотнікаў

Эканаміст расказаў пра парадоксы беларускай сістэмы кіравання.

Сусветны банк прагназуе запаволенне тэмпаў росту эканомікі Беларусі у 2019 годзе да 1,8% з 3% у 2018 годзе, паведамляецца ў апублікаваным у сераду абноўленым краінавым эканамічным аглядзе, піша zautra.by.

Эксперты СБ значна пагоршылі і ацэнку росту беларускай эканомікі ў 2020-2021 гадах. Паводле іхных прагнозаў, УБП Беларусі ў 2020 годзе зможа вырасці ў межах 1,3% (раней чакаўся рост на 2,4%), у 2021 годзе - 1,2% (2,1%).

Чаму пагаршаюцца прагнозы што да беларускай эканомікі і ці варта ім давяраць?

Як адзначае кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў, шмат што залежыць ад метадаў прагназавання, якія выкарыстоўваюцца. Напрыклад, калі пачынаўся глабальны крызіс у 2008-2009 гадах, Міжнародны валютны фонд, нягледзячы на меркаванне некаторых навукоўцаў, не змог яго прадбачыць. Мадэль прагназавання была абраная няўдала.

Практычна ніхто не можа дакладна спрагназаваць падзеі з прычыны складанасці працэсаў, мяркуе эканаміст.

- У пераломныя моманты мадэлі не спрацоўваюць, а за апошнія паўтара года тэндэнцыі развіцця мяняюцца вельмі моцна, таму прадказанні часта бываюць інтуіцыйныя. Можна заўважыць, што і МВФ, і Сусветны банк кожны квартал папраўляюць кан'юнктурныя прагнозы. Як не спрацоўваюць і прагнозы беларускага ўрада, які не можа ўлічыць усе акалічнасці, якія ўплываюць на развіццё эканомікі, - тлумачыць Леанід Злотнікаў.

На макраўзроўні, дадае ён, прадказаць развіццё эканомікі можна на некалькі гадоў наперад, але значна цяжэй гэта зрабіць на пару месяцаў ці на год. Як паказвае досвед, ваганні ў прагнозах могуць быць істотныя.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, толькі на складах сталічных прадпрыемстваў назапасілася прадукцыі на 1 мільярд рублёў. Леанід Злотнікаў удакладняе, што ў параўнанні з мінулым годам за чатыры месяцы гэтага запасы на складах выраслі на 6%. Збольшага гэта прадукцыя машынабудаўнічай галіны. Са слоў эканаміста, пагаршаецца збыт у Расею беларускай сельгаспрадукцыі, якая займае значную дзель айчыннага экспарту.

Гэта характарызуе агульную вельмі трывожную сітуацыю ў эканоміцы. Пагаршаецца фінансавы стан прадпрыемстваў. Ад іх патрабуюць вырабляць больш прадукцыі і павялічваць экспарт. Яны вырабляюць больш прадукцыі, а потым кладуць на склад, і пасля ўсе робяць справаздачу, што эканоміка расце.

- У нас эканоміка не рынкавая, і наогул не эканоміка, бо ад таго, што вырабілі больш прадукцыі, а гэта вытворчасць стратная, лепш краіне не стане. Рост аб'ёму вытворчасці - гэта зусім не эканамічны рост. Што карысці, калі мы частку сельгаспрадукцыі прадаем са стратамі для сябе, напрыклад, ялавічыну або масла. Чым больш такога вырабілі і экспартавалі, тым бяднейшая краіна, - канстатуе эканаміст.

Ён сцвярджае: для таго, каб сапраўды можна было вымяраць рост эканомікі, цэны маюць быць вольнымі. А ў Беларусі яны кантралююцца.

- УБП лічыцца толькі паводле рынкавых цэн, а ў нас кошт прыціскаецца да сабекошту. Гэта не мае дачынення да рынкавай цаны. Пры адным і тым жа сабекошце кошт з розных прычын можа вагацца, і часам выходзіць, што УБП у краіну не ідзе. На кошт уплывае блізу ста вонкавых чыннікаў. Кошт не мусіць усталёўвацца нават унутры Беларусі. А ў нас імпартазамяшчэнне, якое чыніць больш шкоды, чым карысці, як гэта адбываецца ў выпадку з МТЗ. Але цяпер ёсць попыт на трактары падвышанай магутнасці, а ад дырэктара патрабуюць выкарыстоўваць рухавікі беларускага вырабу, хоць наш маторны завод практычна не вырабляе маторы падвышанай магутнасці, - звяртае ўвагу экспэрт.

Унутраныя цэны, эканамічная палітыка, цэны на сусветным рынку - гэта ўсё ўзаемазвязана, падкрэслівае суразмоўца.

- Трэба зразумець, што кошт ўстанаўляецца вельмі складана, як тэмпература ў арганізме. І калі пачаць лячыць, не ведаючы, што мы лечым, можна і памерці. А беларуская эканоміка кіруецца менавіта так, - высноўвае Леанід Злотнікаў.