19 лiпеня 2019, Пятніца, 22:41
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

«Свята» патрабавала ахвяр

30

Калі душа патрабуе свята, то лічыць грошы становіцца непрыстойным.

«Усе гэтыя зацяжныя святы нагадваюць запой. А цвярозая раніца неўзабаве надыдзе, толькі пахмяліцца няма чым».

З каментароў у сацыяльных сетках

У Беларусь прыйшла цэлая чарада святаў. Не паспелі скончыцца II Еўрапейскія гульні, як прыйшоў «Дзень незалежнасці» з абавязковым парадам і салютам.

І тут жа эстафета перайшла да роднай вёскі А. Лукашэнкі Александрыі, дзе дыктатар наважыў чарговым разам правесці грандыёзнае свята Купалле, якое расцягнулася на цэлых два дні — 6-7 ліпеня. Хоць адна вёска ў Беларусі квітнее! На чарзе традыцыйны «Славянскі базар» у Віцебску.

Увогуле, народ гуляе. З песнямі і скокамі. Бясконцая «Ода да радасці» Бетховена. І чым горшыя справы ў краіне, тым гучнейшая музыка грае. Такая своеасаблівая замяшчальная тэрапія.

Але важна звярнуць увагу, што ўлада робіць свята для народа, не занадта заклапаціўшыся, ці хоча яго сам народ. Сэнс бясконцага святкавання палягае не толькі ў тым, каб адцягнуць людзей ад паўсядзённых жыццёвых нягод. Такія маштабныя мерапрыемствы, як Еўрапейскія гульні, парад, салют закліканыя дэманстраваць веліч дзяржавы, а значыць, улады, перад якой народ павінен трапятаць. У выніку чаго кіроўныя колы павінны атрымаць палітычныя дывідэнды.

Але калі душа патрабуе свята, то лічыць грошы становіцца непрыстойным. Раз пайшла такая п'янка, рэж апошні агурок.

Калі вяртацца да Еўрапейскіх гульняў, то спартовыя мерапрыемствы такога маштабу заўсёды стратныя. У свой час А. Лукашэнка казаў, што гульні будуць каштаваць дзесьці $50 мільёнаў. Але пасля міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч агучыў іншыя лічбы. На гульні пайшло 540 мільёнаў беларускіх рублёў, у тым ліку з бюджэту — 266 млн рублёў, 274 млн - спонсарская дапамога, сродкі ад рэалізацыі квіткоў, а таксама крэдыты.

Колькі пайшло грошай на парад, Купалле і «Славянскі базар», улады не паведамляюць. Навошта траўмаваць шаноўную публіку? На гэтым фоне інфармацыя аб тым, што ў аўтапарку Лукашэнкі з'явіўся новы бронелімузін (Mercedes-Maybach Pullman Guard) за 1,4 мільёна еўра, на якім А. Лукашэнка з'явіўся на Еўрапейскіх гульнях, не павінна выклікаць здзіўлення. Паводле старой беларускай традыцыі, свята трэба сустракаць у абноўцы. У сувязі з гэтым сацыяльная рэклама, якая заклікае беларусаў добрасумленна плаціць падаткі, гучыць неяк вельмі двухсэнсоўна.

У тым жа сэнсавым шэрагу, г. зн., у парадыгме дачыненняў паміж уладай і грамадствам можна разглядаць дыскусію вакол «закона аб адтэрміноўцы» службы ў войску, якая разгарэлася апошнім часам у СМІ. А. Лукашэнка ў сваім выступе на ўрачыстым сходзе да «Дня незалежнасці» абрынуўся з крытыкай на тых, хто аспрэчвае гэты закон у «нашай вялікай сметніцы», гэта значыць, у Інтэрнэце. Маўляў, як гэта хтосьці смее крытыкаваць вышэйшую дзяржаўную мудрасць.

Але каб свядома выконваць грамадзянскі абавязак у выглядзе службы ва Узброеных сілах, у краіне павінны быць грамадзяне, а не дзяржаўныя падданыя, якіх трэба заганяць у войска пагрозамі рэпрэсій. Грамадзяне павінны мець магчымасць уплываць на прыняцце палітычных пастаноў, у тым ліку на згаданы закон.

Другі момант. Патрэбен грамадзянскі кантроль за войскам, яно не павінна быць падобным на турму, дзе ад безвыходнасці жаўнеры ўчыняюць суіцыд. На вайсковую службу неабходна прыцягваць стымуламі і льготамі, а не толькі страхам пакарання.

І, нарэшце, трэба вярнуць тэрміну «патрыятызм» яго беларускую аснову. Дарэчы, культ Вялікай Айчыннай вайны ў тым выглядзе, як ён інтэрпрэтуецца на афіцыйным узроўні, фармуе, хутчэй, савецкі патрыятызм, а не беларускі. Ці, напрыклад, чыіх патрыётаў рыхтуе сувораўскае вучылішча? Прызыўнікі ў войска павінны разумець, што яны будуць абараняць Радзіму, а не нейкую міфічную Саюзную дзяржаву (нагадаю, Беларусь і Расея абмяркоўваюць Вайсковую дактрыну Саюзнай дзяржавы).

На жаль, святкаванне «дня незалежнасці» скончылася трагічна. Падчас салюту загінула жанчына і пацярпелі не менш за 10 чалавек. СМІ ўжо ахрысцілі гэтую драму «крывавым салютам». З аднаго боку, гэта можна ўважаць за выпадковасць, аварыі адбываюцца ва ўсіх краінах. Але, з іншага боку, мілітарысцкія дэманстрацыі ў цэнтры двухмільённага горада непазбежна цягнуць за сабой рызыкі і пагрозы. Сам салют можна ўважаць за складовую частку парада, і той, і іншы арганізоўвала Міністэрства абароны.

Прычым, як інфармуюць сацыяльныя сеткі, гэта далёка не першае такое здарэнне. Невялікія інцыдэнты падчас салюту былі ў 2012 годзе, у 2013 годзе (паранены жаўнер нават трапіў у шпіталь), у 2017-м.

Як цяпер высвятляецца, падрыхтоўка да салюту адбывалася з масай парушэнняў. Міністэрства абароны ўжо дзесяць гадоў купляе феерверкі ў расейскай фірмы-вытворцы без усялякага тэндэру. Паводле інфармацыі вельмі дасведчанага блогера NEXTA, калі пачалі зараджаць пускавыя ўстаноўкі, выявілася, што зарады калібру 195 мм у марціры проста не залазяць. У гэты момант трэба было скасаваць салют. Але палітычнае кіраўніцтва хацела свята, таму вайскоўцы пагрэбавалі тэхнікай бяспекі. Падчас зарадкі прыбылі расейскія спецыялісты і вызначылі проста абрэзаць абалонку з саміх зарадаў і ўжо такім чынам запіхваць іх у марціры! Свята патрабавала ахвяр. І яны здарыліся.

Шмат у каго выклікаў абурэнне той факт, што на наступныя дні пасля трагічнага здарэння дзяржаўныя СМІ першай і галоўнай навіной абвяшчалі ўрачыстасці з нагоды свята, парад, салют. І толькі потым, на другім плане паведамлялася аб загінулай жанчыне. Але такі падыход цалкам выцякае з афіцыйнага ідэалагічнага канцэпту прыярытэту інтарэсаў дзяржавы перад правамі чалавека. Парад - гэта дэманстрацыя моцы дзяржавы, на фоне якога лёс, жыццё асобнага грамадзяніна адступае ў бок. Дарэчы, на такой афіцыйнай ідэалагеме грунтуецца культ Вялікай Айчыннай вайны. Маўляў, не будзем гаварыць аб ахвярах, трагедыі, галоўнае - гэта перамога СССР, гераізм народа. Хто думае не так, тыя, са слоў А. Лукашэнкі, належаць да «дэструктыўных сіл», якія імкнуцца перапісаць гісторыю. Таму «мы за цаной не пастаім», «лес сякуць - трэскі ляцяць».

Вельмі знамянальна і тое, што падзею, якую абмяркоўвае, прынамсі, увесь Менск, пакуль ніяк не пракаментаваў А. Лукашэнка. Ён выказаў шкадаванне з нагоды паводкі ў Расеі, а сям'і ахвяры салюту ў Менску не паспачуваў. Такое цяжка ўявіць у дэмакратычнай краіне. Але апошнім часам — гэта звыклая схема паводзінаў кіраўніка Беларусі ў непрыемнай сітуацыі. Ён доўга маўчаў пасля крыжалома ў Курапатах, пасля «цыганскага пагрому» ў Магілёве, чакаючы, пакуль схлыне негатыўная рэакцыя, стане больш зразумелым адмоўны эфект падзеі.

І яшчэ. На фоне такой драматычнай падзеі было б лагічна, хоць бы да заканчэння расследавання спыніць усе салюты ў краіне, пакуль не стануць цалкам зразумелыя прычыны выбуху салютных установак. Але не. Падчас традыцыйнага купальскага фэсту ў Александрыі святочны феерверк прайшоў згодна са сцэнаром. Улада не заўважыла трагедыі ў Менску. Ды і навошта псаваць свята на радзіме Лукашэнкі.

Валерый Карбалевіч, «Свободные новости»