27 красавiка 2024, Субота, 2:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуціна ў Фінляндыі павязуць у крэпасць, пабудаваную для барацьбы з расейскай пагрозай

6
Пуціна ў Фінляндыі павязуць у крэпасць, пабудаваную для барацьбы з расейскай пагрозай

Фінскі прэзідэнт відавочна на нешта намякае.

Гісторыя Суаменліны, або Свеаборга, - канцэнтрацыя палітыкі вялікіх дзяржаў, кажа прафесарка еўрапейскай гісторыі Лаўра Колбе.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін прыбудзе ў Фінляндыю з візітам у сераду, 21 жніўня. Пуціна прыме прэзідэнт Саўлі Нійнісцё.

Паведамляецца, што пасля правядзення афіцыйных перамоў у Прэзідэнцкім палацы адбудзецца абед у Суаменліне, піша Helsingin Sanomat (пераклад - inosmi.ru).

Чаму ў Суаменліне? Ці мае выбар аб'екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў якасці месца для абеду прэзідэнтаў асаблівае значэнне?

«Суаменліна - сапраўды сур'ёзны знак. Гэта зусім не забытая ўсімі вайсковая вёска», - кажа Лаўра Колбе (Laura Kolbe), прафесарка гісторыі Еўропы ў Хельсінкскім універсітэце.

Суаменліна блізу Хельсінкі - марская крэпасць. Яе пачалі ўзводзіць у перыяд шведскага панавання ў 1748 годзе. Яна была створаная для абароны Швецыі ад Расеі.

«У Суаменліне захоўваюцца аспекты шведскай, расейскай і фінскай нацыянальнай гісторыі. Гэта сапраўды вайсковае і палітычнае месца».

Крэпасці была дадзеная назва «Свеаборг» («Шведская крэпасць», шв.), якую пераўтварылі ў фінскую «Віапоры». Яна выконвала немалую ролю ў Расейска-шведскай вайне 1808-1809 гадоў.

Крэпасць Віапоры здалася расейцам у траўні 1808 года. У наступным годзе Фінляндыя зрабілася княствам, падкантрольным Расейскай імперыі. Віапоры ператварылася ў расейскі вайсковы аб'ект.

Пра змену ўлады сведчыла і праваслаўная царква, якая з'явілася на тэрыторыі крэпасці.

На думку Колбе, гісторыя Суаменліны, або Свеаборга, - канцэнтрацыя палітыкі вялікіх дзяржаў.

«Калі задумацца пра геапалітычную гісторыю рэгіёну Балтыйскага мора, то сталіцы Хельсінкі і Санкт-Пецярбург былі народжаныя, каб стаць сцэнай барацьбы за ўладу і дзяржаўнасць».

Пасля рэвалюцыі ў Расеі і здабыцця Фінляндыяй незалежнасці Віапоры адышла Фінляндыі. Крэпасць атрымала назву «Суаменліна» («Фінская крэпасць», фін.). Царкву зрабілі лютэранскай, цыбульныя купалы разбурылі, але ўнутраная структура праваслаўнай царквы прыкметная дагэтуль.

Да поўдня 15 жніўня канцылярыя прэзідэнта Фінляндыі яшчэ не адказала на пытанне пра наведванне прэзідэнтамі Суаменліны.

Перад вячэрай Нійнісцё і Пуцін сустрэнуцца ў Прэзідэнцкім палацы. Паводле прэс-рэлізу канцылярыі, акрамя двухбаковых стасункаў Фінляндыі і Расеі, будуць абмяркоўвацца «рэгіянальныя і міжнародныя пытанні».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках