16 лiпеня 2019, aўторак, 16:08
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Яшчэ адно прадпрыемства са шматгадовай гісторыяй з Гомельскай вобласці падало на банкруцтва

9

Колькасць работнікаў завода за апошнія сем гадоў скарацілася з 112 да 18 чалавек.

ААТ «Рэчыцкі завод «Тэрмапласт» падаў заяву аб прызнанні Таварыства банкрутам. У апошнія гады прадпрыемства адчувала сур'ёзныя праблемы. За 2018 год прыбытак ад рэалізацыі склаў толькі 79 тысяч рублёў. Пры гэтым не размеркаваныя страты перавысілі мільён рублёў. Колькасць работнікаў за апошнія сем гадоў скарацілася з 112 да 18 чалавек, піша сайт gomel.today.

Летась прадпрыемства адсвяткавала 80-гадовы юбілей. У даваенныя гады прадпрыемства называлася арцеллю «Радзіма».

З 2002 года згодна з праграмай абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя завод пачаў займацца перапрацоўкай другаснай сыравіны. З былых ва ўжыванні поліэтыленавай плёнкі, ПЭТ-тары пачалі вырабляць тэхнічныя трубы.

З 2007 года на заводзе пачалі рэалізацыю інвестыцыйнага праекта ў арганізацыі вытворчасці гнуткіх папярэдне ізаляваных труб, якія выкарыстоўваюцца для пракладкі сетак гарачага водазабеспячэння і сістэм ацяплення. У Кітаі было закуплена адпаведнае абсталяванне, створаныя новыя працоўныя месцы. Але і тут не атрымалася.

Пасля «Тэрмапласт» неаднаразова мяняў форму ўласнасці, сюды прыходзілі і з розных прычын сыходзілі кіраўнікі. У 2016 годзе завод быў пераведзены ў раённую камунальную ўласнасць у сістэму райжылкамгаса.