24 жнiўня 2019, Субота, 17:42
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Як з помніка віцебскай архітэктуры робяць «не помнік»

2
Як з помніка віцебскай архітэктуры робяць «не помнік»
ФОТА: RACYJA.COM

У выніку рамонту страчвае гістарычнае аблічча будынак №74 на вуліцы Леніна.

Назваць «рэстаўрацыяй» гэты працэс немагчыма: дом з чырвонай цэглы тынкуюць і дэкаруюць гіпса-кардоннымі элементамі.

Між тым менавіта цагляная забудова з'яўляецца «візітнай карткай» Віцебска. І турыстаў можна было б уразіць разнастайнасцю кладкі і майстэрствам будаўнікоў, якія ўзводзілі тут дамы ў канцы 19 – пачатку 20 стагоддзяў, мяркуе віцебскі архітэктар Аляксандр Міхайлюк:

– Трэба разумець, што 19-е стагоддзе – гэта час імклівага развіцця прамысловасці. Гэта вялікія аб'ёмы цэглы, разнастайнасць узораў, добрая якасць. І гэта стала модай таго часу – будаваць дамы выключна з цэглы. І майстэрства тых, хто кладзе мур, было высокім, таму шмат розных вынаходстваў і цудаў можна ўбачыць, – кажа архітэктар Радыё Рацыя.

ФОТА: RACYJA.COM

Цагляная забудова вуліцы Леніна з'яўляецца помнікам архітэктуры рэгіянальнага значэння. Рэканструкцыя такіх аб'ектаў павінна адбывацца без зменаў выгляду помнікаў. Але ў Віцебску гэтае патрабаванне парушаецца. Шматлікія асаблівасці цаглянай кладкі, пра якія казаў архітэктар Аляксандр Міхайлюк, ужо не відаць пад сучаснай тынкоўкай, фарбай і штучнымі накладнымі ліштвамі.