27 красавiка 2024, Субота, 6:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Economist: Як краіны Балтыі зрываюць спецслужбам РФ паўтарэнне «ўкраінскага сцэнара»

4
The Economist: Як краіны Балтыі зрываюць спецслужбам РФ паўтарэнне «ўкраінскага сцэнара»

Апошнім часам прапагандысцкі рупар Крамля нацэліўся на краіны Балтыі.

Расейскія спэцслужбы актывізавалі дзейнасць у краінах Балтыі. Як Літва, Латвія і Эстонія супрацьстаяць замежнаму ўплыву, каб «не паўтарыць досвед Украіны», піша The Economist (пераклад – «Новы час»).

Украіна не змагла абараніцца ад расейскага ўплыву на сваёй тэрыторыі. Але гэта дапамагло краінам Балтыі засвоіць важны ўрок – цяпер яны робяць усё магчымае, каб вызначыць свае слабыя бакі і пазбегнуць памылак Украіны, адзначае аўтарытэтнае выданне ў матэрыяле How the Baltic states spot the Kremlin's agents.

З 2014 года абарончыя захады балтыйскіх краінаў, якія з'яўляюцца чальцамі NATO, павялічыліся ў дзесяць разоў, паведаміў экс-супрацоўнік Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы Аўрымас Навіс. Першапрычынай гэтага паслужыла акупацыя Расеяй украінскага Крыму і падтрымка пракрамлёўскіх баевікоў на Данбасе.

Расея ажыццявіла гэта з дапамогай прыхільнікаў Крамля і сваёй палітыкі ва Украіне, мяркуе Навіс. Многія з іх былі завербаваныя расейскімі спецслужбамі і наўмысна перашкаджалі своечасовай рэакцыі Украіны на захоп яе тэрыторый. Асабліва вялікую шкоду прынеслі прыхільнікі Крамля ў абарончай сферы Украіны.

Так, 25 лютага 2019 года праз падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе быў арыштаваны былы кіраўнік Генеральнага штаба УСУ Уладзімір Замана. Паводле словаў кіраўніка ГПУ Юрыя Луцэнкі, у перыяд 2012–2014 гадоў Замана асабіста скараціў склад УСУ больш, чым меркавалася законам, рыхтуючы такім чынам акупацыю Расеяй украінскіх тэрыторый. 24 траўня 2019 года Апеляцыйны суд Кіева часткова задаволіў апеляцыйныя скаргі, накіраваныя абаронай падазраванага, і вызваліў Заману з-пад варты.

У апошні час прапагандысцкі рупар Крамля нацэліўся і на краіны Балтыі. Як сцвярджае расейская прапаганда, за савецкім часам часткі Літвы былі падарункамі ад Масквы і таму «правамоцна належаць Расеі». Менавіта так Расея абгрунтавала незаконную анэксію ўкраінскага Крыму.

Каб перашкодзіць кампаніі дэстабілізацыі, якую можа пачаць РФ, балтыйскія краіны плануюць вызначыць уразлівыя да падобных мэсэджаў катэгорыі насельніцтва – вядуцца пошукі людзей, якія маюць дачыненне да «дзеянняў расейскага ўплыву», а таксама «заснулыя ячэйкі», якія могуць быць актываваныя з Масквы.

Большасць падазраваных, вызначаных літоўскімі службамі бяспекі ў рамках гэтых намаганняў, класіфікуюцца як прыхільнікі Крамля. Людзі з гэтай катэгорыі таксама былі заўважаныя ў распаўсюдзе фэйкавай інфармацыі. Меншая колькасць падазраваных была вызначаная ў іншую катэгорыю – патэнцыйных выканаўцаў. Чыноўнікі асцерагаюцца, што гэтыя людзі могуць распачаць больш катэгарычныя дзеянні, магчыма, арганізаваўшы беспарадкі, каб дыскрэдытаваць дэмакратычны ўрад.

Людзі з гэтых катэгорый выкарыстоўваюць атрыбутыку, якая сведчыць пра іх сімпатыі да Крамля, – вайсковыя сімвалы РФ, малюнкі Уладзіміра Пуціна, твіты, татуяванні і нават прычоскі. Нават падлік паведамленняў пра пракрамлёўскія беспарадкі можа выявіць новы важны патэрн, кажа аналітык Міністэрства абароны Літвы Томас Сепоніс. Ён з'яўляецца часткай каманды, якая фіксуе месцазнаходжанне і іншыя характарыстыкі пракрамлёўскіх або антынатаўскіх дэманстрацый, уключаючы графіці і вандалізм.

Паводле апытанняў, толькі нешматлікія жыхары краінаў Балтыі мяркуюць, што пры расейскіх уладах жыццё будзе лепшым. Расея, аднак, выкарыстоўвае свой уплыў, каб вербаваць замежных грамадзянаў. І не абавязкова адданых прыхільнікаў. Напрыклад, на ўсходзе Украіны ГРУ РФ прапанавала кіраўнікам крымінальных груповак пасады ў акупацыйнай адміністрацыі ў абмен на дапамогу ў рэалізацыі «ўкраінскага сцэнара».

У краінах Балтыі, у сваю чаргу, Расея праводзіць шпіёнскую дзейнасць праз мясцовыя няўрадавыя арганізацыі і Сацыялістычны народны фронт – левую палітычную партыю Літвы, былы лідар якой у 2018 годзе быў арыштаваны паводле абвінавачвання ў шпіянажы на карысць Расеі.

Паводле інфармацыі выдання, расейскія агенты часта дзейнічаюць праз кантрабандыстаў, якія возяць з Расеі і Беларусі цыгарэты і бензін. Спецслужбы РФ прапаноўваюць ім грошы ў абмен на дапамогу. Віцэ-міністр абароны Літвы Эдвінас Керза паведаміў, што ягоная краіна старанна працуе над выяўленнем літоўцаў, задзейнічаных у гэтай сферы. Паводле ягоных словаў, больш за ўсё турбуюць тыя грамадзяне, якія маюць доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі дзякуючы працы ва ўрадзе. Каб пазбегнуць выцечкі звестак, Літва правярае прэтэндэнтаў на дзяржаўную працу на наяўнасць сваякоў у РФ.

Існуюць асцярогі, што пошук расейскай «пятай калоны» ў краінах Балтыі можа зайсці занадта далёка. Для больш эфектыўнай працы ў Вільні рыхтуецца новы выведвальны цэнтр, які пачне працу ў канцы 2019 года. Выведвальная ячэйка спецназа Балтыйскіх сілаў з'яўляецца ініцыятывай Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы, заснаваная з дапамогай ЗША.

Калі Расея ўварвецца ў Прыбалтыку, мясцовыя прыхільнікі Крамля, несумненна, могуць перашкодзіць дзеянням у адказ. Аднак з большай верагоднасцю Расея актывізуе намаганні для распальвання рознагалосся і падрыву даверу да дэмакратыі ў балтыйскіх краінах з дапамогай сваіх хаўруснікаў, сцвярджае былы кіраўнік NATO Андэрс Фог Расмусэн.

З гэтай нагоды многія прыбалтыйскія чыноўнікі выказваюць асцярожны аптымізм. Як сцвярджае The Economist, у Балтыйскім рэгіёне менш даверу да крамлёўскай рыторыкі пра «загнілы Захад», чым на ўсходзе Украіны. І нават на Данбасе Расея настолькі непапулярная, што да гэтага часу не змагла забяспечыць кантроль над сухапутным калідорам у Крым.

Крамлёўскія прапагандысты не заўсёды перамагаюць.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках