19 сакавiка 2024, aўторак, 12:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія нечаканкі для працаўнікоў рыхтуе новы Працоўны кодэкс?

49
Якія нечаканкі для працаўнікоў рыхтуе новы Працоўны кодэкс?

Пры яго напісанні арыентаваліся на скандальныя дэкрэты Лукашэнкі.

У Беларусі нядаўна былі прынятыя папраўкі ў Працоўны кодэкс: змены ўхвалілі ў абедзвюх «палатках» і адправілі на подпіс Лукашэнку.

Што зменіцца ў працоўных адносінах пасля таго, як новы кодэкс пачне дзеянне? На пытанні Charter97.org адказвае юрыст, прававы інспектар прафесійнага звязу РЭП у Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.

– Падчас абмеркавання новага Працоўнага кодэкса гаварылася пра неабходнасць узгадніць яго з дэкрэтамі Лукашэнкі №29 і №5 (аб працоўнай дысцыпліне і аб патрабаванні да кіроўных кадраў). Як Вы ацэньваеце гэтыя дэкрэты і тое, што пры прыняцці паправак арыентаваліся на іх нормы?

– З'яўляючыся спецыялістам у галіне працоўнага права, хачу адзначыць, што не нормы часовых «прэзідэнцкіх» дэкрэтаў трэба ўбудоўваць у базавы закон аб працы, а наадварот: часовыя дэкрэты трэба прымаць выключна ў рамках і на падставе нормаў Працоўнага кодэкса.

У нас, на жаль, усё адбываецца з дакладнасцю да наадварот.

Адсюль і сітуацыя, калі практычна ўсё эканамічна актыўнае насельніцтва краіны працуе ва ўмовах часовай занятасці паводле кароткатэрміновых працоўных кантрактаў, а напалоханы «ўзмацненнем патрабаванняў да кіроўных кадраў» дырэктарат нясе ўвесь цяжар адказнасці нават за тыя пастановы, якія ён часам не прымае.

Тут дастаткова ўспомніць лёс маладога кіраўніка Барысаўскага дрэваапрацоўчага завода, які пацярпеў за пастановы, якія ён не прымаў.

– У працоўнай групе падрыхтоўкі новага кодэкса быў толькі адзін юрыст. Асноўная маса «распрацоўнікаў» – дзяржчыноўнікі без юрыдычнай адукацыі. Як Вы гэта пракаментуеце?

– Я, уласна, не знаёмы з персаналам гэтай працоўнай групы і ўзроўнем яе кампетэнцый. Таму, як кажуць – без каментароў.

Разам з тым мяркую, што любыя папраўкі ў базавы закон аб працы павінны распрацоўваць спецыялісты, якія маюць у першую чаргу і юрыдычную адукацыю, і практычны досвед.

Такімі спецыялістамі маглі б з'яўляцца, напрыклад, прававыя і тэхнічныя інспектары розных прафзвязаў, якія валодаюць дастатковым узроўнем тэарэтычных і практычна навыкаў у галіне працоўных адносінаў. Калі мы гаворым пра «дэмакратычныя прынцыпы прымання пастановаў», то чаму ў працоўную групу не запрасілі ніводнага прадстаўніка незалежных прафзвязаў? Упэўнены, ім было б што сказаць і што параіць.

– Новы Працоўны кодэкс дае наймальнікам нашмат больш падставаў для звальнення супрацоўнікаў, і гэтыя нормы якраз узятыя з дэкрэтаў Лукашэнкі №29 і №5. Як Вы пракаментуеце тое, што дырэктарам прадпрыемстваў далі дадатковыя магчымасці для выстаўлення людзей на вуліцу?

– Скажу, што і дзейная рэдакцыя Працоўнага кодэкса ва ўмовах дэкрэта №29 дае практычна бязмежныя магчымасці кіраўнікам з дырэктарамі выставіць таго ці іншага не ўпадабанага супрацоўніка на вуліцу. Скончыўся, як гаворыцца, кантракт і без тлумачэння прычынаў – на выхад.

Мне вельмі часта даводзілася і даводзіцца слухаць у судах прадстаўнікоў працадаўцаў, якія на пытанне, хто вам даў права звальняць добрасумленнага супрацоўніка, ганарліва і ў той самы час цынічна адказваюць: «Дэкрэт Лукашэнкі мне даў гэтае права!»

Аднак і гэтых паўнамоцтваў некаму здалося мала! Прапануецца, напрыклад, папраўка, якая надавала працадаўцам права на звальненне супрацоўніка з сваёй ініцыятывы ў сувязі з «грубым, аднаразовым парушэннем выканальніцкай альбо працоўнай дысцыпліны».

Нагадаю, што дзейныя нормы Працоўнага кодэкса дапускаюць падобнае толькі ў выпадку сістэматычных парушэнняў. Гэта значыць, цяпер трэба мець парушэнне і дапусціць яго цягам года зноў. А заўтра будуць звальняць за разавае, няхай нават «грубае», парушэнне!

Як мне ўяўляецца, працоўнага чалавека хочуць паставіць у такую сітуацыю, каб ён і рота не адкрыў, не патрабаваў паляпшэння, напрыклад, умоваў сваёй працы, павышэння заробку і г.д. Пачнеш шукаць праўду – апынешся на вуліцы сам-насам са сваімі крэдытамі і статусам «працаздольны, не заняты ў эканоміцы».

Нагадаю, з 1 кастрычніка паводле дэкрэта Лукашэнкі №3 для асобаў, якія страцілі працу, акрамя гарачай вады даражэе ў 5,5 разоў газ і ацяпленне.

– Працоўны кодэкс замацоўвае створаную ў Беларусі пры Лукашэнку кантрактную сістэму: ёй прысвечаны асобны пункт. Як Вы ацэньваеце тое, што Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе і СНД, дзе з любым працаўніком можна заключыць кароткатэрміновы кантракт?

– Ацэньваю адмоўна. Мне сорамна, што ў маёй краіне, як я сказаў вышэй, усё эканамічна актыўнае насельніцтва краіны працуе ва ўмовах часовай занятасці.

Гэта не прыводзіць да стабільнасці працоўных стасункаў, працоўны чалавек пазбаўлены магчымасці доўгатэрмінова планаваць сваё жыццё, у тым ліку і пры развязанні такіх жыццёва важных пытанняў, як будаўніцтва жылля ў крэдыт, нараджэнне і вучоба дзяцей, удзел у палітычным і іншым жыцці краіны, павышэнне сваіх, урэшце, кампетэнцый.

Чалавек наёмнай працы не ўпэўнены ў заўтрашнім дні, што не можа не адбівацца на выніках і эфектыўнасці ягонай працы. Вось пра што трэба думаць дзяржаўным «мудрацам», калі яны сябе такімі ўважаюць, а не пра імгненную палітычную выгоду, заціскаючы дэкрэтамі чалавека працы ў абцугі.

Ва ўсім свеце агульным правілам з'яўляецца стандартная, сталая занятасць, тэрміновыя працоўныя кантракты заключаюцца як выключэнне, для вызначэння бонусаў – напрыклад, спартоўцу за вынікі гульні. Тэрміновыя кантракты ўжываюцца там, дзе немагчыма вызначыць сталую занятасць.

Ніхто ніколі мяне не пераканае ў справядлівасці заключэння тэрміновага кантракту, напрыклад, з прыбіральніцай. Пра гэта кажуць, у тым ліку, і канвенцыі МАП, удзельніцай якіх з'яўляецца і наша краіна.

– Што можна сказаць пра рэальнае стаўленне да працаўнікоў у Беларусі? Ці выконваюцца іх правы хоць бы ў тым аб'ёме, які прадугледжаны кодэксам і законамі? На чый бок становяцца дзяржорганы і афіцыйныя прафзвязы ў спрэчных сітуацыях?

– Вы мяне змушае прывесці свой канкрэтны прыклад.

Да 2006 года я працаваў юрыстам у гомельскай управе «Белтрансгаза» (цяпер «Газпрам»). Тады я пагадзіўся працаваць у камандзе альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты. Мой кіраўнік стаў раптам угаворваць мяне звольніцца з працы. А калі ён атрымаў катэгарычнае «не» – дачакаліся заканчэння працоўнага кантракту і звольнілі.

У выніку я з трыма няпоўнагадовымі сынамі апынуўся на вуліцы без сродкаў да існавання. Мая сям'я ў год звальнення страціла таксама і кватэру, якую будавала супрацоўнікам арганізацыя з выдачай карпаратыўнага льготнага крэдыту.

Будучы юрыстам, я не змог абараніць сваё права на працу нават у Вярхоўным судзе. Усюды мне ківалі: «Вы ж разумееце, дэкрэт Лукашэнкі».

А што афіцыйны прафзвяз, у якім я быў? Дапамог? Іх «дапамогі» хапіла толькі на тое, каб сфальсіфікаваць пасяджэнне прафкама, на якім прымалася пастанова пра згоду на маё звальненне. Гэты дакумент з'явіўся ўжо пасля таго, як яго запатрабаваў суд.

З таго часу я працую інспектарам працы ў незалежным прафзвязе і магу прывесці тысячы гісторый, калі людзі наёмнай працы станавіліся ахвярамі кантрактнай сістэмы найму на працу. Адзначаю: усюды афіцыйныя прафзвязы становяцца на бок наймальнікаў.

Успамінаю выпадак, калі ў адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў жанчыны запатрабавалі датэрміновага спынення працоўных кантрактаў у сувязі з грубымі парушэннямі з боку наймальніка ўмоваў працы. І што вы думаеце? Наймальніка праз даверанасць «прафзвязнай арганізацыі» ў суд з’явіўся абараняць «прафзвязны» юрыст...

І апошняе. У мінулым месяцы ўсе прафзвязы свету ўнеслі нашу краіну ў так званы чорны спіс. Міжнародная канфедэрацыя мяркуе, што ў Беларусі працоўным не гарантуецца захаванне іх правоў, а ўлады прадаўжаюць рэпрэсаваць незалежныя прафзвязы, пераследуючы і прыгаворваючы прафзвязных лідараў паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках