2 траўня 2024, Чацвер, 22:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БелАЭС будуюць тыя самыя «ўмельцы»

24
БелАЭС будуюць тыя самыя «ўмельцы»
ФОТА: SVABODA.ORG

«Крывавы салют» у Менску: Выпадковасць ці заканамернасць?.

3 ліпеня падчас салюту ў Менску адбылася трагедыя: 64-гадовая жанчына была забітая аскепкам феерверку, блізу 10 чалавек атрымалі раненні. У многіх будынках у цэнтры горада было выбітае шкло.

Афіцыйныя СМІ замоўчваюць рэзанансную тэму, а Лукашэнка дагэтуль не выказаў спачуванні сям'і загінулай.

Сітуацыю на просьбу сайта Charter97.org пракаментаваў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.

– Якую ацэнку Вы дасце таму, што адбылося на салюце 3 ліпеня ў Менску?

– Некампетэнтнасць і безадказнасць заўсёды былі сінонімамі дыктатуры. Бязрукія кіраўнікі краіны не дапусцяць, каб на нейкіх узроўнях былі людзі, разумнейшыя за іх.

Таму ў іх усё развальваецца – дамы, дарогі, эканоміка, тэхніка, у тым ліку і вайсковая. Мы ўсе ведаем, як у нас падыходзяць да выканання задачаў, звязаных з афіцыйнымі мерапрыемствамі. Як аўральнымі тэмпамі будуюць аб'екты, каб паспець укласціся ў тэрміны, як укладваюць асфальт і будуюць «пацёмкінскія вёскі» да прыезду чыноўнікаў, як крадуць на ўсіх узроўнях.

Бяспека і якасць – на апошнім месцы. Чаму ў войску павінна быць інакш? Трагічныя падзеі, якія адбыліся 3 ліпеня, – не выпадковасць, а заканамернасць.

– СК усклаў віну на двух расейскіх спецыялістаў з фірмы, якая прадала феерверкі Мінабароны Беларусі. Хто, на Вашу думку, на самай справе вінаваты ў трагедыі?

– Пра гэта мы, хутчэй за ўсё, даведаемся толькі пасля змены ўлады. Таксама як і пра тое, ці былі пацярпелыя сярод тых, хто запускаў салют, сярод вайскоўцаў. Таксама як, зрэшты, і пра многія іншыя злачынствы, якія адбыліся за гады кіравання Лукашэнкі. Цяпер нам проста пакажуць «стрэлачнікаў», магчыма, імі стануць затрыманыя расейцы. Але ж не яны правяралі марціры і запускалі снарады, не яны прымалі пастанову пра іх закупку, не яны вызначалі зону бяспекі падчас салюту. За ўсё гэта нясуць адказнасць канкрэтныя людзі. Наколькі мне вядома, ніхто з іх не затрыманы і не пазбаўлены пасады.

Каго б ні прызначылі ў якасці «казлоў адпушчэння», большасць людзей афіцыйнай версіі следства ўсё роўна не павераць. Занадта шмат і часта хлусяць лукашэнкаўскія чыноўнікі. Даверу ім словам ужо даўно няма.

– Лукашэнка дагэтуль не выказаў спачуванняў пацярпелым і сваякам загінулай жанчыны. Як Вы пракаментуеце маўчанне дыктатара?

– На хлусні і замоўчванні непрыемных фактаў будуецца любая дыктатура. Лукашэнкаўская – не выключэнне. Так часам паводзяць сябе маленькія дзеці, калі «нашкодзяць». Думаюць, што калі дарослым не прызнацца, то як бы нічога і не было, ніхто не пакарае. Але, як бачым, у некаторых гэта – на ўсё жыццё. Лукашэнка хаваецца ад любых праблемаў, асабліва ад тых, да з'яўлення якіх ён датычны. Страшна ж пакідаць свой выдуманы ўтульны маленькі свет з яго «стабільнасцю» і «росквітам». Ён баіцца сутыкацца з рэальнасцю, у якой выбухаюць святочныя салюты, людзі гінуць у мірны час, а краіна яго ненавідзіць.

– Ці патрэбныя Беларусі ваенныя парады, у якіх удзельнічаюць расейскія «Іскандэры» і найноўшыя стратэгічныя бамбавікі краіны-агрэсаркі?

– Ваенныя парады у тым выглядзе, у якім яны праводзяцца ў Беларусі – перажытак тых часоў, у якіх «затрымаўся» дыктатар. Савецкія правадыры выводзілі ваенную тэхніку на вуліцы, каб прадэманстраваць хоць нейкія дасягненні. З улікам грошай, якія ўкладваліся ў савецкі ВПК, ім сапраўды было што паказаць.

Лукашэнку дэманстраваць няма чаго, таму ён проста цешыць свае правінцыйныя комплексы і хворае самалюбства. Іржавая тэхніка, што засталася ў спадчыну ад СССР, некіравальныя танкі, самалёты над горадам могуць уразіць толькі тым, што яны нейкім цудам яшчэ могуць ездзіць і лётаць.

Звярніце ўвагу, што людзі, якія адслужылі ў беларускім войску, на парады добраахвотна не ходзяць. Таму што ведаюць, на якую суму абыходзіцца ўся гэтая паказуха і наколькі яна не адпавядае рэальнаму стану рэчаў. Лукашэнка мяркуе, што ягоныя «пацешныя парады» падымаюць баявы дух жабрацкай, састарэлай і дэмаралізаванай арміі? Не, яны толькі выклікаюць пагарду салдатаў і афіцэраў.

Украіна, краіна, якая вядзе вайну і якая дабілася пэўных поспехаў у мадэрнізацыі арміі, адмаўляецца ад параду ў Дзень Незалежнасці. Уладзімір Зяленскі выступіў з прапановай вылучыць грошы, якія планавалася на яго выдаткаваць, вайскоўцам. Упэўнены, што такі крок будзе ўмацоўваць войска нашмат мацней.

Што да ўдзелу расейскіх вайскоўцаў у парадах у Менску, то Крэмль проста паказвае рэальную карціну стасункаў са сваім васалам. Думаю, у Лукашэнкі нават не пытаюцца дазволу на гэта, а проста ставяць перад фактам. Расея ставіцца да лукашэнкаўскай Беларусі, як да сваёй калоніі. Сёння па нашых вуліцах едзе ваенная тэхніка краіны-агрэсаркі, а заўтра з нашай тэрыторыі можа быць нанесены ўдар па той самай Украіне. Нездарма ж у парадах у Менску ўдзельнічаюць менавіта тыя часткі, якія абстрэльвалі Марыупаль.

– Якія яшчэ высновы можна зрабіць з трагедыі 3 ліпеня ў Менску?

– На самай справе, як я ўжо сказаў, гэтая трагедыя – не выпадковасць. На жаль, не першая і, магчыма, не апошняя. Нас кормяць радыяцыйнымі прадуктамі, труцяць шкоднымі вытворчасцямі. Пазбаўляюць працы і прымушаюць з'язджаць з краіны. Забіраюць заробленыя грошы, выдумляючы новыя паборы і штрафы. Колькі людзей гіне праз парушэнні элементарнай тэхнікі бяспекі на вытворчасцях, у войску. Колькі співаецца ад безвыходнасці? Колькі не нараджаецца?

Беларусь страчвае насельніцтва цягам усяго кіравання Лукашэнкі. Мы не заўсёды звяртаем на гэта ўвагу, але тое, што адбылося 3 ліпеня, многіх прымусіла задумацца пра вельмі канкрэтныя, адчувальныя рэчы. Пра тое, чым скончыцца авантура з АЭС, якую будуюць такія самыя «ўмельцы», як і тыя, хто зладзіў «крывавы салют». Пра тое, дзе адбудзецца наступнае надзвычайнае здарэнне, што яшчэ абваліцца або выбухне. Пра ўласную бяспеку, пра выжыванне.

Альбо мы развяжам гэтую праблему, альбо проста знікнем, а на тэрыторыі, якая калісьці была нашай краінай, будуць жыць іншыя народы – больш разумныя, такія, што ўмеюць за сябе пастаяць.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках