26 красавiка 2024, Пятніца, 22:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Лондане абмеркавалі беларускую праблему смяротнага пакарання

У Лондане абмеркавалі беларускую праблему смяротнага пакарання

Арганізатарамі сустрэчы выступіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

Шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных праблематыцы смяротнай кары ў Беларусі, на гэтым тыдні прайшоў у Лондане, піша праваабарончы цэнтр “Вясна”. Арганізатарамі сустрэчы выступіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International, якая вядзе глабальную кампанію супраць смяротнага пакарання ўжо больш за 40 гадоў. У мерапрыемствах таксама актыўны ўдзел узялі каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда і брытанскі экспэрт Джабар Парвез, які займаецца пытаннем смяротнага пакарання ва ўсім свеце.

Падчас мерапрыемства была адкрытая выстава "Апошні кат Эўропы" (Europe's Last Executioner). На ёй былі прадстаўлены фатаграфіі кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", а таксама работы беларускага фатографа Сяргея Балая з праекта "Вышэйшая мера". Таксама былі выстаўленыя работы вядомага брытанскага мастака Джорджа Батлера, якія ён зрабіў падчас мінулагодняй паездкі ў Беларусь. Ён працуе ў зонах вайсковых дзеянняў як мастак-рэпарцёр. Джордж пабываў у такіх у гарачых мясцінах свету як Сірыя, Ірак і Афганістан ды іншыя. А ў 2018 годзе на запрашэнне Amnesty International завітаў і ў Беларусь, каб перадаць праблематыку смяротнага пакарання ў такой форме.

Акрамя гэтага, быў арганізаваны прагляд фільма Amnesty International пра сваякоў расстраляных у Беларусі. Фільм распавядае пра гісторыю маладой жанчыны Сашы Якавіцкай, бацька якой Генадзь Якавіцкій, быў прысуджаны да смяротнага пакарання і расстраляны ў 2016 годзе.

Таксама было арганізаванае публічнае абмеркаванне сітуацыі са смяротным пакараннем у Беларусі, апошніх расстрэлаў напярэдадні Еўрапейскіх гульняў Вячаслава Сухарко і Аляксандра Жыльнікава, а таксама шляхі развязання праблемы.

У якасці экспэртаў выступілі каардынатар Amnesty Internarional у Беларусі Айша Юнг, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда, брытанскі экспэрт Джабар Парвез.

"Па-ранейшаму праблема смяротнага пакарання ў Беларусі застаецца актуальнай. На жаль, апошнія падзеі з расстрэлам Жыльнікава і Сухарко гэта пацвердзілі. Сёння мы бачым, што смяротныя прысуды могуць быць вынесены таксама ў Віцебску і Гомелі. Таму для нас вельмі важна, што міжнародная супольнасць трымае нашу праблему ў фокусе ўвагі. Напрыклад, гэта мерапрыемства было праведзена з ініцыятывы міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International. Гэта дае нам разуменне, што мы змагаемся не адны з праблемай смяротнага пакарання і натхняе нас на новыя крокі ў гэтай нялёгкай справе", - падвёў вынікі мерапрыемства Андрэй Палуда.

Прапануем паглядзець дакументальны фільм, прысвечаны 10-годдзю кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі".

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках