1 верасня 2026, aўторак, 0:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Украіна перамагае Расею на парламенцкіх выбарах

8
Bloomberg: Украіна перамагае Расею на парламенцкіх выбарах

Расейскія спробы замацавацца ва Украіне церпяць няўдачу.

Спробы Расеі паўплываць на выбары ў суседняй Украіне, якія адбудуцца ў ліпені (пазачарговыя выбары ў Вярхоўную раду Украіны IX склікання прызначаны ўказам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага на 21 ліпеня 2019 года, - заўв. рэд.), не дасягаюць асаблівага поспеху, піша Bloomberg, ( пераклад - inosmi.ru).

Пасля таго, як пратэстоўцы ў 2014 годзе зрынулі ў Кіеве прарасейскага кіраўніка Украіны, а Уладзімір Пуцін анексаваў Крым і распачаў вайну на ўсходзе, дачыненне да якой ён дагэтуль адмаўляе, стасункі паміж былымі хаўруснікамі знаходзяцца ў крайнім заняпадзе. Украіна імкнецца да інтэграцыі з Захадам, а Расея ўсяляк перашкаджае гэтым намаганням.

Стварэнне больш трывалай апоры ва ўкраінскім парламенце дапамагло б дасягненню гэтай мэты. І звязаны з Крамлём бізнэсовец ужо перабудаваў дружалюбную ў адносінах да Расеі партыю «Апазіцыйная платформа» напярэдадні галасавання, якое адбудзецца 21 ліпеня.

Мясцовы магнат Віктар Медведчук, чыя дачка ўважае Пуціна сваім хросным бацькам, дапамагае ў гэтай справе. На мінулым тыдні ён дамовіўся пра абмен палоннымі. А яшчэ ён абяцае знізіць кошты на энэргарэсурсы.

Але ўсе гэтыя спробы церпяць няўдачу. Узровень падтрымкі палітычных сілаў, якія сімпатызуюць Расеі, застаецца амаль без змен у параўнанні з 2014 годам, калі ва Украіне пачалося другая за дзесяцігоддзе праеўрапейская рэвалюцыя.

Страта ўплыву

Незадаволенасць карупцыяй пайшла на карысць тэлевізійнаму коміку Уладзіміру Зяленскаму, які гэтай вясной быў абраны на пасаду прэзідэнта. Яго партыя, якая абяцае працягнуць празаходні курс, стала нястрымным фаварытам напярэдадні парламенцкіх выбараў.

«Мэта Расеі простая: аднавіць уладу і ўплыў праз сваіх стаўленікаў. Але дамагчыся гэтага вельмі складана, - сказаў у інтэрв'ю па тэлефоне дырэктар кіеўскага цэнтра палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімір Фясенка. - Яны хочуць стварыць «авангард» у парламенце і пашырыць там сваю прысутнасць».

Пуцін спрабуе аказаць ціск на Зяленскага, у якога няма палітычнага досведу. Пасля абрання Зяленскага Расея пачала выдаваць свае пашпарты жыхарам усходняй Украіны, дзе ідуць баявыя дзеянні, і гэтая ініцыятыва перашкодзіць яму ўрэгуляваць канфлікт.

Між тым, адзін з паплечнікаў Медведчука купіў нацыянальны тэлеканал, што можа абярнуцца ўзмацненнем інфармацыйнай вайны.

Цесныя сямейныя, культурныя і моўныя сувязі азначаюць, што ва Украіне заўсёды будзе электарат, які падтрымлівае пракрамлёўскіх палітыкаў.

«У мяне шмат сваякоў у Расеі, і мне не падабаецца, што ўкраінскія кіраўнікі спрабуюць зрабіць з нас ворагаў», - сказала 35-гадовая кіяўлянка Марына, якая чакае дзіця.

Але ў многіх зусім іншыя настроі. У траўні-чэрвені група «Рэйтынг» правяла апытанне, якое паказала, што дзве траціны ўкраінцаў па-ранейшаму ўважаюць Расею агрэсарам, і толькі чвэрць кажа прама супрацьлеглае.

Паколькі выбарцы Крыма і жыхары ў зоне канфлікту не могуць галасаваць, а большасць грамадзян краіны ўсё больш падтрымліваюць доўгатэрміновыя мэты Украіны па ўступленні ў ЕЗ і NATO, ступень падтрымкі прарасейскіх партый наўрад ці сур'ёзна вырасце.

«За гэтую палітычную сілу будуць галасаваць людзі з гісторыяй і з палітычнай лаяльнасцю, - сказаў аналітык з кіеўскага Цэнтра Разумкова Юрый Якіменка. - Для іх не важныя новыя асобы, у той час як сярод іншых выбарцаў попыт на новыя асобы вельмі высокі».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках