19 красавiка 2024, Пятніца, 18:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошт нафты апусціўся ніжэй закладзенага ў расейскі бюджэт

Кошт нафты апусціўся ніжэй закладзенага ў расейскі бюджэт

Як гэта адаб'ецца на эканоміцы Расеі?

Сусветны гатунак нафты Brent за апошні месяц патаннеў на 6,8% і прадаецца ў аўторак, 20 жніўня, ніжэй за $60 за барэль. У той жа час расейскі рубель аслабеў на 5,2%, да 66,5 руб. за даляр, паказваюць звесткі тэрмінала Bloomberg на вечар 20 жніўня. У адрозненне ад звышаптымістычнай для расейскага бюджэту сітуацыі гадавой даўнасці, гэтым разам рублёвы кошт нафты апусціўся ніжэй за прагнозны кошт, закладзены ў бюджэце, - значыць, казна атрымае менш звышпрыбыткаў, паведамляе РБК.

Ужо на працягу месяца кошт расейскай нафты Urals вагаецца на ўзроўні ніжэйшым за закладзены ў бюджэт, паказалі разлікі РБК на аснове нафтавых каціровак, пададзеных цэнавым агенцтвам Argus. З ягоных звестак, 19 жніўня барэль Urals каштаваў крыху больш за 3900 руб. Каціроўкі Brent і Urals за апошні месяц у сярэднім практычна аднолькавыя.

Федэральны бюджэт звярстаны, зыходзячы з кошту расейскай нафты на ўзроўні 4127 руб. за барэль. Ніжэй за яго кошт апусціўся 16 ліпеня і з тых часоў не дасягаў закладзенай у бюджэце адзнакі.

Згодна з федэральным бюджэтам на 2019 г., сярэднегадавы кошт нафты складзе $63,4 за барэль. Прагноз сярэднегадавога курсу даляра пасля ліпеньскіх паправак быў зменены на 65,1 руб. замест папярэдняга значэння ў 63,9 руб.

Падзенне коштаў нафты некрытычна для выдаткаў, але зніжае звышпрыбыткі

Каб выйсці на сярэднегадавы $63,4, закладзены ў бюджэце, нафта за тыя месяцы, што засталіся, павінна каштаваць у сярэднім $60,7 за барэль, падлічыў экспэрт групы даследаванняў і прагназавання АКРА Дзмітрый Кулікоў. Але, паводле базавых прагнозаў АКРА, сярэднегадавы кошт складзе $61-62 і, адпаведна, за рэшту года можна чакаць сярэдняга кошту $55-57 за барэль. «Такое падзенне магчыма ў сцэнары, дзе ўвядзенне трубаправодных магутнасцяў у ЗША значна ўплывае на кан'юнктуру рынку», - растлумачыў Кулікоў.

Нафтавыя каціроўкі ў рублях ўжо падалі сёлета ніжэй закладзенага ў бюджэт кошту - у студзені і чэрвені, адзначыў Кулікоў. Аднак ваганні не крытычныя для бюджэту, гранічныя выдаткі якога складзены зыходзячы з кошту $41,6 за барэль. На даходы ад нафты звыш гэтага ўзроўню Мінфін, згодна з бюджэтным правілам, закупляе валюту для папаўнення рэзервовых фондаў. І, на вялікі рахунак, пакуль нафтавыя кошты не ўпалі ніжэй базавага кошту ў $41,6, прамая рэакцыя федэральнага бюджэту на ваганні Urals складаецца толькі ў змене аб'ёму закупак замежнай валюты, дадаў Кулікоў.

Бюджэтнае правіла «ратуе» ад любых ваганняў кошту нафты, адзначае кіраўніца кірунку фіскальнай палітыкі Эканамічнай экспэртнай групы Аляксандра Сусліна. «Зніжэнне нафтавых коштаў не адаб'ецца на выдатках бюджэту, але прафіцыт будзе меншым», - патлумачыла Сусліна. Акрамя таго, калі зніжэнне коштаў нафты кароткачасовае, гэта нязначна ўплывае на сярэднегадавы кошт, які важны для бюджэтных паказчыкаў. Таму скарачэнне прафіцыту ў такім выпадку будзе неістотным, заўважыла яна.

«Скажам, розніца ў сярэднім кошце ў $5 за барэль на рэшту года адпавядае прыкладна 200 млрд руб. розніцы ў пакупках замежнай валюты і, адпаведна, велічыні прафіцыту», - ацаніў Кулікоў.

Нафта і расейскі рубель

Згодна з ліпеньскімі папраўкамі, прафіцыт бюджэту у 2019 годзе павінен скласці крыху вышэй за 1,88 трлн рублёў. (1,7% ВУП).

Цэны нафты апасродкавана ўплываюць таксама і на ненафтагазавыя даходы бюджэту. «Напрыклад, падаткі на прыбытак кампаній, так ці інакш звязаных з нафтагазавай галіной. Але па велічыні гэты эфект істотна меншы за прамы і адкладзены па часе на чатыры-пяць месяцаў, гэта значыць адаб'ецца на бюджэце ўжо наступнага года», - адзначыў Кулікоў.

«Раней была абсалютна выразная залежнасць: калі расла цана нафты, курс даляра падаў. І наадварот. Гэтыя два эфекты дзейнічалі рознанакіравана і збольшага кампенсавалі адзін аднаго. Цяпер, у тым ліку праз санкцыі, сітуацыя змянілася і рост коштаў нафты не прыводзіць да істотнага ўмацавання рубля. Бюджэт ад гэтага выйграе, бо атрымлівае дадатковыя даходы», - дадала Сусліна.

Але ў выпадку калі нафтавыя каціроўкі ўпадуць ніжэй за $50 за барэль, залежнасць рубля ад нафты рэзка ўзмоцніцца - перашкодзіць не зможа нават эфект бюджэтнага правілы, папярэдзілі ў жніўні экспэрты Ашчадбанка. Калі цана ўпадзе ніжэй за $50, рынкі задумаюцца, ці стануць Мінфін і ЦБ у адпаведнасці з бюджэтным правілам прадаваць валюту ў выпадку падзення кошту нафты ніжэй закладзенага ўзроўню ў бюджэт $41,6, напісалі экспэрты Sberbank CIB.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках