19 сакавiка 2024, aўторак, 6:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы інспектар распавёў праўду пра тое, што адбываецца ў ДАІ

47
Былы інспектар распавёў праўду пра тое, што адбываецца ў ДАІ

Служба ў ДАІ падпарадкаваная дзіўным правілам.

Затрымаў і аштрафаваў грамадзян менш, чым напісалі ў плане - пойдзеш на вуліцу. Былы аўтаінспектар судзіцца з працадаўцам за перапрацоўкі і загады выконваць абсурдныя паказчыкі, паведамляе «Белсат».

Навошта ДАІ прымушае інспектараў зарабляць грошы?

Прэмій за перапрацоўку не дамо, выходных таксама, і ўвогуле «стойка пераносьце ўсе цяжкасці і нягоды, звязаныя са службаю»: так начальства адказала на скаргі міліцыянта Міхаіла Хацкевіча.

«У начальства размова кароткая: «Ты даваў прысягу. Ты прыйшоў служыць ці ты прыйшоў сюды прасіць кампенсацыі ды выходныя?» – распавядае былы міліцыянт Міхаіл Хацкевіч.

Па тры выходныя штомесяц былы работнік Менскай ДАІ праводзіў на працы, каб выканаць зацверджаны начальствам план адносна штрафаў. П’яных кіроўцаў ён павінен быў злавіць не менш за 16. Не выканаеш плану – будзеш наганяць у наступным месяцы.

«Мая мэта – прадэманстраваць дзейным працаўнікам міліцыі, што не трэба баяцца весці дыялог з начальствам. Неабходна патрабаваць і змагацца за свае правы, якія парушаюцца вельмі сурʼёзным чынам», – кажа былы міліцыянт Міхаіл Хацкевіч.

З міліцыі Міхаіл звольніўся два гады таму. Грошы за звыштэрміновую працу з ГУУС Менскага гарвыканкаму ён спаганяе праз суд. Міхаіл Хацкевіч не першы міліцыянт, які скардзіцца на планы ў раскрыцці парушэнняў. Сыходзіць з працы без выпісанай нормы штрафаў за хуліганства і распіванне алкаголю забаранялі ў Крычаўскім РАУС. Пра гэта пазалетась заявілі падпалкоўнік Ігар Вусік і лейтэнант Андрэй Шашкоў.

Алег Волчак, Прававая дапамога насельніцтву:

«Вядома, гэта адкрытае парушэнне закону – абавязваць работніка міліцыі спецыяльна лавіць грамадзян, прымушаць прыцягваць іх да адказнасці. Гэта перавышэнне ўлады! За гэта прадугледжаная крымінальная адказнасць».

Пасля звароту да журналістаў, крычаўскіх міліцыянтаў, якія заявілі пра паборы ды планы штрафаў, звольнілі. Алег Волчак, Прававая дапамога насельніцтву:

«Заўтра, калі звольніцца былы работнік падаткавай, ён скажа, што ў падаткавай тое самае. Пажарнікаў таксама прымушаюць. Гэта карумпаваная сістэма! Гэта карупцыя! Спецыяльна робяць з беларусаў чатыры мільёны адміністратыўных правапарушальнікаў! Гэта найвышэйшы пілатаж улады. А мэта – папаўненне бюджэту».

Сёння ў беларускі бюджэт заклалі ў амаль 10 разоў больш паступленняў ад штрафаў, чымся дзесяцігоддзе таму.

Паступленні ў бюджэт ад штрафаў:

2019 – 62,3 $ млн

2016 – 63,9 $ млн

2014 – 74,9 $ млн

2012 – 6,6 $ млн

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Калі скасаваць тыя планы ў зараблянні грошай, якія навязваюцца чыноўнікам, міліцыянтам, настаўнікам, то ў кароткатэрміновай перспектыве знізяцца даходы бюджэту. Але калі дзякуючы гэтаму яны будуць лепш выконваць сваю працу, то ад гэтага стане лепш бізнэсу».

І не толькі бізнэсу. «У людзей складваецца ўражанне, што работнікаў праваахоўных органаў цікавіць не жыццё чалавека, а лічбы і рэйтынгі», – заявіў на сённяшняй нарадзе з міліцыянтамі і следчымі Аляксандр Лукашэнка. Атрымліваецца, планаваю сістэмай абурыўся нават той, хто яе стварыў.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках