27 красавiка 2024, Субота, 6:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму беларускія ўлады так трымаюцца за парады?

16
Чаму беларускія ўлады так трымаюцца за парады?

Святы, што не нясуць сэнсавай нагрузкі, вельмі дорага для нас каштуюць.

Кожную вясну ў Беларусі пачынаюцца спрэчкі пра тое, ці патрэбныя краіне парады ці не. Нягледзячы на разбіты асфальт, шум, скаргі менчукоў на перакрыццё горада і ДТЗ з вайсковай тэхнікай, танкі, самалёты, маршы і салюты працягваюць ладзіць за грошы з дзяржбюджэту.

Калі самалёты знікаюць у летнім заходзе, а за танкамі зачыняюцца дзверы гаражоў, спрэчкі сціхаюць - да наступнага года. А пытанне: чаму ўсё ж беларускія ўлады так трымаюцца за парады? - застаецца без адказу. Чаму без парадаў ім ніяк нельга? "Еўрарадыё" задало гэтае пытанне вядомым беларусам, і вось што яны адказалі.

Уладзімір Мацкевіч, філосаф і метадолаг:

- Нашы ўлады маюць адпаведнае ўяўленне пра тое, што такое народ. Народ - гэта той, каму патрэбныя "чарка-скварка" і відовішчы. Па-расейску гэта гучыць як "хлеба и зрелищ". Калі хлеба мала, гэта кампенсуецца відовішчам. Ну ці прапарцыйна: хлеб - відовішча, хлеб - відовішча і гэтак далей. Больш нічога не трэба. Парад - гэта відовішча. Ён заўсёды вабіць натоўп. Такая старажытная таталітарная манера кіравання краінай. Народ, які, разявіўшы рот, глядзіць на відовішча, больш не задае ніякіх пытанняў і не здольны ні на якія дзеянні. Відавочная прагматыка.

Аляксей Братачкін, гісторык, супрацоўнік Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў:

- Я не ведаю, навошта нашым уладам парад. Не ўяўляю. Але думаю, што гэта спадчына не толькі беларускага народа. Калі ў XIX стагоддзі фармавалася нацыянальная дзяржава, гэта суправаджалася з'яўленнем усялякіх рытуалаў, звязаных з нацыяналізмам, дэманстрацыяй мілітарысцкай моцы. Відавочна, традыцыя дажыла да XXI стагоддзя.

Наогул, у многіх краінах ёсць парад. Сацыёлаг Аляксей Ластоўскі мяркуе, што значнасць 3 ліпеня ўзрастае ў дачыненні да памяці аб 9 траўня. Таму парад перанеслі на 3 ліпеня. Такая спроба надаць дадатковы статус гэтай даце.

Мне асабіста парады не патрэбныя. Заўважце, яшчэ некалькі гадоў таму парады былі больш пацыфісцкія. У гэтым годзе зроблены акцэнт на больш мілітарысцкім складніку, на зброі, што ўжо дзіўна асабіста для мяне. Што гэта значыць? Магчыма, улада хоча прадэманстраваць наяўнасць войска, нейкай сілы, на якую можна абапірацца.

Мікалай Статкевіч, лідар Беларускага нацыянальнага кангрэса:

- Па-першае, гэта цацка для сябе. Па-другое, ён [Лукашэнка. - заўв.] хоча прапанаваць гэтую цацку іншым - значнай і не самай адукаванай частцы беларускага грамадства. Робіць гэта, каб дагадзіць ім перад палітычнымі кампаніямі, каб потым забраць права выбіраць на выбарах ці на рэферэндуме свой лёс. Каб яны маўчалі, ён прапануе ім такую забаўку. Гэта абсалютна неўнікальнае. Усе рэжымы ў свеце падобныя.

З іншага боку, у кожнай прыстойнай дзяржавы павінна быць сваё нацыянальнае свята - Дзень Незалежнасці. Але Дзень Незалежнасці, які звязаны з барацьбой за незалежнасць, ён [Лукашэнка. - заўв.] не можа святкаваць, бо гэтая дата працавала б на нацыянальную кансалідацыю, на гісторыка-патрыятычнае выхаванне, чаго правадыр дзяржавы баіцца. Яму не патрэбна кансалідацыя - не важна, пад якім сцягам. Нават пад сцягам перамогі ў Другой сусветнай вайне, як гэта адбываецца ў Расеі. Таму ён злучыў неспалучальнае - святкуе Дзень Незалежнасці ў дзень вызвалення. І гэта святкаванне дазваляе яму пацешыць сябе, прапанаваць народу забаўкі, але не дазваляе кансалідавацца вакол свята патрыятычным сілам - ні тым, хто мог бы шкодзіць незалежнасці (прыхільнікі саюза Беларусі і Расеі), ні тым, хто б яе абараняў. Яму патрэбна аптымізаваная маса людзей, дзе кожны сам за сябе.

На жаль, святы, што не нясуць сэнсавай нагрузкі, якая павінна быць, вельмі дорага для нас каштуюць. Я не кажу пра сапсуты танкамі асфальт, выдаткаваны час і спалены бензін. У беднай краіне сціпла фундаванае войска, а яго прымушаюць праводзіць такія шоў. Ведаеце, нам увесь гэты час вельмі шанцавала, што абыходзілася без ахвяр.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках